ТОП-5 феноменаў Маладога Фронту

Кажуць, што арганізацыя жыве не больш за 7 гадоў. Пасля альбо знікае, альбо дэградуе, альбо застаецца адно назва. Маладому Фронту спаўняецца 20 гадоў. За гэты час арганізацыя ніколі не знікала надоўга са стужак навінаў, пры гэтым часам цяжка разабрацца, чым МФ быў 20 альбо 10 гадоў таму і што ўяўляе з сябе сёння…

Вялікая колькасць нашых рухаў, партыяў ды арганізацыяў ствараліся па прынцыпах франшызы. Маўляў, ёсць нешта падобнае ў суседзяў, давайце і мы створым! Так было з БНФ, створаным на манер народных франтоў, што ўзнікалі як грыбы ў познесавецкія часы. Таксама было і з “Зубрам”, які капіяваў сербскі “Отпор” ды грузінскую “Кмару”, пасля па той жа схеме дзейнічала і ўкраінская “Пора”. Дзе ж тут месца Маладому Фронту?

Магчыма, таямніца жывучасці МФ акурат і палягае ва ўнікальнасці, яго няма з чым параўнаць. Гэта і не выключна палітыка, і не скаўтынг, не радыкалізм і не згодніцтва, не жалезная дысцыпліна і не панк-тусоўка, не “хрысціянскі талібан” і не ліберальная камуна. Адмаўляючы ўсё гэта ў чыстым выглядзе, МФ сабраў у сабе ўсе гэтыя рысы, пераварыўшы іх, нібы ў алхімічнай колбе. Што ж гэта — Малады Фронт?

МФ — гэта ідэя

Ідэя “беларускай Беларусі” з сапраўднай сімволікай, са сваёй мовай, якая ёсць часткай еўрапейскай цывілізацыі, а не калоніяй Масквы, заўжды была першаснай. Кожныя чарговыя выбары дадавалі свайго каларыту, змяняліся лозунгі і твары на цішотках, але ніколі МФ цалкам не перабудоўваўся пад нейкага кандыдата ці кааліцыю, наадварот, кандыдат ці кааліцыя маглі ўпісацца ў карціну “новай Беларусі”, якую бачылі маладзёны альбо… не ўпісацца і быць адрынутым.

МФ — гэта маладосць

А маладосць — гэта не толькі энэргія, самаахвярнасць і каханне. Гэта яшчэ і памылкі, якія арганізацыя рабіла неаднойчы, то пераацаніўшы свае сілы, то недастаткова пісьменна сфармуляваўшы свой пасыл, то слепа ідучы пад дубінкі і рэпрэсіі, не задумваючыся пра наступствы. А яшчэ — гэта маштаб: калі ўлёткі, то па ўсім горадзе, калі сцягі, то на самым бачным месцы, калі подпісы, то не менш як тысяча на аднаго збіральніка. Таксама гэта гарэнне, шмат хто выгарэў і адыйшоў, пакінуўшы па сабе прыгожую яскравую ўспышку.

МФ — гэта рызыка

Калі палітыкі ці журналісты кажуць, што ў Маладым Фронце мала людзей, нават у параўнанні з сярэдзінай 2000-х, гучыць гэта не дастаткова пераканаўча. Нават зараз, калі вакол Дашкевіча гуртуецца з дзясятак байцоў, — гэта больш, чым у любой партыі альбо палітычнай арганізацыі. Чаму? Бо МФ — гэта не паездкі ў Будапешт ці Вільню на малазразумелыя семінары, а штодзённая рызыка. Гэта разуменне, што твой дом — не твая крэпасць, што сваё жыццё можаш планаваць далёка не на гады наперад, што пах турмы ты ўсё ж такі адчуеш, наўпрост не ведаеш, калі. Такога дзясятка хлопцаў ды дзяўчат даўно ні ў кога і няма, а ёсць — у Маладым Фронце.

МФ — гэта людзі


Багаццем Маладога Фронту заўсёды былі не прапісаныя па пунктах праграмы зменаў альбо калекцыя рукапацісканняў з замежнымі міністрамі. Багацце — гэта чалавечы матэрыял, актыўныя, апантаныя, часам не вельмі ўраўнаважаныя маладзёны, якія пасля падраслі ды пайшлі ў партыі, грамадскія арганізацыі, музыку, журналістыку, бізнэс. Гэта акурат дазваляе казаць пра МФ як пра кузню кадраў нацыянальнага руху. Так, МФ не змяніў уладу, не вывеў на вуліцы тую запаветную крытычную масу людзей, але і не даў згаснуць беларускай справе, заліўшы туды новую кроў, якая і дае надзею на заўтрашні дзень.

МФ — гэта эвалюцыя


Сярод іншага, Малады Фронт умее здзіўляць, прычым, як сваіх апанентаў на высокіх пасадах, так і, здавалася б, хаўруснікаў па “дэмакратычным руху” (калі гэты слоган яшчэ быў у трэндзе). Гэта і намётавы лагер у 2006-м, і беспрэцэдэнтныя кампаніі салідарнасці з палітвязнямі праз увесь час, і пратэст у Курапатах напачатку 2000-х і ў 2017-м… Заблытаць карты і сваіх, і чужых, зрабіць нечакана і па-іншаму – гэта акурат па-маладафронтаўску.

Нечым усё гэта нагадвае этапы сталення падлетка: пратэст, жорсткае адмаўленне, сваркі з бацькамі, вучоба, самастойнае жыццё, сям’я... Будучыня Маладога Фронту, той шлях, куды эвалюцыянуе арганізацыя, на маю думку, прадказаць немагчыма. Хаця б таму, што гэта не дзіцёнак з прабіркі ў выглядзе моладзевага прыдатку да партыі, а нешта цалкам самастойнае і жывое, з душой і сэрцам.

Нават калі МФ не захаваецца як арганізацыя ў звыклай для нас форме, ён усё адно будзе жыць у справах і людзях, якіх спарадзіў, якія будуць насіць чырвона-чорны крыж ужо не па плошчах, а ў сваёй штодзённасці, аднойчы перадаўшы яго сваім дзецям, якія некалі прачнуцца пад небам Сваёй Краіны.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: