У аргкамітэце партыі «Разам» адказалі, ці з'яўляецца яна «рукой Крамля»

Прадстаўнікі каманды Віктара Бабарыкі Максім Баграцоў і Іван Краўцоў пракаментавалі намёкі на прарасійскасць партыі «Разам».
«Дзіўна прыпісваць нам нейкія знешнія фактары і падтрымку, калі ў нас палова штаба сядзіць у турме. Напэўна, гэта выглядае па-іншаму, калі ёсць нейкія дамоўленасці», — адзначыў Краўцоў падчас стрыму ў сераду на афіцыйным канале Віктара Бабарыкі .

«З траўня мы бачылі не раз тэму ўплыву знешніх сіл. Яна падымалася з розных бакоў, рознымі СМІ. І, вядома, гэта было цікава назіраць, калі нашай камандзе і аб'яднанай камандзе штабоў прыпісвалі то руку Крамля, то руку Дзярждэпартамента», — заявіў ён .

Карціна, паводле слоў Краўцова, пастаянна змянялася. «Мы памятаем, як затрымлівалі расійскіх спецагентаў, а праз два тыдні сталі казаць, што ўсё фінансуецца з ЕС», — сказаў спікер.

«Мы ўжо прывыклі да гэтых канспіралагічных тэорый, але час усё расставіць па сваіх месцах», — падкрэсліў ён.

«Самае страшнае ў цяперашняй сітуацыі — нічога не рабіць, не знаходзіць для сябе спосабаў дэманстрацыі, што нас большасць», — адзначыў, у сваю чаргу, Баграцоў.

«Для нас партыя ці ўлада не з'яўляецца самамэтай. Галоўнае — паляпшэнне жыцця ў краіне, забеспячэнне свабоды слова, свабоды волевыяўлення», — адзначыў ён.

Гаворачы пра абарону даных людзей, якія маюць намер далучыцца да партыі, у аргкамітэце заявілі, што ўсе даныя захоўваюцца не ў Беларусі, яны знаходзяцца на серверах «Amazon». «Але трэба разумець, што партыя — гэта арганізацыя, дзе сваю пазіцыю выказваюць адкрыта», — адзначыў Краўцоў. Гэта не партызанскі рух, заявіў ён, гэта рух для тых, хто гатовы публічна выказваць сваю пазіцыю.

«Элементы рызыкі, як заўсёды, ёсць. Але мы лічым, што гэта цяпер самы бяспечны спосаб палітычных дзеянняў», — дадаў Баграцоў. Разам мы зможам многае, адзначыў ён. Можна пасадзіць аднаго суперніка, дзясятак ці сотню, але немагчыма арыштаваць ідэю. Улада ў выніку зразумее, што рэпрэсіі — гэта абсалютна  непрацуючы механізм.

У канцы сакавіка штаб экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктара Бабарыкі абвясціў аб запуску кампаніі па стварэнні партыі «Разам», устаноўчы з'езд якой запланаваны на травень.

Мэта партыі — аб'яднанне разрозненых ініцыятыў, змяненне заканадаўства (у прыватнасці, «Закона аб масавых мерапрыемствах» і Выбарчага кодэкса), развіццё сеткі рэгіянальных актывістаў, падтрымка незалежных СМІ, вызваленне палітвязняў. Партыя «Разам» разлічвае на вылучэнне сваіх кандыдатаў на мясцовых выбарах у гэтым годзе.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: