Сочынскі ваяж і мора праблем

Перамовы Лукашэнкі і Пуціна, якія доўжыліся пяць гадзін, дый яшчэ некаторы час на яхце, падалей ад чужых вачэй, выклікалі багата здагадак, разваг і тэорый у палітолагаў і экспертаў. Паколькі пра вынікі, як гэта заведзена апошнім часам, прэсе не паведамлялі, то прастор для чутак і версій — папросту велізарны.
Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

Нехта кажа, што Пуцін «злівае» Лукашэнку, нехта — што, наадварот, падтрымлівае. Некаторыя мяркуюць, што Расія блізкая да інкарпарацыі Беларусі, іншыя — што ёй такі «праблемны актыў» і дарма не трэба. І гэтак далей і далей. Усе чамусьці думаюць, што два кіраўнікі вырашалі лёсавызначальныя пытанні і абмяркоўвалі сусветныя праблемы. А на самой справе ўсё можа быць зусім не так.

Вось, напрыклад, пісалі мы ў мінулым аглядзе, што з-за скандалу з рэйсам «Ryanair» беларускія банкі аказаліся адрэзаныя ад крыніцы наяўных долараў, паколькі бралі іх на хабах Еўропы. Няма самалётаў — няма дастаўкі валюты. Значыць, трэба шукаць іншыя шляхі. Таму Пуцін і Лукашэнка маглі размаўляць пра тое, як атрымаць наяўныя долары праз адпаведныя банкаўскія структуры ў Маскве.

Да таго ж, Беларусі трэба выплачваць крэдыты, якія намінаваныя, у асноўным, у валюце. Між тым, у структуры нашых золатавалютных рэзерваў прыкладна палова — гэта манетарнае золата, у тым ліку залатыя зліткі. А калі на пагашэнне крэдытаў будуць выдаткоўвацца ЗВР, то гэтыя зліткі трэба недзе прадаць. Самалёты, зноў жа, не лятаюць: дзе прадаць золата, куды яго везці? Ці можна тое зрабіць у Маскве, ці дае на гэта дазвол Пуцін?

На гэтым тыдні скончыўся 45-дзённы «ахоўны перыяд» — набылі моц санкцыі ЗША ў дачыненні да «Белнафтахіма» і яго прадпрыемстваў. Пры гэтым структура санкцый ЗША значна змянілася: калі раней пад яе траплялі толькі «падсанкцыйныя» кампаніі, то цяпер — усе контрагенты, якія маюць справу з санкцыйнай прадукцыяй: ад дылераў да банкаў. У сувязі з гэтым, канешне, узнікае пытанне, як прадаваць беларускія нафтапрадукты ў Еўропу. Вядома, «Белнафтахім» прымудрыўся не падзяліць бензін на выраблены на «Нафтане», у дачыненні да якога дзейнічаюць санкцыі, і выраблены на Мазырскім НПЗ, у дачыненні да якога санкцый няма. Але гэта можа прывесці толькі да таго, што ЗША «забаняць» увесь беларускі бензін цалкам. А значыць, патрэбныя схемы яго перапраўкі на Захад. Напрыклад, праз парты ў Усць-Лугу (аб чым у нас ёсць дамоўленасць з Расіяй) і, можа быць, пад выглядам расійскай прадукцыі. Кшталту таго, як у Маскве з’явіліся некалі «беларускія крэветкі», так і ў Гамбургу, можа быць, з’явіцца «расійскі бензін».

Але без Пуціна гэта наўрад ці правернеш.

І наогул, хутка ў нас бензіну будзе — хоць заліся. Вось адказалі мы на ўкраінскае «закрыццё неба» тым, што спынілі туды пастаўкі АІ-95. Дык кіраўнік «Укртатнафты» Павел Аўчарэнка нават не засмуціўся з таго факту.
Адзін Крэменчугскі НПЗ забяспечваў нафтапрадуктамі 43% рынку Украіны, пры гэтым перапрацоўваючы 7,5 тысяч тон нафты ў месяц. А магутнасці завода дазваляюць перапрацоўваць да 12,5 тысяч тон. Гэта значыць, ледзь не палова прадпрыемства прастойвала. «У нас проста цяпер стаяць пад разгрузкай два танкеры ў порце на 160 тысяч тон нафты», — сказаў Аўчарэнка, празрыста намякаючы на тое, што ім ад беларускага «эмбарга» ні холадна, ні горача.

Куды падзець беларускі бензін і колькі яго возьме Расія? Таксама цікавае пытанне для абмеркавання.

Акрамя таго, Беларусь усталявала разавае ліцэнзаванне імпарту асобных тавараў з Украіны. У гэты пералік традыцыйна трапілі «кандытарка», піва, шпалеры, будаўнічыя матэрыялы. Але ў спіс чамусьці ўнеслі і «ампулы шкляныя». Пуціна павінна было зацікавіць, у якую тады тару мы будзем разліваць вырабленую ў Беларусі расійскую вакцыну ад COVID-19 «Спутник V»? І так людзі скардзяцца на перабоі з дозамі, а цяпер што?

А яшчэ Еўропа так абурылася прымусовай пасадкай «Ryanair», што задумалася наконт санкцый у дачыненні да «Беларуськалія» і нават пра перакрыццё транзіту расійскага газу праз Беларусь. Калі раптам здарыцца апошняе, то Расіі давядзецца зноў адкручваць газавыя кранікі ў напрамку «варожай» Украіны, што не толькі для Беларусі страты, але і для Пуціна як сярпом па прычынным месцы. Праблема? Так.

І нават не варта гаварыць пра абвешчаны вынік перамоў — дазвол «Белавія» наўзамен Еўропы лётаць у расійскія рэгіёны. Як быццам ім раней хтосьці забараняў гэта рабіць. Нявыгадна было — вось і не лёталі. А цяпер, калі паліва будзе заваліся, а ў іншыя краіны не пускаюць, можна і заняцца тым, што раней лічылася непрыбытковым.

Толькі гэтыя пытанні, без розных «геапалітычных выбараў» ды «інтэграцыйных карт», маглі заняць нават не пяць гадзін, а значна больш часу для абмеркавання. Бо гэта даволі істотныя рэчы: фінансы, энергетыка, транзіт. Наўрад ці іх можна вырашыць без Пуціна.

Але расказваць такое журналістам — сумна, доўга і нявыгадна. Бо ў кожнага нармальнага чалавека ўзнікне пытанне, чаму і навошта беларускія ўлады дзейнічаюць у рэжыме мексіканскага серыялу — то-бок спачатку ствараюць сабе праблемы, а потым доўга і цяжка іх «разрульваюць». І пры гэтым не толькі самі спрабуюць «разруліць», але і з нейкай незразумелай логікі перавешваюць іх на суседнюю дзяржаву і суседняга кіраўніка.

А ад такіх пытанняў недалёка і да высновы, што праблема насамрэч — у крыніцы праблем. І вырашаецца гэтая першапачатковая праблема проста ў тры крокі: вызваленне палітвязняў, перамовы з апазіцыяй і новыя выбары па стандартах АБСЕ.

Цікава, але ў Крамлі гэта зразумелі. Не проста ж так Пуцін сказаў, што інтэграцыя ў Саюзнай дзяржаве павінна ісці не спяшаючыся, спакойна. Раней пра тое, што «спяшацца не трэба», гаварыў выключна Лукашэнка, а Крэмль наадварот усяляк падштурхоўваў Мінск на шляху да «глыбокай інтэграцыі». Цяпер «не спяшацца» заклікае Пуцін: імаверна, з разумення, што любыя інтэграцыйныя пагадненні, падпісаныя чалавекам, якога не прызнаюць легітымным прэзідэнтам, нічога не вартыя.

Па ідэі, усвядоміўшы «а», Крэмль павінен рабіць і «б» — хоць бы падумаць пра тое, каб у Беларусі з’явілася ўлада, з якой можна будзе размаўляць далей. На тыдні прозвішча Святланы Ціханоўскай знікла з базы даных асоб, якія ў крымінальным вышуку на тэрыторыі Расіі. Супадзенне?


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: