У Беларусі хочуць стварыць праўладную партыю. Яна будзе выступаць за «моцную прэзідэнцкую рэспубліку»

Старшыня «Белай Русі» Генадзь Давыдзька абвясціў, што на базе аб'яднання плануюць стварыць праўладную партыю, якая зоймецца «барацьбой за ўладу». Таксама ён паразважаў пра падзеі лета-2020 і пра тое, чаму яго прыхільнікам «яшчэ рана святкаваць поўную перамогу». Пра гэта ён распавёў у эфіры YouTube-канала супрацоўніка АНТ Ігара Тура.

«Барацьба за ўладу» і «моцную прэзідэнцкую рэспубліку»

Па словах Генадзя Давыдзькі, «Белая Русь» застанецца грамадскім абʼяднаннем і будзе вырашаць «вельмі вялікія задачы, якія стаяць перад нашым грамадствам» у сферах медыцыны, адукацыі і экалогіі. «Барацьбой за ўладу» і «моцную прэзідэнцкую рэспубліку», па яго словах, можа заняцца новая палітычная партыя. Яе рабочая назва – «За Радзіму».

Згодна з Канстытуцыяй, грамадскае абʼяднанне не можа заснаваць палітычную партыю. Гэта значыць, «Белая Русь» стварыць партыю цяпер не можа. Таму зрабіць гэта плануюць пасля рэферэндуму (верагодна, аб папраўках у Канстытуцыю) і змены заканадаўства аб палітычных партыях. Пры гэтым «Белая Русь» плануе працягнуць працу.

«Грамадская арганізацыя будзе і заўсёды застанецца. Але мы будзем выступаць ініцыятарамі стварэння партыі, таму што палітычнае будаўніцтва ў нас у краіне павінна быць», — сказаў Генадзь Давыдзька.

Таксама ён нагадаў пра ролю «Белай Русі» у выбарах і рэферэндумах — прадстаўнікі грамадскага абʼяднання вельмі часта трапляюць у склады выбарчых камісій.

«Амаль 70% выбарчых участкаў фармавалася на базе ў тым ліку і нашай арганізацыі. Большасць старшыняў выбарчых участкаў — сябры нашай арганізацыі, якія намі інструктаваліся, каб усё было сумленна, усё было справядліва», — сказаў кіраўнік «Белай Русі».

«У нас яшчэ трэба будзе вялікая барацьба, вялікая праца»

Па словах Генадзя Давыдзькі, яго прыхільнікі самі прапаноўвалі арганізаваць партыю, пачынаючы са жніўня 2020 года, а тэлефоны ў іх у офісе разрываліся.

«У нетрах "Белай Русі" ўжо кіпяць людзі, асабліва вось гэтыя жнівеньскія падзеі мінулага года — яны проста ўзбурылі ўсіх. Тэлефоны ў нас у цэнтральным офісе разрываліся: "Давайце дамо адпор!", "Давайце збярэмся!", "Давайце зробім партыю!", "Давайце ўціхамірым іх!" Але мы настолькі былі збянтэжаныя..

Давыдзька распавёў, яго прыхільнікі былі ўпэўнены ў выніках выбараў.

«І раптам аказваецца, у гэты час у сацсетках, дзе заўгодна таемна рыхтавалася гэтая пратэсная гісторыя. Якая потым выплюхнулася на вуліцы, і мы былі збянтэжаныя. Мы тады не разумелі, што гэта старанна рыхтавалася, гэта магутна прафінансавана, што гэта тэхналогіі... Мы наіўныя былі... і вось сёння год сапраўднай барацьбы за суверэнітэт».

Па словах Давыдзькі, пасля жніўня 2020 года з «Белай Русі» выйшлі 4 тысячы чалавек, а пасля ўступілі 6 тысяч. Кіраўнік «Белай Русі» паразважаў аб тым, чаму «вялікая барацьба» яшчэ наперадзе.

«Але мы цяпер не святкуем, яшчэ рана святкаваць поўную перамогу. У нас яшчэ трэба будзе вялікая барацьба, вялікая праца: яшчэ і парламенцкія, і прэзідэнцкія выбары. Яны ж атрымліваюць вялікія грошы, яны яшчэ прыйдуць за нашымі дзецьмі – у ідэалагічным, у навучальным плане, дзе заўгодна. Яны затаіліся... Таму трэба будзе барацьба».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: