У Беларусі паўстала новая моладзевая арганізацыя

Суполка назвала сябе "Моладзевы незалежніцкі звяз".

"У сувязі з новым вітком антыбеларускіх заяў мы, беларуская моладзь, не можам не рэагаваць на іх", — пішуць маладзёны ў сваім прэс-рэлізе.

"Мы выступаем рашуча супраць навязвання з боку Расеі глыбокай "інтэграцыі" (якая з'яўляецца дэ-факта інкарпарацыяй) і лічым заявы амбсадара Расейскай Федэрацыі так званага "счетовода", непрымальнымі. 25 год прарасейскага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі завялі Беларусь у геапалітычны тупік і над намі вісіць пагроза страты сувэрэнітэту", — упэўненыя стваральнікі Звязу.

"Нашыя галоўныя каштоўнасці — гэта асабістая свабода кожнага грамадзяніна і яго прыватнай уласнасці, мова, гісторыя і культурная спадчына нашага народа.

Галоўнай мэтай існавання арганізацыі мы ставім барацьбу з праявамі "русского мира" на тэрыторыі Беларусі шляхам папулярызацыі беларускай мовы і культуры, ушанавання памяці сапраўдных беларускіх герояў і прасоўвання ідэй нацыянальнага адраджэння ў моладзевую палітыку. Мы пачынаем свой шлях. Свой беларускі вольны шлях".

Як паведаміў адзін з сузаснавальнікаў МНЗ Арсеній Дзядок, у бліжэйшы час плануецца ўстаноўчы з'езд арганізацыі, на якім будзе вырашана пытанне з рэгістрацыяй.

На пытанне, у чым прынцыповае адрозненне Звязу ад ужо існуючых моладзевых арганізацый, Арсеній Дзядок патлумачыў:

— Мы адзіная арганізацыя, якая ствараецца менавіта супраць "русского мира". Да таго ж, у нас крыху іншае бачанне палітычнай сітуацыі, чым у таго ж Маладога Фронту. Калі казаць пра Моладзь БНФ, на вялікі жаль, у арганізацыі вельмі вялікі адмоўны баланс. То-бок карыснай дзейнасці мала адбывалася. І мала хто пра яе ведаў, усе чулі толькі пра шматлікія спрэчкі і расколы, якіх у МБНФ, на вялікі жаль, было не мала.

З публічных рэсурсаў у арганізацыі пакуль маецца толькі старонка Укантакце.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!