Тым, хто хоча пастраляць у сваёй краіне — не месца на кіруючых пасадах!

Палітрада Аб'яднанай грамадзянскай партыі выступіла з заявай, нагодай для якой сталі выказванні Аляксандра Лукашэнкі 4 чэрвеня падчас нарады па кадравых пытаннях.

Фота: прэс-служба Лукашэнкі

Фота: прэс-служба Лукашэнкі



У заяве адзначаецца, што «Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь устанаўлівае, што народ Беларусі — яе грамадзяне — адзіная крыніца дзяржаўнай улады і носьбіт суверэнітэту. Народ ажыццяўляе сваю ўладу праз выбары органаў улады. Выбары павінны адбывацца ва ўмовах роўнай канкурэнтнай барацьбы кандыдатаў, праграм і ідэй і даваць магчымасць грамадзянам абраць таго кандыдата, які ў найбольшай ступені адказвае іх запытам і жаданням.

Аднак, падчас бягучай выбарчай кампаніі, адзін з прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта — Аляксандр Лукашэнка — заявіў 4 чэрвеня, што астатнія кандыдаты "не атрымаюць краіну". Гэта азначае, што ён ужо зараз адмаўляецца падпарадкавацца волі народа, калі народ абярэ іншага Прэзідэнта. Больш за тое, Лукашэнка прывёў прыклад былога прэзідэнта Узбекістана, які здушыў народныя пратэсты, расстраляўшы тысячы чалавек. Лукашэнка сказаў: "Забыліся...?...Ну так мы нагадаем"».

Аўтары заявы звяртаюць увагу, што «грамадзяне краіны разумеюць, што ў Лукашэнкі няма ніякіх шанцаў не толькі перамагчы на выбарах, але і надаць праўдападобнасць фальсіфікацыям, да якіх ён звяртаўся на папярэдніх выбарах, імкнучыся пераканаць грамадзян Беларусі, увесь свет у сваёй перамозе. Лукашэнка разумее, што пратэсты ў выпадку абвяшчэння пераможцам таго, хто прайграў, будуць непазбежнымі, і імкнецца загадзя запалохаць людзей.

Незалежна ад таго, наколькі сур'ёзныя яго пагрозы, яго дзеянні сеюць варожасць і з'яўляюцца заклікам да беспарадкаў, у іх утрымліваюцца не толькі прыкметы парушэнняў, прадугледжаных Выбарчым кодэксам, але і дзей, прадугледжаных Крымінальным кодэксам».

Палітрада АГП у сувязі з гэтым заяўляе, што паводзіны грамадзяніна Лукашэнкі з'яўляецца недапушчальным і ганебным для дзяржаўнага дзеяча і патрабуе ад Генеральнай пракуратуры праверыць яго дзеянні на прадмет парушэнняў, прадугледжаных арт. 342, 357, 361, 424 Крымінальнага кодэкса а таксама падрыхтовак да дзеянняў, прадугледжаных арт. 382 Крымінальнага кодэкса, бо ў яго заявах утрымліваюцца заклікі да ігнаравання заканадаўства, а таксама дэкларацыя намераў па арганізацыі супрацьпраўных дзеянняў, прадугледжаных вышэйпералічанымі артыкуламі.

Акрамя таго, палітрада АГП патрабуе ад КДБ вынесці грамадзяніну Лукашэнкі афіцыйную перасцярогу аб недапушчальнасці здзяйснення дзеянняў, якія пагражаюць нацыянальнай бяспецы краіны, у тым ліку заклікаў да парушэння законаў, да незаконнага ўжывання зброі супраць грамадзянскіх асоб, што можа выклікаць масавыя беспарадкі, заявы аб намеры незаконна прысвоіць паўнамоцтвы ў выпадку абрання іншага кандыдата, адмовы ад перадачы ўлады ў адпаведнасці з Законам.

Патрабуе ад ЦВК вынесці прэтэндэнту на статус кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнкі папярэджанне за вышэйпаказаныя дзеянні і адмовіць яму ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты, так падобныя паводзіны не толькі ганьбіць нашу краіну, але і недапушчальны для чалавека, які павінен прынесці прысягу выконваць Канстытуцыю і служыць народу, чыю волю ён загадзя адмаўляецца прызнаваць.

Таксама Палітрада АГП звярнулася да грамадзян Беларусі з заклікам адмовіць у падтрымцы чалавеку, які дэманструе поўную непавагу да выбаршчыкаў і дазваляе сабе публічна заяўляць аб намеры парушаць Закон.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: