Што за ветэран з’явіўся на плакаце да 9 мая?

Плакат «Са святам Перамогі!», які прадаецца ў беларускіх кнігарнях, змяшчае фота ветэрана, які сімпатызуе рускім фашыстам.

Фота, выкарыстанае для плаката


Вялікафарматны плакат, прызначаны для школаў, вайсковых частак і іншых грамадскіх установаў, быў заўважаны ў адной з кнігарняў Гродна. На ім хрэстаматыйны сюжэт: віншаванне з Днём Перамогі, выявы савецкіх узнагародаў, дзяржаўны герб, фота ветэрана… Але што за ветэран на фота?


У 13 на фронце, у 20 — у Крамлі...

Апынулася, што гэта вядомы ў інтэрнэт-прасторы Леў Гіцэвіч, 1928 года нараджэння. Паводле легенды самога Льва Аляксандравіча, ён збег на фронт у 13 год і паспеў далучыцца да абароны Масквы, пазней працаваў у апараце абслугоўвання Крамля пры Сталіне і Хрушчове, зараз прэзідэнт дабрачыннага фонду, сябар “Адзінай Расіі” ды безлічы грамадскіх арганізацыяў.

Фота Гіцэвіча ў гімнасцёрцы ды касцы стала іконай для расійскай прапаганды: яго выкарыстоўваюць на плакатах, дэматыватарах, носяць партрэт Льва Аляксандравіча падчас мітынгаў. Сам ён любіць хадзіць на рознага роду масавыя акцыі, часцяком трапляе у кадр. Вобраз сапраўды характэрны, прабівае на слязу.


Ордэн Вялікай Айчыннай і казачыя крыжы

Вось толькі калі паглядзець на фота, дык незразумела, якое Гіцэвіч мае званне: то з пагонамі палкоўніка, то радавога, то старэйшага лейтэнанта. Пагоны таксама: то танкавых войскаў, то звычайных стралковых частак. Белагвардзейскі шэўрон у колерах трыкалору на рукаве гімнасцёркі чырвонаармейца, наогул, не варты каментароў.

З пагонамі падпалкоўніка

Калі разбірацца ў іканастасе медалёў і адзнакаў, то тут наогул “чорт нагу зломіць”: і ордэн Вялікай Айчыннай, і казачы знак “ЛИЕНЦЪ-1945” (памятная адзнака казакоў, якія ваявалі на баку Гітлера), і польскія ўзнагароды, і вялікі праваслаўны крыж, і …звычайная брош. Пра тое, што парадак нашэння знакаў і ўзнагародаў парушаны — наогул гаворкі няма.

Вылучаны памятны крыж казакоў-калабарантаў ЛИЕНЦЪ-1945


СПС, “Начныя ваўкі”, казакі і фашысты

Гіцэвіч не застаецца ў баку і ад грамадскага жыцця. То раздае ўлёткі дэмакратычнага “Саюза Правых Сілаў”, то пазуе побач з “Начнымі ваўкамі”, то адчыняе помнікі Краснову і Шкуро (белагвардзейцы, якія падтрымалі Гітлера) разам з казакамі ды непрыхаванымі прыхільнікамі фашызму ў чорных кашулях ды з калаўратамі на майках.

Стаўленне да Другой Сусветнай вайны ў беларусаў, безумоўна, можа быць розным. Але навошта змяшчаць на плакатах дзяржпрызначэння настолькі сумнеўных персанажаў? Няўжо гэта не абраза для сапраўдных ветэранаў?..

 

P.S. Плакатаў з партрэтамі Васіля Быкава, Янкі Брыля, Максіма Танка альбо любога іншага сапраўднага франтавіка побач заўважана не было.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • He11raiser
  • 2017-04-30 22:09:55
З пагонамі падпалкоўніка, вядома ж... Да трох лічыць вучымся?

Больш цікавага на «Новым Часе»: