Трамп намінаваў амбасадара ЗША ў Беларусі пасля 12 год адсутнасці

Прэзідэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп унёс у Сенат ЗША 30 кандыдатураў чыноўнікаў і дыпламатаў, у тым ліку кандыдатуру Джулі Фішэр на пасаду амбасадаркі ў Беларусі, перадае Радыё Свабода.
Джулі Фішэр

Джулі Фішэр

Трамп назваў Фішэр патэнцыйнай кандыдаткай на гэтую пасаду 21 красавіка.

Сенат ЗША цяпер аднавіў працу пасля перапынку, выкліканага пандэміяй каронавіруса. Сенатары збіраюцца ў Капітоліі, але трымаюцца належнай дыстанцыі, працуюць у масках і пальчатках.

Джулі Фішэр — кар'ерная дыпламатка, цяпер займае пасаду намесніцы памочніка дзяржсакратара ЗША ў пытаннях Заходняй Еўропы і Еўрапейскага Звязу.

Раней яна была часовай паверанай у справах у амбасадзе ЗША ў Расіі, намесніцай кіраўніка місіі ЗША ў NATO, намесніцай дырэктара офіса генеральнага сакратара NATO, дарадцай у палітычных і эканамічных справах у амбасадзе ЗША ў Грузіі, а таксама займала адміністрацыйныя пасады ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША.

Фішэр атрымала ступень бакалаўра ва Універсітэце Паўночнай Караліны і ступень магістра ў Прынстанскім універсітэце. Яна валодае рускай, французскай і грузінскай мовамі.

Ад 2008 года амбасада ЗША ў Беларусі працавала ў скарочаным складзе на чале не з амбасадарам, а з павераным. Узровень дыпламатычных стасункаў быў паніжаны на патрабаванне афіцыйнага Мінска. ЗША адклікалі свайго амбасадара ў Мінску, калі Аляксандр Лукашэнка загадаў скараціць колькасць амерыканскіх дыпламатаў у краіне.

Адносіны паміж краінамі пагоршыліся пасля ўвядзення Вашынгтонам санкцый супраць парушэння правоў чалавека і палітычных рэпрэсій падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 года ў Беларусі.

ЗША і Беларусь упершыню абвясцілі пра планы абмену амбасадарамі ў верасні 2019 года, калі высокі чыноўнік Дзярждэпартаменту Дэвід Гэйл сустрэўся з Лукашэнкам у Мінску.

svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: