Што б гэта значыла: у беларускай уладзе ўсё больш «карэліцкіх» і «бялыніцкіх»

Ураджэнцы двух сціплых раёнаў пачынаюць адціскаць «мінскіх».
Уладзімір Макей. Фота: TUT.BY

Уладзімір Макей. Фота: TUT.BY

UDF.BY распавядае аб цікавай тэндэнцыі, якая намецілася ва ўладзе за апошні час.

«Карэліцкія»

Карэлічы — невялікі гарадскі пасёлак у Гродзенскай вобласці, на шляху з Мірскага замка ў Наваградак. Раён не можа пахваліцца ні прамысловасцю, ні эканамічнымі поспехамі, затое нейкім чынам яго ўраджэнцы ўсё часцей трапляюць у беларускі ўрад.

Так на мінулым тыдні міністрам сельскай гаспадаркі быў прызначаны Іван Крупко, які нарадзіўся ў вёсцы Бурдзевічы. Большая частка яго кар’еры прайшла ў суседнім Нясвіжскім раёне.

Іван Крупко. Фота: prictalica.by

Іван Крупко. Фота: prictalica.by

Крупко стаў чацвёртым (!) чыноўнікам у статусе міністра з ліку ўраджэнцаў Карэліцкага раёна. Самым дасведчаным з іх з’яўляецца, вядома, міністр замежных спраў Уладзімір Макей, які вырас у вёсцы Некрашэвічы.

Другім па дасведчанасці ідзе старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрый Сянько. Ураджэнец вёскі Даўгінава кіруе мытняй ужо больш за пяць гадоў.

Юрый Сянько падчас суботніка ў Карэліцкім раёне. Фота: customs.gov.by

Юрый Сянько падчас суботніка ў Карэліцкім раёне. Фота: customs.gov.by

Два гады таму міністрам лясной гаспадаркі быў прызначаны Віталь Дрожжа. Ён нарадзіўся ў гарадскім пасёлку Карэлічы — праўда, неўзабаве пераехаў з бацькамі ў Лагойск, дзе скончыў школу.

Фота: belta.by

Фота: belta.by

Ёсць у беларускай уладзе і яшчэ адзін высокапастаўлены чыноўнік, у якога павінны ўзнікаць эмоцыі пры згадванні Карэліцкага раёна. Гаворка пра былога першага віцэ-прэм’ера, а цяпер губернатара Мінскай вобласці Аляксандра Турчынава. Ён вырас у Наваградку, але ў 2004-2010 гадах працаваў у суседнім раёне, у Карэліцкім выканкаме.

«Бялыніцкія»

Калі даследаваць біяграфіі чыноўнікаў па месцы жыхарства, то здзіўляе прадстаўніцтва ва ўладзе яшчэ аднаго раёна — Бялыніцкага. Прычым можна сказаць, што выхадцы сціплага рэгіёну на Магілёўшчыне амаль захапілі кіраўніцтва эканамічным блокам у краіне.

У канцы мінулага года ўраджэнец пасёлка Бялынічы Дзмітрый Крутой быў павышаны да першага віцэ-прэм’ера.

Фота: belta.by

Фота: belta.by

У пачатку бягучага года намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта стаў Валерый Бельскі, які нарадзіўся ў вёсцы Дзявошычы. Ён курыруе эканамічныя пытанні.

Фота: belta.by

Фота: belta.by

Больш за тры гады старшынёй Дзяржпагранкамітэта працуе Анатоль Лапо, ураджэнец вёскі Кулакоўка.

Анатоль Лапо (у цэнтры) на суботніку ў Бялыніцкім раёне. Фота: gpk.gov.by

Анатоль Лапо (у цэнтры) на суботніку ў Бялыніцкім раёне. Фота: gpk.gov.by

«Мінскія»

Для параўнання пералічым чыноўнікаў, якія нарадзіліся ў сталіцы, самым буйным горадзе краіны, якія ў дадзены момант знаходзяцца на вяршыні ўлады. Іх пяцёра — усяго на аднаго больш, чым ураджэнцаў Карэліцкага раёна.
  • Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максім Рыжанкоў.
  • Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Вольга Чупрыс.
  • Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.
  • Міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка.
  • Міністр архітэктуры і будаўніцтва Дзмітрый Мікулёнак.
Увогуле, ва ўладзе больш за ўсё «мінскіх», «карэліцкіх» і «бялыніцкіх». Абласныя цэнтры прыкметна ім саступаюць па прадстаўніцтве.

Але цяжка западозрыць, што пры існым аўтарытарным рэжыме Аляксандра Лукашэнкі ва ўладзе ёсць нейкія кланы або зямляцтвы. Па ўсёй бачнасці, досыць шырокае прадстаўніцтва двух сціплых раёнаў — проста выпадковае супадзенне.

Паводле udf.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: