У ААН зарэгістравалі скаргу на забарону пікетаў за незалежнасць Беларусі

Валанцёры гомельскага Цэнтру стратэгічных цяжбаў Ала Раманчык і Наталля Шчукіна атрымалі паведамленне ад Камітэту ААН па правах чалавека (КПЧ ААН) аб рэгістрацыі 3 красавіка іх сумеснай скаргі. Пра гэта паведаміў кіраўнік гомельскага Цэнтру стратэгічных цяжбаў Леаніда Судаленку, перадае Радыё Свабода.
Марш абураных беларусаў у Гомлі, люты 2017. Ілюстрацыйнае фота

Марш абураных беларусаў у Гомлі, люты 2017. Ілюстрацыйнае фота

У Арганізацыі аб’яднаных нацый Раманчык і Шчукіна абскардзяць забарону ўладаў на правядзенне ў Брагіне, Лоеве, Жлобіне і Мазыры пікетаў у падтрымку цэласнасці і незалежнасці Беларусі. Раённыя суды і Гомельскі абласны суд, дзе абскарджваліся рашэнні райвыканкамаў, позвы заяўнікаў не ўхвалілі.

«Беларусь не выконвае міжнародныя абавязацельствы, таму што нацыянальны закон аб масавых мерапрыемствах утрымлівае двухсэнсоўныя і неакрэсьленыя нормы, якія могуць тлумачыцца па-рознаму. Таму ў скарзе ў КПЧ ААН мы просім усталяваць не толькі факт парушэння правоў чалавека з боку дзяржавы, але і параіць беларускай дзяржаве прывесці нацыянальнае заканадаўства аб мірных сходах у адпаведнасці з міжнароднымі абавязкамі», — заявіў Леанід Судаленка.

Паводле слоў Судаленкі, Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў ужо 268 скаргаў супраць беларускага ўраду, 80 з іх былі падрыхтаваныя гомельскім Цэнтрам стратэгічных цяжбаў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!