«Тата, што б ні здарылася, я моцная, я ўсё перанясу». Бацька Марыі Калеснікавай цытуе лісты дачкі з турмы

Спойлер: Марыя трымаецца бадзёра і заўсёды на пазітыве.
Фота АР

Фота АР

Аляксандр Калеснікаў — бацька палітзняволенай Марыі Калеснікаваў — распавёў у эфіры тэлеканала «Дождж» пра тое, што дачка падарыла яму на дзень нараджэння і аб чым піша ў лістах з турэмнай камеры.
— Аляксандр Паўлавіч, у вас нядаўна быў дзень нараджэння, і Марыя, наколькі я ведаю, змагла перадаць вам паштоўку…
— Не толькі паштоўку, але і падарунак. Гэта вельмі кранальна. У такой сітуацыі атрымаць падарунак ад дачкі — дарагога варта.
— Можаце расказаць падрабязней, што яна вам перадала і напісала?
— Я ўсе лісты нашу заўсёды з сабой. І паштоўку ў тым ліку. Яна ўжо дзесьці мільгала ў інтэрнэце. Было з аднаго боку нечакана. Яна разумела, што не ўсе лісты хутка даходзяць. Адправіла загадзя, я атрымаў напярэдадні свайго дня нараджэння. І вы можаце зразумець мае пачуцці.
У паштоўцы, скажам так, добра падабраныя словы пра татаў. «Ты самы-самы ...» З вашага дазволу я магу зачытаць.
«Любімы татачка, з днём Нараджэння. Трымайся і беражы сябе з усіх сіл. Вельмі цябе люблю. Усё будзе добра. Абдымаю і цалую. Твая Маша». І традыцыйнае сэрцайка.
Ну што тут сказаць. Вельмі кранальна. Я нашу ўсе лісты з сабой, яны мяне саграваюць.
— Як часта ўдаецца атрымліваць лісты? Ёсць жа затрымкі…
— Так, у гэтым ёсць праблема. І не толькі з лістамі мне. Многія сябры і родныя кажуць, што альбо яна не атрымлівае ад іх лісты, альбо яны прыходзяць з вялікім спазненнем.
Мне прыходзяць з інтэрвалам 10-12 дзён пасля адпраўкі. Мы выдатна разумеем, што ва ўмовах цэнзуры напісаць і перадаць нейкія свае пачуцці чалавек не можа.
Мне таксама вельмі цяжка даецца напісанне лістоў. Таму што я такі чалавек, што не магу выказаць усе пачуцці ў радках, ведаючы, што хтосьці чужы гэта будзе чытаць. Таму Машаньцы я напісаў, каб яна не чакала ад мяне штодзённых лістоў, бо мне цяжка пісаць.
А яе лісты заўсёды пазітыўныя. Яна, як правіла, апісвае сваё душэўны стан. Калі дазволіце, магу нейкія фразы прывесці з яе лістоў.
Вось 24-га лістапада, напярэдадні майго дня нараджэння. «Татачка, прывітанне. Як ты? Я табе загадзя адсылаю паштоўку, спадзяюся, што прыйдзе своечасова. Правядзі гэты дзень з дарагімі людзьмі. А я з табой усім сэрцам побач. Са мной усё добра, аптымістычны настрой і баявы. Напішы, як там наша сям'я, бабуля, Дзядуля, усе цёткі-дзядзькі. Усіх моцна абдымаю. За мяне не хвалюйцеся, я з усім спраўлюся. Беражы сябе, гэта цяпер самае важнае. Усім маім сябрам падзяку і прывітанне. Усё будзе добра. Абдымаю цябе моцна». І традыцыйна сэрцайка.
— Калі вы яго бачылі апошні раз? Ведаю, вы прасілі пра гэта следства…
— Дзесьці перад тым як яе арыштавалі. Проста гэта нават... Не скажу, што доўгая была сустрэча. Проста Маша тады мне сказала: «Тата, што б ні здарылася, ты ведаеш, што я моцная, я ўсё перанясу. Усе нягоды». І ў кожным лісце яна мне пра гэта нагадвае.
Наконт спатканняў... Я пасля кожнай адмовы, а іх ужо было пяць, стараюся зноў пісаць заяву на спатканне. Але, на жаль, пакуль не ўдаецца выніку дамагчыся. Тым больш, як мне тлумачаць, рэдка такое бывае — спатканне да суда. Але я ўсё роўна спрабую. Прынамсі, для заспакаення сябе.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: