Трывожны снежань 2018-га

Рашэнні ў нас прымаюцца ў Палацы Незалежнасці, а адказваць за іх рэалізацыю даводзіцца ўсім грамадзянам.

Калі б не чарговыя беларуска-расійскія разборкі ў снежні, то 2018 год для «беларускай мадэлі» і яе насельнікаў можна было б аднесці да цалкам паспяховых. Калі верыць афіцыйнай статыстыцы, за студзень-кастрычнік да адпаведнага перыяду мінулага года ВУП склаў 103,5%, рэальна наяўныя грашовыя даходы насельніцтва — 107,8%, рэальная заработная плата — 112,3%. Усяго на 4,2% за дзесяць месяцаў павялічыліся рознічныя кошты.

Не выклікае трывог і бліжэйшая будучыня. 20 снежня адзіны палітык (АП) зацвердзіў задачы развіцця Беларусі на 2019 год: інфляцыя не перавысіць 5%, ВУП падрасце на 4%, што вышэй за сярэднесусветны ўзроўню. Эканоміка — гэта наша ўсё. Без эканомікі, якая дынамічна расце, немагчыма выкананне галоўнай задачы — павышэнне дабрабыту беларусаў, на што ўвесь час нацэльвае вертыкаль улады АП.

На гэтым фоне беларуска-расійскія разборкі — з’ява, зразумела, непрыемная. Але які год у амаль дваццацігадовай гісторыі Саюзнай дзяржавы без іх абышоўся? Аднак складваецца ўражанне, што гэтым разам мы сталі сведкамі якасна новай з’явы. Па-першае, да такой высновы сваімі разлікамі чаканых шматмільярдных стратаў (10,8 мільярда долараў да 2024 года) і звышжорсткімі заявамі на адрас «нашай Расіі» падштурхоўвае сам АП. Па-другое, «падатковы манеўр» Расіі, як бы да яго ні ставіцца, малюе тлусты крыж на ранейшых прынцыпах датавання «беларускай мадэлі». Новыя ж прынцыпы яшчэ толькі мусяць быць сфармаваныя, і гэты працэс, натуральна, будзе пакутлівы.

Не варта забываць і пра палітыку самаізаляцыі, якую Крэмль актыўна прадбачыў пасля «далучэння» Крыма ў 2014 годзе. Такая палітыка патрабуе прынцыпова іншага ўзроўню падтрымкі ад сузаснавальніцы Саюзнай дзяржавы, але прадэманстраваная яна не была.

Так з драбінак колькасных змен склалася новая якасць. Тое, што яна выявіла сябе ў снежні 2018 года, відаць, выпадковасць. Тым не менш чарговыя беларуска-расійскія разборкі можна смела паставіць на першы радок спісу галоўных падзей адыходзячага года. Яны будуць мець доўгайграючыя наступствы, якія сёння немагчыма пралічыць.

22 сакавіка 2002 года на выніковым пленарным пасяджэнні пастаянна дзеючага семінара кіруючых работнікаў рэспубліканскіх і мясцовых дзяржаўных органаў АП зрабіў прарочую заяву. Цытую: «Усё, што сёння мы маем у эканоміцы, у сацыяльнай і іншых сферах, вынік таго, што мы ўсе гэтыя гады ішлі сваім шляхам, мы жылі сваім розумам. Мы не слухалі «дактароў» з Міжнароднага валютнага фонду, якія прапісвалі лекі, больш небяспечныя за саму хваробу».

Кожная краіна рухаецца сваім шляхам, і Беларусь у гэтым сэнсе не выключэнне. Але калі ступень адхілення ад мэйнстрыму дасягае пэўнай лімітавай велічыні, то развіццё змяняецца дэградацыяй (развіццё ёсць прытрымліванне мэйнстрыму).

У свой час СССР ажыццявіў небуржуазны пераход ад аграрнай эканомікі да індустрыяльнай. За гэту своеасаблівасць грамадства заплаціла мільёнамі жыццяў. Сёння забароны на занятак прадпрымальніцтвам фармальна знятыя, і таму АП даўно ўжо нікога не здзіўляе заклікамі стымуляваць прыватную дзелавую ініцыятыву. Нешта ў гэтым напрамку нават робіцца.

Мэйнстрым першай паловы XXI стагоддзя — гэта пераход ад індустрыяльнай эканомікі да постіндустрыяльнай, фармальнае завяршэнне якога фіксуецца па перавышэнні колькасці занятых у сферы паслуг над колькасцю занятых у прамысловай вытворчасці. Паводле гэтага паказчыку «беларуская мадэль» ідзе ў нагу з усім прагрэсіўным чалавецтвам. Згодна са «Статыстычным штогоднікам –2018», у 2017 годзе ў Беларусі занятымі ў сферы вытворчасці былі 39,5%, а ў сферы паслуг — 60,5% ад гарадской рабочай сілы.

Галоўная своеасаблівасць нацыянальнага пераходу да постіндустрыяльнай эканомікі — захаванне манаполіі дзяржавы на палітычную дзейнасць. Да чаго яна (манаполія) вядзе, добра відаць на прыкладзе беларускай АЭС. У 2018 годзе стала канчаткова зразумела, што ўсе горшыя асцярогі наконт яе будаўніцтва (у першую чаргу, асцярогі эканамістаў) пачынаюць спраўджвацца.

