Топ-4 напрамкі для працаўладкавання высокапастаўленых чыноўнікаў: непыльная праца, цёплыя мястэчкі

Пакінуўшы дзяржслужбу, былыя кіраўнікі з урада, як правіла, не адрозніваюцца разнастайнасцю ў выбары наступнага месца працы.
Раптам без працы застаўся Ігар Ляшэнка, які папрацаваў віцэ-прэм’ерам усяго паўтара года. Які лёс яго можа чакаць? Існуе два асноўных варыянты: застацца на дзяржслужбе або сысці з яе.

Многія з чыноўнікаў праводзяць ва ўладзе ўсё жыццё: калі нават іх звольнілі з высокай пасады за пралікі і агрэхі, то ім звычайна ўсё роўна прапануюць іншыя пасады. Так былыя важныя вертыкальшчыкі пачынаюць працаваць пасламі, дэпутатамі ці трапляюць у кіраўніцтва менш значных органаў улады.

Але што адбываецца з чыноўнікамі, калі яны пакідаюць дзяржслужбу? Вывучыўшы прыклады з сучаснасці і мінулага, UDF.BY вылучыў чатыры папулярных напрамкі для іх працаўладкавання.

Праца ў кіраўніцтве банкаў

Калі чыноўнік падчас дзейнасці на высокай пасадзе не прагневаў Аляксандра Лукашэнку, то сыдучы з дзяржслужбы ён можа разлічваць на хлебную, але не пыльную працу ў банку.

Так былы прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў змог пасля звальнення ўладкавацца незалежным дырэктарам «Белгазпрамбанка». Іншы экс-кіраўнік урада Сяргей Сідорскі, па некаторых звестках, працуе дарадцам у Еўразійскім банку развіцця.

Экс-міністр замежных спраў і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Урал Латыпаў — незалежны дырэктар у «Альфа-банку».

Былы кіраўнік Нацбанка, віцэ-прэм’ер і Герой Беларусі Пётр Пракаповіч дагэтуль узначальвае назіральную раду «БПС-Ашчадбанка». Яшчэ адзін экс-кіраўнік Нацбанка Надзея Ермакова — незалежны дырэктар банка «БелВЭБ».

Але шанцуе так, вядома, толькі самым «заслужаным» з пункту гледжання Лукашэнкі наменклатуршчыкам.

Праца на бізнес

Да 2010-х высокапастаўленыя чыноўнікі пры сыходзе з дзяржслужбы вельмі часта пакідалі і саму Беларусь — каб уладкавацца на працу ў расійскія бізнес-структуры, дзе ім прапаноўвалі прыстойныя заробкі.

Напрыклад, так паступілі былыя міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў і старшыня КДБ Леанід Ерын.

Але за апошняе дзесяцігоддзе былыя чыноўнікі ўсё часцей сталі заставацца ў Беларусі.

Экс-кіраўнік КДБ Вадзім Зайцаў працуе гендырэктарам «Космас ТБ». Былы міністр па падатках і зборах Уладзімір Палуян змог знайсці працу ў «Еўраопце», дзе стаў кіраваць прафсаюзам. Экс-кіраўнік МЗС Сяргей Мартынаў працуе ў Беларусі спецпрадстаўніком «Русснефть» Міхаіла Гуцырыева.

Калі міністра лясной гаспадаркі Міхаіла Амельяновіча са скандалам адправілі ў адстаўку, ён хутка змог уладкавацца ў холдынг «Амкадор» намеснікам гендырэктара па вытворчасці і якасці. Праўда, надоўга там не затрымаўся.

Пагаворваюць, што беларускі бізнес наняў на працу былога губернатара Сямёна Шапіра.

Праца ў кіраўніцтве спортам

Многія высокапастаўленыя чыноўнікі, сыдучы з дзяржслужбы, знаходзяць сабе прытулак у сферы спорту. У Беларусі уласна спартыўных менеджэраў небагата — па савецкай традыцыі лічыцца, што гэтай вобласцю лёгка могуць кіраваць былыя наменклатуршчыкі і адстаўнікі з сілавых структур, хай раней ім у працы са спортам сутыкацца і не даводзілася.

Самы свежы прыклад такога прызначэння — былы дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Мяжуеў стаў дырэктарам Брэсцкага гандбольнага клуба імя А. П. Мяшкова.

Дарэчы, гандбольную федэрацыю з нядаўніх часоў узначальвае Уладзімір Канаплёў, былы старшыня Палаты Прадстаўнікоў і паплечнік Аляксандра Лукашэнкі.

Яшчэ адзін з нядаўніх прыкладаў — звольнены са скандалам былы намеснік міністра МНС і міністра спорту Аляксандр Шамко ўладкаваўся намеснікам старшыні Федэрацыі шахмат.

Праца ў ВНУ

Былы высокапастаўлены чыноўнік на выкладніцкай рабоце — класічная сітуацыя для Беларусі. Вось некалькі прыкладаў.

Экс-генпракурор Рыгор Васілевіч вядзе кафедры канстытуцыйнага права юрыдычнага факультэта БДУ. Былы віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік працуе пры тым жа БДУ дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства ім. Канфуцыя.

Экс-міністру абароны, дзяржсакратару Савета бяспекі і Дзяржпагранкамітэта Леаніду Мальцаву нядаўна даверылі кіраваць Інстытутам дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры прэзідэнце.

Паводле udf.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: