Што яны хацелі гэтым сказаць?

Увогуле, мы не думалі, што сістэма апамятаецца, і Знака з Калеснікавай апраўдаюць. Не для таго сістэма была створана. Аднак ці давёў нешта некаму гэты прысуд? Хутчэй, не.

Фота Reuters

Фота Reuters

Верагодна, гэты прамежкавы вынік (яшчэ ёсць магчымасць абскардзіць вырак у Вярхоўным судзе), на думку ўлады, павінен сведчыць аб непахіснасці і сіле. На самай справе, ён сведчыць аб слабасці і няўпэўненасці.

Па-першае, закрытасць працэсу. Маўляў, няма чаго пашыраць заклікі да звяржэння ўлады неканстытуцыйным шляхам, за якія судзяць Калеснікаву і Знака. Але ў тым і справа, што іх судзілі нібыта за публічныя заклікі ў СМІ і інтэрнэце — гэта значыць, за словы, якія былі сказаныя ўсім і ўголас. А калі яны ўжо прагучалі — чаго закрываць працэс? Калі ўладам няма чаго баяцца, калі Калеснікава і Знак сапраўды заклікалі да звяржэння ўлады гвалтоўным шляхам — хай бы даказалі гэта ў адкрытым працэсе.

Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам? Тым больш працэс трэба было адкрываць. Усё, што мы ведаем пра дзейнасць Знака і Калеснікавай — тое, што яны былі чальцамі Каардынацыйнай рады, мэты якой былі празрыстыя і ясныя: перамовы з уладай з мэтай урэгулявання палітычнага крызісу. Можа, чагосьці мы не ведаем? Чаму б пра гэта не распавесці?

Ну і, вядома, чароўны артыкул «стварэнне ці кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем». Пытанне: што гэта за фарміраванне? Каардынацыйная рада? Выбачайце, не было ў навінах такога, што яе прызналі экстрэмісцкай арганізацыяй. Прынамсі, ні ў Вікіпедыі, ні ў навінавых стужках я падобнага не знайшоў. Асобным яе чальцам закідаюць «экстрэмізм» — гэта так. А вось наконт Каардынацыйнай рады як «фарміравання» — такога я не бачыў.

Па-другое, сам па сабе доўгі тэрмін зусім не азначае сілу ўлады. Таму што моцная ўлада можа дазволіць сабе быць гуманнай да сваіх праціўнікаў і апанентаў. А на рэпрэсіі абапіраецца ўлада слабая і няўпэўненая.
Прычым, гэтая няўпэўненасць, на самай справе, прадзімае праз усе дзіркі. Хоць бы адзін раз на тыдзень мы чуем пра змовы, «падступны Захад», і, як выдатна называе гэта тэлеграм-канал «Лісты да дачкі», «вербальныя інтэрвенцыі ў беларускую стабільнасць». Рэжым, хоць і хоча выглядаць мачо-пераможцам, на самай справе дэманструе, што знаходзіцца ў рэжыме абложанай крэпасці. А ўсе «вербальныя інтэрвенцыі ў беларускую стабільнасць» кажуць пра адно — спробы пераканаць саміх сябе, што «ўсё добра». Гэткая спроба зрабіць салодка ў роце шматкроць паўтараючы слова «халва».

Канешне, вожыку зразумела, што Калеснікава і Знак, роўна як і Бабарыка, — буйныя фігуры ў магчымым будучым палітычным гандлі «вызваленне палітвязняў у абмен на зняцце санкцый». Дзеючая ўлада вельмі спрактыкавалася ў падобных экзэрсісах, гэта было апрабавана не раз. Але, падаецца, гэтая тактыка ўсё ж надакучыла «пакупнікам». Прычым, надакучыла не цяпер.

Мікалай Статкевіч, асуджаны за «Плошчу-2010» на шэсць гадоў 26 траўня 2011 года, выйшаў на волю праз чатыры з паловай гады — 22 жніўня 2015 года. Гэта быў самы працяглы тэрмін па тых падзеях. Але і пасля яго выхаду санкцыі яшчэ дзейнічалі, і былі прыпыненыя толькі пасля выбараў 2015 года.

Таму і не факт, што «буйныя фігуры» для гандлю ўвогуле спатрэбяцца. Пакуль не падобна, што Еўропа і ЗША збіраюцца гандляваць. Наадварот, прысуд Знаку і Калеснікавай быў агучаны ў дзень, калі міністры замежных спраў краін ЕС сабраліся для абмеркавання 5-га пакета санкцый адносна рэжыму. Адпаведна, у працэсе абмеркавання навін санкцыйны спіс, напэўна, папоўніўся парай-тройкай незапланаваных прозвішчаў.

Але каго ў гэтай сітуацыі сапраўды шкада — гэта суддзю Сяргея Епіхава, а таксама прадстаўнікоў абвінавачання і следчых, якія «спрацавалі» па Знаку і Калеснікавай. Але гэтае шкадаванне такое, з прымаўкай «самі вінаватыя».

Я дагэтуль не магу зразумець, на што разлічваюць людзі, якія займаюцца вось прама цяпер «палітычнымі» справамі. Яны сапраўды думаюць, што Лукашэнка вечны, або, як мінімум бессмяротны? На секундачку: дзядулю ўжо 67 гадкоў, і ён нядаўна аддаў замуж унучку. Нават калі ён застанецца ва ўладзе да 70-годдзя (што не факт пры сучасным узроўні ціску на яго, стрэсу і стану яго здароўя), то ўсё роўна яму рана ці позна прыйдзецца сысці.

Дарэчы: кажуць, што ў падрыхтоўцы яго візіту ў Бабруйск удзельнічаў яго двайнік. А гэта ўжо сімптомчык.

Нават калі з’явіцца які-небудзь «пераемнік Лукашэнкі», яму ўсё роўна прыйдзецца шукаць кропкі сутыкнення з грамадствам, бо без гэтага невырашальны палітычны крызіс — незалежна ад таго, якое прозвішча будзе ў наступнага прэзідэнта. Самае простае рашэнне гэтай дылемы — правесці пару-тройку паказальных працэсаў над тымі, хто творыць беззаконне цяпер. Маўляў «вінаватых знайшлі і пакаралі, давайце перагортваць старонку». Таму што «не забудзем, не даруем» — гэта ўжо не лозунг. Гэта канстатацыя факту.

І чым гучнейшы палітычны працэс сёння, тым большая верагоднасць траплення не толькі ў санкцыйныя спісы Еўропы, але і ў лік тых, каго не забудуць, і каму не даруюць.

Што ж да «запалохвання грамадства» прысудам Знаку і Калеснікавай... Няма ніякага запалохвання. Здарылася тое, пра што даўно папярэджвалі: грамадства ўжо прызвычаілася да крымінальных тэрмінаў, як раней прызвычаілася да «сутак» адміністрацыйных арыштаў. І гэтая звычка ўжо працуе супраць улады. Запалохаць народ ужо і крымінальнымі тэрмінамі не атрымліваецца. Таму не варта чакаць спынення «ціхага супраціву». Наадварот, многія ўспомняць Машу: «Дзяўбсці, дзяўбсці, дзяўбсці гэты рэжым!»

Па сутнасці, з прысудам Калеснікавай і Знаку для грамадства не змянілася нічога, апроч «мабілізацыйнага фактару». Яшчэ б: улада дала такую нагоду, каб у чарговы раз прадэманстраваць падтрымку і салідарнасць! 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: