У Беларусь прыедзе прэзідэнт Зімбабвэ

Прэзідэнт Зімбабвэ Эмерсан Мнангагва на наступным тыдні плануе наведаць Беларусь. Як паведамляе herald.co.zw са спасылкай на прэс-сакратара прэзідэнта Джорджа Чарамбу, запланаваны візіты Мнангагвы ў чатыры краіны — Расію, Беларусь, Азербайджан і Казахстан. Акрамя таго, ён мае намер прыняць удзел у Сусветным эканамічным форуме ў Давосе (Швейцарыя).
Sipa/Scanpix

Sipa/Scanpix

Гэтыя візіты прэзідэнта Чарамба назваў стратэгічнымі і паведаміў, што па іх выніках чакаецца падпісанне вялікай колькасці пагадненняў і мемарандумаў. Па словах прэс-сакратара, візіты ў Расію, Беларусь, Азербайджан і Казахстан арганізаваны па запрашэнні гэтых краін.

Гаворачы пра Беларусь, Чарамба адзначыў, што ў Зімбабвэ пастаўляецца беларуская тэхніка і абсталяванне для горназдабыўной і будаўнічай галіны. Беларусь таксама ўдзельнічае ў рэалізацыі інфраструктурных праектаў у Зімбабвэ.

У верасні 2018 года Зімбабвэ наведаў кіраўнік спраў Аляксандра Лукашэнкі Віктар Шэйман. Як паведаміла прэс-служба беларускага кіраўніка, прайшлі перамовы з прэзідэнтам Зімбабвэ, старшынёй Рэзервовага банка, вядучымі міністрамі, якія курыруюць сферы замежных справаў і міжнароднага гандлю, горнай здабычы і развіцця здабыўной галіны, сельскай гаспадаркі, транспарту і развіцця інфраструктуры.

Бакі абмеркавалі напрамкі сумеснай работы ў сельскай гаспадарцы, транспарце, лагістыцы, электраэнергетычнай сферы, будаўніцтве, адукацыі, ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве, пытанне паставак у Зімбабвэ беларускай тэхнікі.

Паводле інфармацыі прэс-службы, дасягнуты пагадненні аб стварэнні прадпрыемстваў, прапрацоўцы пытанняў у галіне сумеснага развіцця інфраструктуры, будаўніцтва жалезных, аўтамабільных дарог, стварэння лагістычных цэнтраў. Прынята рашэнне аб стварэнні рабочай групы па адпаведных напрамках.

Акрамя таго, падчас паездкі былі падпісаныя кантракты на пастаўкі лесанарыхтоўчай, дарожна-будаўнічай, грузавой тэхнікі амаль на 60 млн долараў.

naviny.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!