TUT.BY — пра змены ў Канстытуцыю: зацвярджаць вынікі прэзідэнцкіх выбараў будзе Усебеларускі сход

У распараджэнні рэдакцыі TUT.BY аказаўся дакумент з чарговымі прапановамі па зменах у Канстытуцыю. Частка прапаноў, якая трапіла да журналістаў, тычыцца палітычнай сферы і закранае таксама сацыялогію і правы чалавека.
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь / vb.by

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь / vb.by


Ідэя змяніць Канстытуцыю і перадаць больш прэзідэнцкіх паўнамоцтваў іншым кіруючым органам узнікла як магчымае выйсце з палітычнага крызісу на фоне пратэстаў супраць вынікаў леташніх прэзідэнцкіх выбараў. Да 25 кастрычніка Палата прадстаўнікоў абвяшчала прыём прапаноў па зменах у Асноўны закон краіны ад грамадскіх арганізацый, палітычных партый і нават школ, але пасля прыём прапаноў быў працягнуты на нявызначаны тэрмін.

Адзін з такіх праектаў змен трапіў у рэдакцыю TUT.BY. Паводле інфармацыі партала, у яго распрацоўцы прымаў удзел Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (БІСД), а самі змены прадставяць у лютым на Усебеларускім народным сходзе. Прыводзім кароткую вытрымку з іх:

— за кіраўніком дзяржавы застаецца права прызначаць на пасады суддзяў Вярхоўнага суда, усе астатнія суды прапануецца фарміраваць Вярхоўнаму суду ці абласным судам. Канстытуцыйны суд будзе фарміравацца кіраўніком дзяржавы толькі на трэць, астатнія прапановы па складзе Канстытуцыйнага суда дзеляць пароўну паміж сабой Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі — таксама па 1/3;

— пашыраны спіс суб'ектаў з правам заканадаўчай ініцыятывы: у яго дададзены Вярхоўны і Канстытуцыйны суды, Генпракуратура, Камітэт дзяржкантролю і Нацбанк;

— за Усебеларускім народным сходам прапануецца замацаваць статус «прадстаўнічага і ўстаноўчага органа ўлады, які валодае правам прадстаўляць інтарэсы насельніцтва і прымаць ад яго імя рашэнні па найважнейшых пытаннях дзяржаўнага жыцця і дзяржаўнага будаўніцтва». За ім жа замацоўваецца права зацвярджаць вынікі прэзідэнцкіх выбараў;

— аўтары гэтага праекта змен у Канстытуцыю «бяруць на сябе смеласць» увесці мараторый на смяротнае пакаранне. У якасці дадатку да «сацыяльнай» часткі змен — прапанова аб увядзенні пасады Упаўнаважанага па правах чалавека. Прызначаць яго будзе Палата прадстаўнікоў са згоды Савета Рэспублікі на чатыры гады;

— чыноўнікаў хочуць абавязаць мець акаўнты ў сацсетках, праз якія, на думку аўтараў, варта было б даваць больш «самакрытычнага матэрыялу» — такім чынам мяркуецца вырашыць праблему адарванасці ўлады ад рэальнасці.

Кіраўнік БІСД Алег Макараў сказаў TUT.BY, што дакумент гэты бачыць упершыню, а на Усебеларускім народным сходзе, на яго думку, будуць прадстаўлены «толькі падыходы, не праекты».

Падобных экспертных меркаванняў цяпер шмат, пра якія-небудзь абагульненыя дакументы нейкіх груп мне невядома, мы [БІСД] удзельнічаем у прапампоўцы гэтых пытанняў таксама экспертна. Думаю таксама, што на Усебеларускім народным сходзе будуць прадстаўлены розныя пункты гледжання рознымі ўдзельнікамі, паколькі кола пытанняў зразумелае, а меркаванні розныя. Мне здаецца, на Усебеларускім народным сходзе будуць разглядацца толькі падыходы, а не праекты, — лічыць Алег Макараў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: