Што рабіць, калі на допыце прымушаюць да супрацоўніцтва? Каментуе юрыст БАЖ

Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў каментуе прызнанне рэдактара TUT.BY Дзмітрыя Бобрыка, які ў аўторак заявіў пра пагрозы ў адрас сябе і блізкіх падчас допыту ў Следчым камітэце па «справе БелТА».
Алег Агееў. Фота: spring96.org

Алег Агееў. Фота: spring96.org

— Згодна з заканадаўствам, падчас следства органы крымінальнага пераследу могуць заключаць з грамадзянамі некаторыя пагадненні. Гэта альбо дасудовае пагадненне аб супрацоўніцтве (арт. 468 КПК) або пагадненне на аказанне садзейнічання органам, якія ажыццяўляюць аператыўна вышуковую дзейнасць (ч.1 арт. 10 закона «Аб аператыўна вышуковай дзейнасці»).

Але адной з галоўных умоў заключэння такіх дакументаў з'яўляецца добраахвотнасць. Чалавек мае права дакладна ведаць, на што ён згаджаецца. І самае галоўнае, рабіць гэта добраахвотна. Калі прысутнічае хоць бы нейкі ціск, ніякай юрыдычнай сілы такія дакументы мець не могуць.

Калі ж з боку следства мелі месца якія-небудзь пагрозы расправы над чалавекам ці кім-небудзь з яго блізкіх — гэта крымінальнае злачынства, якое павінна пацягнуць пакаранне вінаватых.

Што рабіць, калі прымушаюць да падпісання?

— Самае лепшае, калі чалавек не згодны добраахвотна падпісваць які-небудзь дакумент, ніколі гэтага не рабіць. Калі аказваецца ціск, можна, напрыклад, папрасіць час абдумаць сітуацыю. Магчыма, за гэты час атрымаецца пракансультавацца з адвакатам або калегамі.

Калі адмовіцца ад падпісання не атрымалася, гэта адбывалася падчас затрымання і г. д., лепш за ўсё адразу ж пасля вызвалення публічна заявіць пра гэта.

Пра пагрозы, ціск і пра тое, што пагадненне было падпісана недобраахвотна. Так, як зрабіў Дзмітрый Бобрык. У такім выпадку чалавек публічна заяўляе, што ён адмаўляецца ад гэтага пагаднення і адразу ж прыцягвае ўвагу да сітуацыі. Увага, якая можа абараніць ад магчымых наступных пагроз.

Нагадаем, 7 жніўня ў офісах кампаній TUT.BY і БелаПАН прайшлі ператрусы і затрыманні. Былі затрыманыя галоўны рэдактар ​​TUT.BY Марына Золатава, рэдактары партала Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, галоўны рэдактар ​​БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародны аглядальнік інфармагенцтва Таццяна Каравянкова, уласкар «Нямецкай хвалі» Павел Быкоўскі і рэдактар ​​інтэрнэт-сайту газеты «Беларусы і рынак» Аляксей Жукаў. Усе яны правялі па некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. 27 жніўня большасці падазраваных быў забаронены выезд з краіны.

Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, а таксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

На сённяшні дзень падазраванымі па справе праходзяць дзесяць чалавек.

baj.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-09-26 18:55:02
А калі бел-чырвона-белы змагар, скажам, з малодзенькага фронціку спачатку ДАЎ КЛЯТВУ, маўляў, будзе змагацца за Жыве Беларусь!, а потым яго запрасілі ў Кантору і кажуць: "Так маўляў і так. Мы ўсе за Жыве Беларусь! Распішыся вось тут, што ты будзеш змагацца разам з КДБ за Жыве Беларусь! і супрацоўнічаць з Канторай за Жыве Беларусь!", і бел-чырвона-белы змагар з малодзенькага фронціку падпісвае паперачку. Гэта паперачка мае юрыдычную сілу, БАЖ? Га?. Бо потым змагар ці змагарка ідуць у СМІ і рэдакцыі іх прымаюць на працу як бел-чырвона-белых змагароў за Жыве Беларусь! Прыклады ёсць.
  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: