Што нам падарыў Фрэнсіс Фукуяма ў сваёй «Ідэнтычнасці»

Падчас візіту ў ЗША Ціханоўскай Фрэнсіс Фукуяма падарыў ёй сваю кнігу «Ідэнтычнасць». Ці паспее беларуская лідарка ў сваім шчыльным графіку прачытаць твор філосафа? Гэта пытанне. Але ў беларускай рэвалюцыі наступіла паўза — час, калі бракуе ідэй для наступных крокаў. І што рабіць пасля, калі беларуская рэвалюцыя пераможа? Самы час узяцца за кнігі.

Мары еx libris


У кнізе «Ідэнтычнасць» апісаны досведы розных краін. Гэты твор амерыканскага мысляра можа адчыніць дзверы для новых ідэй і практык, якія нам, грамадзянам, дапамогуць будаваць свой палітычны праект тут — тую самую іншую Беларусь, пра якую марым.

Ідэал дэмакратыі


У сваёй кнізе як мадэль амерыканскі філосаф прапануе «ліберальнаю дэмакратыю».

Нагадаем, што ліберальная дэмакратыя для Фукуямы — гэта не сцверджаны факт, а мэта, да якой некаторыя крaіны наблізіліся ў сваёй гісторыі найбольш. Падобную форму аўтаноміі і самакіравання нацый філосаф лічыць найлепшай і наракае канцом гісторыі.

Самавызначэнне індывідуальнае і калектыўнае


Менавіта гэтыя два здабыткі еўрапейскай філасофскай і палітычнай думкі за апошнія два стагоддзі паклалі пачатак ліберальнай дэмакратыі: (1) прызнанне за кожнай асобай правоў чалавека, (2) а за кожнай супольнасцю — права на самавызначэнне. Прычым права чалавека ўзнікае пры нараджэнні, як і права супольнасці — пры з’яўленні.

Такім чынам, для сучасных палітыкаў, якія жадаюць увасобіць ідэю ліберальнай дэмакратыі на практыцы, паўстае адразу дзве канкурэнтныя з’явы.

Першая — гэта права кожнай асобы на самавызначэнне і прызнанне сваёй ідэнтычнасці: рэлігійнай, сексуальнай, палітычнай і інш. У шырокім сэнсе — прызнанне асабістага палітычнага праекта кожнага індывіда.

Другая — гэта права самой супольнасці, якая мае свой унікальны досвед, самавызначыць сябе ў тым ліку і нацыяй. Іншымі словамі, на думку філосафа, прызнанне годнасці супольнасці, яе здольнасці да самакіравання — суб’ектнасці, неад’емная частка хады заходняй палітычнай думкі.

Тымас, ізатымія і мегалатымія


І супольнасці, і індывіды прагнуць суб’ектнасці, якая складаецца з кактэйлю псіхалагічных асаблівасцей людзей: тымасу, ізатыміі, мегалатыміі. Паводле аўтара, тымас — гэта тое, што жадае прызнання годнасці, ізатымія — гэта патрэба ў павазе нароўні з іншымі, а мегалатымія — жаданне здабыць сваю выключнасць. Гэтыя феномены ў прыродзе чалавека нельга ігнараваць. Чаму? Таму што яны рухаюць гісторыю.

На думку Фукуямы, ліберальныя дэмакратыі неяк здольны балансаваць паміж калектыўнай і індывідуальнай суб’ектнасцю, народжанай гэтымі з’явамі. Але на сёння яны праз няздольнасць разумець сучасную групавую ідэнтычнасць ці частае ігнараванне індывідуальнай перажываюць крызісы. І гэта бачна па скарачэнні колькасці дэмакратый на планеце.

Аўтарытарныя ж палітычныя рэжымы наогул выключаюць права на роўнасць, прызнанне ідэнтычнасці, індывідуальнай годнасці асобы — іншымі словамі, суб’ектнасці і здольнасці індывіда прымаць удзел у кіраванні краінай. Дэспатыі прызнаюць толькі права адной асобы (уладара) або абмежаванай супольнасці на суб’ектнасць, усе астатнія актары знішчаюцца: і палітычна, і фізічна. Знаёма?

Ідэнтычнасць нацыянальная


Цэнтральнай тэмай, на мой погляд, у «Ідэнтычнасці» Фукуямы з’яўляецца канструяванне ідэнтычнасці нацыі, яна раскрываецца ў раздзеле «Мы, народ».

Мысляр пакідае сваё бачанне, чаму нацыі патрэбная ідэнтычнасць. Хаця ідэнтычнасць нацыі мае комплексны характар, асноўнае, на думку філосафа, — гэта «агульнае перакананне ў легітымнасці палітычнай сістэмы». Важна, што аўтар пашырае гэтае «перакананне» як на дэмакратычныя, так і недэмакратычныя нацыі.

Паводле Фукуямы, ідэнтычнасць нацыі замацоўваецца праз фармальныя сродкі (законы і інстытуцыі) і нефармальныя (культуру і нормы).

З аднаго боку, важна, якія наратывы (гістарычная памяць, агульныя афіцыйныя святы) ствараюць і якой мовай карыстаюцца, якія крытэры да членства ў такой супольнасці (нацыі) прадастаўляюцца інстытутамі і законамі.

З іншага боку, калі здараюцца часы выпрабаванняў, інстытуты і законы могуць перастаць працаваць (таксама знаёма), на першае месца выходзяць супольная культура і нормы: камунікацыя, жаданне раіцца, дыскутаваць, кансультавацца пры прыняцці рашэнняў. Іншымі словамі, становяцца запатрабаванымі тыя гуманітарныя тэхналогіі, якія здольныя трымаць цэласнасць нацыі без яўнай палітычнай надбудовы.

Разнастайнасць, інклюзіўнасць і вера


Яшчэ ў нацыю, паводле Фукуямы, варта... верыць. Калі ёсць вера ў канстытуцыйнае кіраванне, раўнапраўнасць грамадзян, патрыятызм і гонар за супольнасць, тады нацыя існуе. Няма веры — няма нацыі.

Асаблівую ўвагу аўтар «Ідэнтычнасці» пакідае разнастайнасці, якую супрацьпастаўляе монакультуры ў сельскай гаспадарцы са сваёй няўстойлівасцю да знешніх пагроз. Так і грамадства, дзе няма разнастайнасці. Мы бачым зараз у пабудове чынавецкай вертыкалі ў Беларусі — «маналітнасць».

Але аўтар адзначае, што і разнастайнасць мусіць культывавацца на падставе ліберальных і дэмакратычных каштоўнасцей, якія фарміруюцца сумесным досведам шырокіх колаў грамадзян, — інклюзіўнасцю. Таксама каштоўнасцю.

На што ўплывае ідэнтычнасць нацыі


На першы погляд, абстрактнае паняцце «нацыянальная ідэнтычнасць», на думку Фукуямы, мае вельмі шырокі ўплыў на наша паўсядзённае жыццё.

Па-першае, яно ўплывае на бяспеку. Падзеленыя, малыя грамадствы — слабыя. Іх лёгка знішчыць (у тым ліку фізічна) і кантраляваць звонку.

Па-другое, дзяржаўнае кіраванне можа быць эфектыўным, калі чыноўнікі дбаюць пра агульнанацыянальныя інтарэсы, а не інтарэсы адной асобы (уладара) ці адной супольнасці (кіруючага клана, напрыклад).

Па-трэцяе, эканамічнае развіццё залежыць ад звязнасці досведу і каштоўнасцей максімальнай колькасці грамадзян, што дапамагае развіваць эканамічныя стасункі і паскараць эканамічныя працэсы ўнутры краіны.

Чацвёртае. Нацыянальная ідэнтычнасць павялічвае давер і стварае практыкі аб’яднання вялікай колькасці грамадзян для вырашэння агульных задач. Чым больш удзельнікаў супольнасці здольныя для сумесных дзеянняў, тым большы «радыус даверу» і сацыяльны капітал кожнага.

Пятае. Эфектыўная сацыяльная абарона — гэта калі грамадства адчувае сябе як вялікая сям’я, мае высокі ўнутраны давер і эмпатыю. Больш моцныя грамадзяне дапамагаюць больш слабым суайчыннікам (салідарнасць), што згладжвае няроўнасці, якія маглі ўзнікнуць у супольнасці.

Нарэшце, паводле мысляра, існаванне самой ліберальнай дэмакратыі залежыць ад нацыянальнай ідэнтычнасці, якая стварае межы супольнасці і дамову паміж грамадзянамі і дзяржавай, а таксама паміж самімі грамадзянамі. А менавіта грамадзяне адмаўляюцца ад нейкіх правоў, каб дзяржава дбала пра больш важныя правы. І калі грамадзяне не разглядаюць сябе часткай гэтага пагаднення — палітычнай адзінкі, — сістэма не працуе.

З «Ідэнтычнасці» Фукуямы можна ўзяць яшчэ шмат розных ідэй, а таксама шаблонаў, на якіх можна будаваць краіну з новым падмуркам і каштоўнасцямі.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: