«У беларускім войску ёсць толькі адзін прэзідэнт, і імя яго — Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін»

Расія ўжо сёння рыхтуе ў нашай краіне групы, каб правакаваць беспарадкі ўнутры Беларусі.

Фота ТАСС

Эксперты абмеркавалі, з дапамогай якіх інструментаў Расія спрабуе ўсталяваць кантроль над Беларуссю. І гэта рэальная пагроза для незалежнасці.

— Маштабы фінансавання Расіяй структур, якія прасоўваюць на тэрыторыі Беларусі ідэю «рускага свету», вельмі вялікія, — адзначыў намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў падчас круглага стала «Расійская гібрыдная агрэсія і ўстойлівасць постсавецкіх краін». — Канчатковай мэтай з’яўляецца ўсталяванне поўнага прамога кантролю ўладаў Расійскай Федэрацыі над постсавецкімі краінамі.

Эксперты ўзялі на сябе смеласць назваць структуры і арганізацыі, праз якія сёння Расія спрабуе ўплываць на сітуацыю ў Беларусі.

«Гэтыя зборышчы наведвалі некалькі чалавек з Адміністрацыі прэзідэнта. І не зусім зразумела, з якімі мэтамі»

На думку экспертаў, Расія ўжо сёння рыхтуе ў нашай краіне групы, каб правакаваць беспарадкі ўнутры краіны.

— Яны будуць патрэбныя, калі справа дойдзе да фазы непасрэднага ваеннага ўмяшання. Гэтыя групы нешматлікія, але яны, як паказвае досвед Украіны, у момант X адыгрываюць непрапарцыйна вялікую ролю, — тлумачыць Ігар Лялькоў. — Прычым, што важна: такімі аб’ектамі пад кіраваннем Масквы з’яўляюцца і радыкальна нацыяналістычныя арганізацыі. Здавалася б, гэта дзіўна, бо, як правіла, там выкарыстоўваецца антырасійская рыторыка. Але трэба разумець, што для легітымацыі расійскага ўмяшання хтосьці павінен прыгнятаць рускіх, за якіх будзе потым упісвацца Расія.

У гэтай сувязі варта было б звярнуць увагу на арганізацыі, якія выглядаюць максімальна антырасійскім, але ў той жа час цалкам адмаўляюць у суб’ектнасці Беларусі і беларусам, лічыць эксперт.

— А калі ёсць тыя, хто будзе «прыгнятаць», значыць, павінны быць і тыя, якіх пачнуць прыгнятаць. Напрыклад, нейкія групы аматараў рускай мовы і культуры. Накшталт «Рускага культурна-асветніцкага таварыства» арганізацыі «Рускі дом» у Магілёве і Віцебску або міжнароднай грамадскай арганізацыі «Русь единая» і іншых.

Між тым, кіраўнік аналітычнага цэнтра Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў адзначае, што згаданыя суполкі хоць і шматлікія, але там сярэдні ўзрост чальцоў — 67 гадоў, і гэта, як правіла, людзі з савецкай інтэлігенцыі:

— Але ўнутры іх ёсць вельмі своеасаблівая моладзевая арганізацыя «Румол», якая ўзначальваецца, нягледзячы на ўсю любоў “рускага свету” да духоўных скрэпаў, прыхільнікам неанацысцкай паганскай секты «Схрон еж словен». Узначальвае гэтую секту нейкі вярхоўны жрэц усіх славян Багуміл II, які атрымаў прасвятленне пасля таго, як доўгі час працаваў санітарам у бальніцы для вар’ятаў у Ленінградзе.

Самае цікавае, што слоганы і ідэі, якія прасоўвае секта, канкрэтна падпадаюць пад артыкул 282 КК РФ «экстрэмізм», аднак ні адзін з яе адэптаў да крымінальнай адказнасці ў Расіі не прыцягваўся — а гэта шмат пра што кажа.

— І ў Беларусі яна мае пэўныя пазіцыі. Прычым, наколькі я ведаю, яе зборышчы наведвалі некалькі чалавек з Адміністрацыі прэзідэнта. І не зусім зразумела, з якімі мэтамі, — адзначае эксперт.

«Сёння кожны раённы горад з’яўляецца портам Рассупрацоўніцтва»

У апошні час Расія таксама актывізавала працу з беларускімі рэгіянальнымі ўладамі.

