Топ мінскіх школ з дзіўнымі вынікамі выбараў

На сайце сістэмы «Голас» апублікаваныя вынікі падліку галасоў па розных выбарчых участках. Шмат на якіх з іх назіральнікам так і не паказалі выніковыя пратаколы. У прынцыпе, ужо і не пакажуць — фармальна ўчастковыя і раённыя камісіі спынілі сваю працу, значыць, і пытацца няма ў каго.

Фота Надзеі Бужан


Аднак на тых участках, дзе пратаколы ўсё ж з’явіліся, цікава параўнаць іх вынікі з колькасцю бюлетэняў, дасланых у падтрымку Святланы Ціханоўскай у «Голас».

«Наша Ніва» звярнула ўвагу на некалькі сталічных школ, дзе розніца ў выніках галасавання шакуе.


Школа №61 (участак №42 Першамайскага раёна)

Найбольш анамальныя вынікі зафіксаваныя ў школе №61 на вуліцы Кірылы Тураўскага, да якой аднесеныя ўсе новыя дамы «Маяка Мінска». Таму колькасць выбарцаў тут завялікая, тысячы чалавек.

Па сведчанні людзей, у 16:00 у дзень галасавання ў чарзе ім паведамілі, што бюлетэні ўжо скончыліся. У выніку бюлетэні аднекуль усё ж з’явіліся, але тысячны натоўп чакаў магчымасці прагаласаваць да апошняй хвіліны.

Камісія на чале з педагогам-псіхолагам школы №61 Аксанай Пятровіч зафіксавала наступныя вынікі:

Лукашэнка — 745 (67,8%)

Ціханоўская — 244 (22,2%).

Агулам удзельнікаў галасавання — 1099 чалавек.

Аднак стваральнікі «Голаса» паведамляюць, што ў іх ёсць з гэтага ўчастка 1850 здымкаў бюлетэняў ад людзей, якія прагаласавалі за Ціханоўскую. Розніца з афіцыйнымі вынікамі — 1606 галасоў.


Школа №6 (участкі №68 і №69 Фрунзенскага раёна)

У большасці мінскіх школ знаходзіліся адначасова некалькі ўчасткаў. Часам лічбы на іх кардынальна адрозніваліся, часам прыкладна супадалі.

Школа №6 на вуліцы Янкоўскага ў Сухараве — самы яскравы прыклад адразу двух анамальных участкаў. Яе дырэктарка Галіна Гетманчук уласнаручна ўзначаліла адну з камісій. Другую — настаўніца пачатковых класаў Вольга Станішэўская.

Участак №68 (старшыня — Станішэўская):

Лукашэнка — 1324 (69,7%)

Супраць усіх — 317 (16,7%)

Ціханоўская — 117 (6,2%)

Агулам удзельнікаў галасавання — 1899 чалавек.

У базе «Голаса» 970 здымкаў бюлетэняў ад людзей, якія прагаласавалі за Ціханоўскую. Розніца з афіцыйнымі вынікамі — 853 галасы.

Участак №69 (старшыня — Гетманчук):

Лукашэнка — 1179 (63,1%)

Супраць усіх — 366 (19,6%)

Ціханоўская — 115 (6,2%)

Агулам удзельнікаў галасавання — 1868 чалавек.

У базе «Голаса» 789 здымкаў бюлетэняў ад людзей, якія прагаласавалі за Ціханоўскую. Розніца з афіцыйнымі вынікамі — 674 галасы.

Фота Надзеі Бужан


Школа №105 (участкі №18 і №19 Маскоўскага раёна)

Трэцяй ілюстрацыяй дамо школу №105 на вуліцы Хмялеўскага ў Грушаўцы. Чым адметная яна?

Тут былі два ўчасткі. Участак №18, да якога аднесеныя жыхары новых дамоў па праспекце Дзяржынскага, аб’яднаныя абаронай Грушаўскага сквера. Гэта месца, дзе сканцэнтраваны наймагутны пратэстны электарат — у дамах цяпер вывешваюць 20-метровыя бел-чырвона-белыя сцягі.

Дырэктарка школы Валянціна Саковіч была тут намесніцай старшыні камісіі. А ўзначальвала камісію завуч Вольга Мельнікава.

Участак №19 — старыя дамы Грушаўкі, тут больш пенсіянераў і падтрымка Ціханоўскай не такая выразная.

Тым не менш вынікі былі супрацьлеглыя.

Участак №18, «пратэстны»

Лукашэнка — 954 (60,5%)

Супраць усіх — 366 (21,9%)

Ціханоўская — 198 (12,6%)

Агулам удзельнікаў галасавання — 1578 чалавек.

У базе «Голаса» 884 здымкі бюлетэняў ад людзей, якія прагаласавалі за Ціханоўскую. Розніца з афіцыйнымі вынікамі — 686 галасоў.

Участак №19, «непратэстны»:

Ціханоўская — 545 (52,9%)

Лукашэнка — 389 (37,7%)

Супраць усіх — 58 (5,6%)

Агулам удзельнікаў галасавання — 1031 чалавек.

Адметна, што назіральнікі, якія сядзелі на ўваходзе ў школу, зафіксавалі ў дзень выбараў 3000 удзельнікаў галасавання — стаялі гіганцкія чэргі. Камісіі ж налічылі ў паўтара раза менш людзей.

***

Іншыя анамальныя месцы Мінска:

гімназія №43 — участак №22 Фрунзенскага раёна — 126 галасоў за Ціханоўскую ў пратаколе — 915 фота бюлетэняў.

школа №197 — участак №50 Першамайскага раёна — 85 — 699.

школа №151 — участак №74 Фрунзенскага раёна — 109 — 689.

школа №59 — участак №32 Фрунзенскага раёна — 77 — 637.

школа №99 — участак №103 Фрунзенскага раёна — 108 — 638.

школа №23 — участак №13 Фрунзенскага раёна — 95 — 616.

NN.by



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: