Transparency звязала наяўнасць карупцыі са слабай дэмакратыяй

У новым Індэксе ўспрымання карупцыі Беларусь заняла 70-е месца, а Расія — 138-е. Самай некарумпіраванай краінай эксперты Transparency International лічаць Данію.

Карупцыя квітнее "там, дзе дэмакратычныя асновы слабыя", а "палітыкі-папулісты могуць выкарыстоўваць яе ў сваіх мэтах". Пра гэта заявіла Дэлія Ферэйра — старшыня міжнароднай арганізацыі Transparency International (TI), апублікаваным у аўторак, 29 студзеня, штогадовы Індэкс успрымання карупцыі ў 180 дзяржавах.

Больш чым у сотні прадстаўленых краін узровень карупцыі ацэнены ніжэй за 50 балаў па 100-бальнай шкале. "Наша справаздача дэманструе выразную сувязь паміж наяўнасцю здаровай дэмакратыі і паспяховай барацьбой з карупцыяй у грамадскім сектары", — падкрэсліла Ферэйра.

Больш паспяхова з карупцыяй змагаюцца ў Даніі (88 балаў), на 2-м месцы знаходзіцца Новая Зеландыя (87 балаў), 3-е месца падзялілі Фінляндыя, Сінгапур, Швецыя і Швейцарыя (па 85 балаў). Замыкаюць пералік Паўднёвы Судан, Сірыя і Самалі (13, 13 і 10 балаў адпаведна). Германія ў новым рэйтынгу пагоршыла сваю пазіцыю, заняўшы 11-е месца.

Эксперты TI адзначаюць пагаршэнне сітуацыі ў Расіі, якая знаходзіцца на 138-м месцы з 180 (28 балаў), паміж Папуа-Новай Гвінеяй і Каморскімі астравамі. Напярэдадні Мінюст РФ прапанаваў вызваляць ад адказнасці за карупцыйныя злачынствы, учыненыя "з прычыны абставін непераадольнай сілы".

Украіна паднялася на 10 радкоў і заняла ў рэйтынгу 120-е месца (32 балы), а Беларусь — 70-е, другі год запар захоўваючы 44 балы. Сярод былых рэспублік СССР найбольш высокі вынік паказала Эстонія (18-е месца), а самы нізкі — Туркменія (161-ы радок).

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!