Барацьба з карупцыяй ці рэйдарскі захоп?

Кажуць, карупцыя — гэта вялікае зло для дзяржавы. З гэтым, напэўна, ніхто не паспрачаецца. Але што ж такое здарылася ў нашай краіне, калі барацьба з карупцыяй — зло не меншае, чым сама карупцыя?

Малюнак www.dw.com

У часе непрацяглага адпачынку я наведаў бацькоў. Тата ў мяне — ляжачы, гэта азначае, што яму ўвесь час патрэбныя лекі і розныя медычныя тавары кшталту катэтараў і мочапрымальнікаў. Але гэтыя прылады ўсё даражэюць і даражэюць. Калі з год таму на 10 рублёў я мог набыць 5–7 мочапрымальнікаў вытворчасці Германіі, то цяпер давялося браць беларускія, і па 3,70. То-бок, раней я браў удвая больш па колькасці і, шчыра скажу, утрая больш якасныя прылады за тыя ж грошы. Пры гэтым нам увесь час кажуць пра тое, што ў нас «медыцына на сусветным узроўні».

І на мяжы свядомасці ўсё ж засела думка: як так? Увесь мінулы год цягнулася «справа медыкаў», а апошнія прысуды па ёй вынеслі ў траўні гэтага года. Дык чаму з продажу зніклі танныя замежныя медычныя тавары, а наўзамен ім прыйшлі беларускія дарагія? Можа быць, і не трэба было змагацца з тымі карупцыянерамі? Хоць і бралі хабары — але існаваў бы выбар і па кошце, і па якасці?

Зразумела, браць (і даваць) хабары — гэта кепска. Але, калі пасадзілі хабарнікаў, чаму стала значна горш, чым было пры іх?

Ужо чатыры месяцы за кратамі сядзяць людзі — і неблагія, гледзячы па тым, што кажуць іх землякі, — па так званай «цукровай справе». На фоне перадвыбарчай кампаніі мы пра іх забыліся. Аднак прайшло больш за 100 дзён з моманту іх затрыманняў, а цукар пры гэтым ні на капейчыну (!) не патаннеў. Які вынік такой барацьбы з карупцыяй?

Пакуль што вынік адзін. У футбольным клубе «Гарадзея», напрыклад, працягваюцца фінансавыя цяжкасці. Кіраўніцтва клуба прапанавала ўсёй камандзе пайсці на зніжэнне заробку, паведамляе «Прессбол». Працэнт, на які будзе зрэзаны заробак, будзе вырашацца з кожным футбалістам асобна, але капітан каманды Кірыл Паўлючак ужо пакінуў клуб — «паводле пагаднення бакоў».

І гэта нягледзячы на тое, што клуб яшчэ днямі падпісаў спонсарскую дамову з мясцовым цукровым камбінатам. Але, мабыць, і ў камбіната справы няпростыя, калі клуб не ўтрымліваюць.

Ці было такое пры мінулым кіраўніку цукровага камбіната, якога затрымалі, нібыта, «за карупцыю»? Можа, трэба адпусціць чалавека, бо без яго больш кепска, чым наадварот…

Праблемы не толькі ў ФК «Гарадзея». Галоўны трэнер «Смалявічаў» Аляксандр Бразевіч пасля матчу з брэсцкім «Дынама» распавёў, што гульцы каманды напісалі заявы аб звальненні праз фінансавую сітуацыю ў клубе.

«У гэтым фармаце наша каманда існаваць не будзе, таму што ўсе напісалі заявы… Горад не можа ўтрымліваць каманду ўзроўню вышэйшай лігі — гульцам прапануюць фінансавыя ўмовы на ўзроўні аўтсайдэраў першай лігі. На тыя ўмовы, якія мне гарантуюць, я не збяру каманду», — зазначыў Бразевіч.

А між тым, Смалявічы — горад-спадарожнік сталіцы. І менавіта ў Смалявіцкім раёне знаходзіцца знакаміты «Вялікі камень», беларуска-кітайскі індустрыяльны парк. Чым займаюцца ў тым парку, праўда, невядома, але тое, што горад не здольны ўтрымліваць каманду — паказнік, што і там не ўсё добра.

Дый Бог з імі, грашыма. Насамрэч, тут нашым (і не нашым) футбалістам жывымі б застацца. У той час, як кіраўнік краіны заявіў, што мы перамаглі COVID-19 ці не цалкам, эпідэмія накрыла брэсцкае «Дынама». Агульная колькасць заражаных каронавірусам дасягнула 16 чалавек, футбалістаў у гэтым спісе — 11: Лапцеў, Хачарыдзі, Садоўскі, Мілеўскі, Вітус, Пячэнін, Крывец, Гардзяйчук, Юзэпчук, Наёк і Ігнатовіч. Трое апошніх знаходзяцца ў бальніцы. Яшчэ пяць заражаных — з ліку абслугоўваючага персаналу.

Пры гэтым наша футбольная федэрацыя адмовіла «Дынама» ў пераносе гульні са «Смалявічамі». Яны згулялі ўнічыю — 3:3. Але футбол — кантактны від спорту, і апроч фінансавых праблемаў у былых гульцоў «Смалявічаў» могуць узнікнуць праблемы зусім іншыя. Не дай Божа, канешне, — будзем жадаць усім здароўя, незалежна ад таго, за каго заўзеем…

Але вернемся да «барацьбы з карупцыяй». Менавіта ў адмыванні грошай абвінавацілі экс-банкіра і без пяці хвілінаў кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыку. Супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў прыйшлі ў «Белгазпрамбанк», якім ён некалі кіраваў. У выніку ў замежным, па-сутнасці, банку была ўведзеная часовая адміністрацыя.

Сённяшні кіраўнік краіны ўліваў нам у вушы: «Вы ведаеце, што мы знайшлі ў ячэйках? Грошы — гэта не галоўнае. Мы знайшлі флэшкі, цвёрдыя дыскі і мора інфармацыі». Знайсці, канешне, маглі што заўгодна — як у Ціханоўскага з трэцяй спробы за канапай нашлі пад мільён долараў. Але хто-небудзь верыць у тое, што Бабарыка захоўваў флэшкі, дыскі і дакументы ў ячэйках кліентаў? Пры гэтым некалькі кліентаў паскардзіліся, што ў іх зніклі асабістыя зберажэнні і каштоўныя рэчы, якія яны захоўвалі ў банкаўскіх ячэйках. Адна ўкраінка, у якой знікла 170 тысяч долараў, думала адкрываць у Беларусі бізнес. Але цяпер перадумала.

Вынікам «барацьбы з карупцыяй» стала тое, што за другі квартал сродкі кліентаў у «Белгазпрамбанку» скараціліся на 30%, або крыху больш, чым на мільярд (!!!) рублёў. Прыбытак банка на 1 ліпеня склаў 18,9 мільёна рублёў і знізіўся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 36,8%! У «Белгазпрамбанка» паўсталі абавязкі перад Нацыянальным банкам Беларусі на 215 мільёнаў рублёў, кварталам раней такога не было!

Зразумела, што справа Бабарыкі — палітычная. Але канкрэтнаму (і не апошняму) банку Беларусі «барацьба з карупцыяй» пагражае банкруцтвам.

Карупцыя — безумоўна, зло. З ёю змагаюцца ва ўсім свеце — дзеля таго, каб дзяржчыноўнікі не перашкаджалі бізнесу. Каб усё было сумленна, і народ у выніку атрымліваў бы новыя даступныя тавары, новыя магчымасці, новыя працоўныя месцы. У нас жа «барацьба з карупцыяй» ператварылася ў інструмент лабіявання «сваіх» прадпрыемстваў, знішчэння канкурэнцыі ці палітычных праціўнікаў. А народу ад гэтага становіцца ўсё горш. І гэта — не барацьба з карупцыяй. Гэта — рэйдарства.

Такі футбол нам не патрэбны.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: