Трэці Рым — Масква ці Кіеў?

Украіна нарэшце атрымала томас — права на сваю аўтакефальную царкву, якую прызнае Канстанцінопаль. Вачыма сучаснага чалавека, выглядае ўсё гэта дзіўнавата: сабраліся дзядзькі з бародамі, нешта падпісалі… Хутчэй нагадвае рэаліі і перспектывы Копцкай ці Эфіопскай царквы, улічваючы, што жывем мы ў ХХІ стагоддзі, падчас палётаў на Марс і генетычных эксперыментаў.


Але калі глянуць на гэта праз перспектыву стагоддзяў — і будучых, і мінулых, — падзея эпахальная. Нароўні з увядзеннем бязвізу, рэформай войска, томас — гэта ўжо эпоха найноўшай гісторыі Украіны. Украіна змяніла сітуацыю, якая існуе з сярэдзіны XVII стагоддзя, — часу, які нам і ўявіць цяжка. Менавіта тады, за часамі Хмяльніцкага, калі Левабярэжная Украіна апынулася ў складзе Расіі, тут і запанаваў Маскоўскі патрыярхат.

Нам спрабуюць навязаць бачанне, маўляў, гэта «раскол» і «трагедыя» для Праваслаўнай царквы агулам. Зразумела, кажуць гэта апалагеты Масквы, дзе царква ўжо даўно пераўтварылася ў «міністэрства па справах рэлігіі» — накшталт таго, як Сінод пры Пятры І падпарадкоўваўся обер-пракурору і быў звычайнай чыноўніцкай структурай. Царква, зрэшты, гэта не толькі пра веру, але і пра ідэалогію. І аўтакефалія для Украіны — гэта старт рэанімацыі ідэалогіі Русі, якой доўгія гады карысталася адно Масква.

Якая гэта ідэалогія і што яна дае? Пры ўсіх «але», мы жывем у гістарычным канструкце, згодна з якім з’яўляемся нашчадкамі Русі — палітычнай, культурнай і эканамічнай сістэмы, што існавала 1000 гадоў таму. Адзіным бясспрэчным цэнтрам прыцягнення Русі заўжды вызнаваўся Кіеў. З часам Расія ўсю гэтую спадчыну прысабечыла: мову, веру, мінуўшчыну і гэтак далей. Гісторыя пераўтварылася ў ідэалагічную зброю. Хрэстаматыйны прыклад — адказ Кацярыны ІІ на папрокі ў падзеле Рэчы Паспалітай: маўляў, яна не ўзяла ані пядзі польскай зямлі — адно вярнула спадчыну Рурыкавічаў…

Зразумела, нацыянальныя і дэмакратычныя сілы ва Украіне пакуль гуляюць з іншымі трэндамі: этнічны нацыяналізм, еўраінтэграцыя, выбудоўванне сцяны з Расіяй. Агулам зараз гэта правільна. Але што з далейшай перспектывай? Канцэпцыю «шчыта Еўропы» калісьці ўжо выкарыстоўвала Рэч Паспалітая, але тое дрэнна скончылася. Ад чаго зараз Украіна мае прыкрываць ЕС? Ад краіны, якая забяспечвае Еўропу нафтай і газам, чые алігархі трымаюць у Швейцарыі ці Аўстрыі свае капіталы, валодаюць нерухомасцю, вучаць дзяцей, самі маючы, часцяком, англійскія пашпарты? Ці патрэбны такі «шчыт» Еўропе? Альбо гэта наўпрост даніна традыцыям і каштоўнасцям, ад якіх Брусель хоча, але пакуль не можа адмовіцца?

Калі паглядзець на наш рэгіён — колішнюю Русь і Літву — з пункту гледжання гістарычнай перспектывы, то мы ўбачым вельмі падобныя працэсы. Беларусь, Украіна, Расія, Літва, Латвія — будучы рознымі, усе мы сутыкаемся з вельмі падобнымі выклікамі. Гэта і дэмаграфічны крызіс, і алкагалізм (Літва, дарэчы, пару гадоў таму была на першым месцы ў свеце!), і масавая міграцыя… Усё гэта нагадвае павольнае спаўзанне ў нікуды.

Зразумела, што на фоне гэтых сапраўды сур’ёзных праблем рускія «панты» з не здольнымі ляцець ракетамі і перманентнымі вайсковымі канфліктамі выглядаюць вельмі недарэчна. Бо ўвесь наш рэгіён, па вялікім рахунку, стаіць перад перспектывай стаць «шэрай зонай», памежжам між Еўропай і Кітаем. Нездарма тыя ж кітайцы, якія не так даўно лічылі СССР сваім «старэйшым братам», зараз нават прыдомак «го» («дзяржава») больш не ўжываюць да Расіі, нібы дэманструючы, што для іх гэта — толькі тэрыторыя, прастора.

Авантуры Расіі, якія мы назіраем апошнімі гадамі, насамрэч — крызіс ідэалогіі. Зразумела, што любая імперская ідэалогія — гэта экспансія. Але экспансія магчымая, калі ёсць рэсурсы: чалавечыя, матэрыяльныя, інтэлектуальныя, вайсковыя, іншыя... Таму і сённяшнія рухі Крамля, хутчэй, нагадваюць банальную «белачку»: не налілі, таму псіхіка дае збоі…

Ад былой магутнасці і міжнародных уплываў у Расіі застаўся адно карагод дзіўных утварэнняў-саюзнікаў: Паўднёвая Асеція, Абхазія, Прыднястроўе, ДНР/ЛНР. Яшчэ ёсць нейкія ўплывы ў Сярэдняй Азіі, якія Масква паступова губляе. Ёсць розныя Нікарагуа ды астравы ў цёплых акіянах, якія ці то вызнаюць, ці то не вызнаюць Абхазію з Асеціяй. Ну, і Беларусь. Пагадзіцеся, на фоне паваеннага СССР, на які арыентавалася ці не траціна краінаў свету, — сітуацыя фатальная.

Часцяком бывае, што гаворыш з рускім — ён адэкватны. Крытыкуе Пуціна, супраць аг­рэсіі на Данбасе, «Крым не наш» і гэтак далей. Але калі спытаеш пра выйсце — чалавек губляецца, наўпрост яго не бачыць. Чаму? Бо любая радыкальная палітычная змена — гэта пагроза распаду Расіі. А значыць — катастрофа. Не толькі эліты Расіі, але і ўвесь народ стаўся закладнікам памылак, як сучасных, так і даўнешых.

Расіяне зараз адкрыта кажуць: так, мы некалі ўзялі на ўзбраенне і карыстаемся дагэтуль «ардынскай ідэалогіяй» — ідэямі жорсткай улады, цэнтралізацыі і мабілізацыі. Каб не ўзялі, маўляў, ніколі б не сталі тымі, кім ёсць зараз: была б такая сабе краіна памерам з 5–7 Францыяй без ядзернай бомбы — і ўсё. Ноўгарад бы «анямечыўся», Украіна і Беларусь сышлі «пад Польшчу»...

Дзяржаўная ідэалогія Расіі заўжды трымалася на канцэпцыі знешняга ворага (Польшча, Францыя, Германія, ЗША). Чаго хоча знешні вораг? Падзя­ліць. Нават бальшавікі «белым» закідалі найперш не палітычныя праграмныя моманты, але супрацу з замежнікамі: Вялікабрытаніяй, Францыяй, Кітаем, Японіяй — зноў жа, з мэтай па­дзяліць Расію на сферы ўплыву.

Але вернемся да сучасных рэаліяў. Пасіянарны касцяк расійскага імперыялізму сёння — гэта, фактычна, бураты і чачэнцы. Нездарма Кадыраў стаў адным з сімвалаў сённяшняй крамлёўскай сістэмы, а «бурацкія шахцёры» — сумнай метафарай агрэсіі на Данбасе. Ці здольныя былі б этнічныя рускія на свае «крыжовыя паходы» без іх? Вялікае пытанне. Але і перспектыва тады ў Расіі не дужа вясёлая — пераўтварыцца ў «бурата-чачэнскую імперыю» ў шырокім полі ўплыву Кітая…

На фоне ўсяго гэтага Украіна выглядае даволі пазітыўна. Па колькасці — траціна насельніцтва Расіі. Калі казаць пра праваслаўнае насельніцтва — атрымаецца яшчэ большы працэнт. Дык чаму б Украіне не ўзяць на ўзбраенне ідэалогію Русі і Трэцяга Рыму, праваслаўнага цэнтру Усходняй Еўропы, якой дагэтуль карысталася адно Расія?

Лагічна спытаць: а навошта тое Украіне? Насамрэч — дзеля будучыні. Час ляціць хутка, але казаць, што Расія разваліцца зараз ці праз 10 гадоў — наіўна. Мы наўпрост гэтага не ведаем. Роўна як і пра перспектывы ЕС. Зараз Украіна адбіваецца, таму і карыстаецца абарончай ідэалогіяй, ідэяй шчыта. Ідэалогія Русі — гэта ідэалогія наступу, ідэя цэнтру, якая можа быць запатрабаваная ў перспектыве.

Зразумела адно: мы (беларусы, украінцы, рускія) нікуды адсюль не пойдзем, а значыць, будзе аб’ектыўная патрэба неяк жыць побач. Спаленага Крамля не будзе, а калі будзе, то добрым гэта нічым не скончыцца: у гісторыі падобныя выпадкі адно кансалідавалі рускіх і правакавалі на мабілізацыю і помсту. Таму ці не лепш рыхтаваць, прынамсі, ідэалагічную базу для згоды: не з сучасным Крамлём, але з рускімі як з народам. І тут акурат Украіна мае цудоўны шанец выбіць карты з рук апанентаў, заявіўшы на ўвесь свет: «Мы — цэнтр. Мы і ёсць рускія!»



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!