За прынятае бюракратамі рашэнне коштам у 10 мільярдаў долараў расплачвацца, як заўсёды, давядзецца насельніцтву, і першы плацеж ужо не за гарамі. Пры любым развіцці падзей ён павінен быць зроблены не пазней за 1 красавіка 2021 года.

Пра тое, што насельніцтва ўрэшце заўсёды плаціць за ўсё, нагадаў 20 снежня старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Пётр Калаур. Ён ахарактарызаваў «падатковы манеўр» Расіі як выклік, «на які ўсім грамадзянам Беларусі (вылучана. — С.Н.) трэба адказаць годна».

Усё правільна. Гэта рашэнні ў нас прымаюцца ў Палацы Незалежнасці, а адказваць за іх рэалізацыю даводзіцца ўсім грамадзянам.


Адкуль узялася розніца?

Снежань апынуўся бурным не толькі для тых, каму выпала шчасце жыць і працаваць у Саюзнай дзяржаве. Моцна не пашанцавала амерыканцам. З пачатку месяца біржавы індэкс S&P 500 упаў на 11,6%. Гэта горшы вынік для фондавага рынку ЗША з часоў самых цяжкіх гадоў Вялікай дэпрэсіі, піша «Financial Times».

Услед за біржавымі індэксамі ўніз пайшлі і цэны на нафту. А цэны на нафту — гэта наша ўсё. З кастрычніцкага піку ў 85,6 долара за барэль расійская нафта патаннела да 53,6 долара за барэль да канца года. Калі так пойдзе і далей, то ад планаў АП на 2019 год мала што застанецца.

Але ўсё адносна. Мінулы год, тым не менш, можна лічыць паспяховым. Сярэднегадавая цана на нафту Urals з 53 долараў за барэль у 2017 годзе вырасла да 71 долара ў 2018-м (+34%), што і стала галоўнай прычынай росту беларускай эканомікі ў студзені-кастрычніку на прыстойныя па сусветных мерках 3,5%. Пры гэтым уклад нафтапрадуктаў у экспарт склаў 22%.

Прычыны, якія прымусілі АП нарошчваць рэальныя даходы насельніцтва і заработную плату стаханаўскімі тэмпамі ў 2018 годзе так і не былі раскрытыя. Да піку электаральнай «вакханаліі» яшчэ каля двух гадоў. Ва ўмовах фінансавай нявызначанасцяў лагічней было б папаўняць перадвыбарчую скарбонку, а не ладзіць атракцыён «нечуванай шчодрасці». Але што зроблена, тое зроблена, і без чарговай порцыі расійскіх датацыі рост даходаў і заробкаў у надыходзячым годзе можа змяніцца падзеннем.

Незалежныя СМІ ў Беларусі і Расіі адрэагавалі на чарговы ўсплёск эмацыйных заяў АП каментарамі на тэму «Крэмль рыхтуецца да паглынання Беларусі». У прыватнасці, экс-дарадца расійскага прэзідэнта Андрэй Іларыёнаў, аналізуючы снежаньскую прэс канферэнцыю Уладзіміра Пуціна, вылучыў наступнае выказванне: «Зусім яшчэ нядаўна думалі, што і краіны такой больш няма, а, аказваецца, ёсць, і трэба з ёй лічыцца. А 160 мільёнаў у нас пражывае, гэта ж не проста хацелкі нейкія кіраўніцтва краіны, гэта інтарэсы народа, якія мы абараняем. Абараняем акуратна, дарэчы кажучы, без усялякага хамства, спакойна, стрымана. Але робім сваю справу і будзем рухацца далей у гэтым кірунку».

Насельніцтва Расіі на 1 лістапада 2018 года склала 146,8 мільёна чалавек. Адкуль жа ўзяліся 160 мільёнаў? Да выпадковай агаворкі не падобна. Параўноўваючы на прэс-канферэнцыі патэнцыял Расіі і NАТO, Пуцін супрацьпаставіў 146 мільёнам расіян 600 мільёнаў жыхароў краін NАТO.

Атрымліваецца, што коль­касць насельніцтва Расіі не супадае з колькасць тых, каго «мы абараняем». Іларыёнаў тлумачыць розніцу ў 13 мільёнаў чалавек наступным чынам:

Беларусь — 9,5 мільёна чалавек.

ДНР — 2,3 мільёна чалавек.

ЛНР — 1,5 мільёна чалавек.

Паўднёвая Асеція — 0,05 мільёна чалавек.

Лагічна? Лагічна. Пераканаўча? Не вельмі. Тым не менш праігнараваць разлік экс-дарадцы было б неразумна.


* * *

Ці дойдзе ў 2019 годзе справа да абароны інтарэсаў беларусаў расійскімі «зялёнымі чалавечкамі»? Знайсці сцвярджальны і адначасова лагічны адказ на гэта пытанне ў мяне не атрымліваецца, з якога б боку (эканамічнага, палітычнага, сацыяльнага), я б ні заходзіў. Але з гэтага не вынікае, што мая логіка супадае з логікай Крамля. Рэкамендую перачытаць выказванне Пуціна. Яно заканчваецца запэўніваннем, што «мы» (Крэмль) «робім сваю справу і будзем рухацца далей у гэтым кірунку».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: