Што стаіць за зменай кіраўніцтва адміністрацыі Лукашэнкі?

Ад пасады вызвалены Аляксандр Косінец і ягоны першы намеснік Канстанцін Мартынецкі — абодва з фармулёўкай «пераход на іншае месца працы». Пра тое, што азначаюць кадравыя перастаноўкі, разважае палітолаг Валеры Карбалевіч.

 
— Відаць, такое рашэнне звязана з незадаволенасцю Лукашэнкі працай кіраўнікоў сваёй адміністрацыі. Гэта простае і банальнае тлумачэнне. А калі казаць пра кіраўнікоў адміністрацыі прэзідэнта, што былі пры Лукашэнку, дык Косінец, мусіць, — самы незаўважны сярод іх. Быў яшчэ такі Генадзь Нявыглас, малазаўважны, а астатнія кіраўнікі адміністрацыі ўсё ж былі фігуры важкія, публічныя. Было відавочна, што кіраўнік адміністрацыі — персона значная, гэта другі чалавек пасля Лукашэнкі ў ягонай адміністрацыі. Пра Косінца гэтага не скажаш.

Ён быў як цень — маўклівы, нікуды ў публічнай прасторы не ўмешваўся, і гэта, відаць, не задавальняла Лукашэнку. Мусіць, яму патрэбны іншы чалавек. А чаму не задавальняла прэзідэнта асоба Косінца,  пакуль што цяжка сказаць. А пра першага намесніка Мартынецкага ўвогуле нічога сказаць нельга, ён быў зусім малазаўважны.

Магчыма, што сітуацыя крызісу запатрабавала нейкіх новых захадаў. Падчас апошняй публічнай сустрэчы з Косінцам Лукашэнка папракаў сваю адміністрацыю ў дрэннай кадравай палітыцы: маўляў, вы не прапаноўваеце мне людзей, якія маглі б падаваць ідэі, што маглі б дапамагчы выйсці з крызісу, не мяняючы сістэму. Косінец не змог гэтага зрабіць. Я не ведаю, хто гэта можа зрабіць, тым не менш, публічнае незадаволенне ягонымі дзеяннямі кіраўнік дзяржавы выказваў зусім нядаўна.
 
— Што можна сказаць пра фігуру Валера Міцкевіча, якія стаўся выканаўцам абавязкаў кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта?

— Ён таксама не вельмі заўважны. Мінкевіч займаўся сваёй вузкай справай — заканадаўствам, рыхтаваў нейкія прававыя забеспячэнні заканадаўчых актаў. Думаю, што гэта часовае прызначэнне, хаця хто ведае, наколькі гэта часова і хто можа потым узначаліць Адміністрацыю прэзідэнта. Хадзілі чуткі пра Сяргея Сідорскага (былога прэм’ер-міністра Беларусі. — Г. К.), але незразумела, наколькі гэта рэальна. Кадравыя пытанні — самая цяжкая і самая закрытая тэма ў Беларусі. Бо ў нас закрытае грамадства, закрытая сістэма.

— Дык які кіраўнік адміністрацыі патрэбны?

— Такі, які можа лавіць думкі — нават тыя, якія яшчэ не выказаў Аляксандр Лукашэнка, падтрымаць іх, знайсці людзей, што маглі б іх рэалізаваць, стварыць адпаведныя механізмы. Гэта мусіць быць цень прэзідэнта ва ўсіх сэнсах гэтага слова.

З іншага боку, кадры ўвесь час патрэбна мяняць. Гэта таксама адна з рысаў стылю кіравання Лукашэнкі. Не даваць ім доўга затрымлівацца на адной пасадзе. Тут хіба што адна Лідзія Ярмошына (старшыня Цэнтрвыбаркаму са стажам 20 гадоў. — Г. К.) затрымалася на сваёй пасадзе, і Лукашэнка яе не адпускае. А ўсе астатнія мяняюцца.

— Хіба што яшчэ сюды можна дадаць амаль нязменнага кіраўніка Вярхоўнага суда Валянціна Сукалу… Ці з’яўляецца сёння пасада кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта настолькі ўплывовай, як гэта было гадоў 15–20 таму?

— Усё залежыць ад самога чалавека, ад той асобы, якая займае гэтую пасаду. Калі адміністрацыю ачольваў Генадзь Нявыглас, большую вагу мела Наталля Пяткевіч — намесніца кіраўніка адміністрацыі. Таму шмат што залежыць ад чалавека. Чалавек стварае вагу, а не пасада, хаця гэтая пасада вельмі важкая. Косінец быў вельмі добрай ілюстрацыяй гэтай тэзы.

— Ці можна чакаць зменаў у іншых уладных структурах, да прыкладу, ва ўрадзе?

— Думаю, так. Косінец прывёз з сабою з Віцебшчыны даволі шмат людзей, якія апынуліся, у тым ліку, і ва ўрадзе. Напрыклад, віцэ-прэм’ер Качанава — выхадзец з Віцебскай вобласці — верагодна, апынулася на гэтай пасадзе з рэкамендацыі Косінца. А таксама намеснік міністра спорту па турызме, і гэта толькі наўскідку. А ўвогуле, шмат якія яшчэ пасады былі занятыя па прапанове Косінца. Таму цалкам рэальна, што адбудуцца і іншыя змены.

— Кадравыя перастаноўкі перад Новым годам — гэта ў нас ужо такая традыцыя на дзяржаўным узроўні?

— Тут, мусіць, ёсць нейкія іншыя чыннікі. Калі ў 2010 годзе былі кадравыя перастаноўкі, дык тады прайшлі прэзідэнцкія выбары. У 2015 годзе зноўку былі прэзідэнцкія выбары, і таму адразу пасля іх трэба было мяняць каманду. Думаю, сёлета тут усё выпадкова. 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!