— Нам з Мінску гэта не вельмі відаць, але калі прыязджаеш у рэгіён, пачынаеш размаўляць з людзьмі з выканкамаў, то пра што б вы ні казалі — пра дарогі, пра грамадзянскія правы, пра бюджэт — яны заўсёды прыводзяць расійскія прыклады, — адзначае лідар кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў. — Гэта адбываецца таму, што нашы ўлады ў Расіі бываюць рэгулярна, на гэта трацяцца велізарныя грошы.

Паводле інфармацыі Андрэя Паротнікава, у 2016 годзе больш за 100 дэлегацый раённага ўзроўню наведалі Расійскую Федэрацыю, а ў гэтым годзе чакаецца яшчэ больш.

— Актывізацыя сапраўды назіраецца, і, што цікава, ёсць ужо такія цэнтры, якія арыентуюцца менавіта на працу з беларускімі рэгіёнамі і на працу з дзяржаўнымі беларускімі рэгіянальнымі выданнямі. Як, напрыклад, агенцтва інтэграцыйных ініцыятываў у Смаленску, якое паўстала як класічная НДА, а цяпер атрымлівае прамое крамлёўскае фінансаванне. Яны вельмі актыўныя ў Магілёве, Віцебску, праводзяць адкрытыя мерапрыемствы ва ўніверсітэтах.

Супрацьстаяць такому націску з боку Расіі досыць складана. Але рабіць гэта жыццёва неабходна, лічаць эксперты. Напрыклад, у частцы працы з рэгіянальнымі элітамі неабходна нарошчванне падобных праграм і праектаў з боку ЕС.

— Сапраўды, сёння Еўрапейскі саюз нямала робіць, асабліва ў параўнанні з тым, што ён рабіў 5–7 гадоў таму, але тэмпы відавочна адстаюць ад расійскіх, — лічыць Андрэй Дзмітрыеў. — Урэшце, у беларускіх чыноўнікаў няма нават элементарнай электроннай гігіены. Я збіраю візітоўкі нашых чыноўнікаў. Дык у іх усё імэйлы на Яндэкс і Mail.ru, некаторыя патрыёты маюць на TUT.BY, хоць зразумела, што гэта той жа Яндэкс.

Такая ж праца ідзе і з беларускімі журналістамі афіцыйных выданняў, якія пастаянна ездзяць у Расію. І небяспека такога ўзаемадзеяння значна большая, чым можна ўявіць, лічыць палітык.

— Таму што ў адрозненне, напрыклад, ад грамадзянскай супольнасці, у Расіі ёсць уваход у дзяржаўныя структуры, і яна мае, што ім прапанаваць, — ад добрай чалавечай п’янкі, якая ніколі не шкодзіць сацыялізацыі, і заканчваючы канкрэтнымі рэальнымі праектамі, — сцвярджае палітык. — Нядаўна ўсіх здзівіла і ўскалыхнула інфармацыя пра Магілёў. Пра тое, што там хочуць зрабіць порт Рассупрацоўніцтва. Але, дарагія мае, сёння кожны раённы горад з’яўляецца портам Рассупрацоўніцтва. Гэта папросту трэба вельмі добра разумець і думаць пра тое, што мы можам тут супрацьпаставіць.

Фота realukraine.net

Армія і спецслужбы

Яшчэ адной пагрозай, на думку экспертаў, з’яўляецца ўсталяванне прамога кантролю над войскам і спецслужбамі дзяржаў.

— Прычым тут Расія перайшла на новы этап. Гаворка ўжо ідзе не проста аб вярбоўцы афіцэраў і прадстаўнікоў службы бяспекі ў якасці інфарматараў і агентаў уплыву (гэта было і раней), а папросту пра поўнае замяшчэнне пазіцый у кіраўніцтве арміі і спецслужбаў людзьмі, якія наўпрост залежаць ад спецслужбаў Расійскай Федэрацыі, — адзначае Ігар Лялькоў. — Расія не хоча толькі ўплываць, яна хоча наўпрост кіраваць.

У гэтай сувязі Андрэй Дзмітрыеў прывёў красамоўны прыклад:

— Нядаўна адзін наш актывіст, студэнт з Фаніпаля, пабываў на вайсковых зборах. Калі ён вярнуўся, то прама заявіў: для ваенных там ёсць толькі адзін прэзідэнт, і імя яго — Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін. І думаю, не трэба тлумачыць, чаму гэта можа стаць сур’ёзнай пагрозай.

— Падобным чынам Расія спрабуе ўмацаваць свой уплыў і ў банкаўскай сферы, і ў прамысловай, і ў бізнесе (як правіла, гэта мясцовы сярэдні капітал, бо асабліва буйны знаходзіцца пад кантролем уладаў), якія ў сваёй фінансавай дзейнасці непасрэдна залежаць ад Расіі, — падкрэсліў Ігар Лялькоў.

 

«Расійскія сайты сёння мімікруюць пад рэгіянальныя беларускія сайты»

Таксама адбываецца заваёва кантролю над медыяпрасторай.

— У Беларусі гэта відаць дастаткова яскрава, — адзначае Ігар Лялькоў. — Усім вядома, што ў нас ідуць расійскія тэлеканалы, хоць і ў некалькі купіраваным выглядзе. Але каб даносіць менавіта расійскі пункт гледжання на падзеі ў свеце, прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва бясплатна раздае спадарожнікавыя талеркі “Триколор ТВ”, падключае школы, установы ў беларускіх рэгіёнах.

Актыўна ідзе і пранікненне ў інтэрнэт.

— Расійскія сайты, якія непасрэдна кіруюцца з Крамля, сёння мімікруюць пад рэгіянальныя беларускія сайты, — тлумачыць эксперт. — З’явілася мноства такіх рэсурсаў. Яны выглядаюць як звычайныя рэгіянальныя сайты, якія распавядаюць, што адбываецца ў рэгіёне, але да гэтага дадаецца дадатковы кантэнт з усялякіх рускіх маргінальных сайтаў. І гэты кантэнт канкрэтнай накіраванасці.

Як выяўляць?

— Выявіць тых, хто будзе з Расіяй у момант X, вельмі проста — гэта расійскае фінансаванне. Калі арганізацыя, група людзей, бізнес, СМІ завязаныя на расійскія грошы — гэта ўжо патэнцыйна тыя людзі, якія будуць біць у спіну Беларусі, — адзначае Ігар Лялькоў. — Таму дзеля нашай бяспекі неабходна пастаянна выяўляць і маніторыць дзейнасць такіх груп, арганізацый і людзей.

Што супрацьпаставіць?

Процідзеяннем расійскаму ўплыву павінна стаць дзяржаўная прапаганда нацыянальных каштоўнасцяў, лічыць Андрэй Дзмітрыеў.

— Звярніце ўвагу, што ў нас толькі адно грамадска-палітычнае ток-шоў на ўсю краіну — «Наша жыццё». Гэта на 5 нацыянальных і 6 рэгіянальных каналах! Дарэчы, цікава, што цяпер гэтае шоў перасунулі на 23:00, і яно стала па часе супадаць з ток-шоў Салаўёва, — адзначае палітык.

Прычым незалежная грамадзянская супольнасць павінна дапамагчы дзяржаве выпрацаваць падыходы і механізмы.

— Такія, каб дзяржава, з яе разуменнем і страхамі, змагла прыняць. Вядома, мы можам сказаць, маўляў, давайце выключым расійскія тэлеканалы, але, зразумела, што сёння гэта нерэалістычна, — тлумачыць палітык. — Але і па той бок таксама ёсць людзі, якія разумеюць небяспеку і хочуць засцерагчы краіну.

Галоўная праблема беларускай улады ў тым, што яна ніяк не рэагуе з гэтай нагоды і не можа прапанаваць, чым напаўняць гэта паняцце — незалежнасць.

— Пакуль няма рашэння, што так, хлопцы, незалежнасць — гэта не словы, а абсалютна выразны набор нейкіх рэчаў, што мы не супраць кагосьці, а за сябе, — усё гэта будзе настолькі бутафорскім, што людзям будзе цікавы “рускі свет”, таму што ён у разы больш рэальны па напаўненню, ён цікавей, там ёсць, пра што гаварыць, спрачацца, — адзначае Андрэй Дзмітрыеў. — Таму трэба неяк данесці да гэтай улады, што прыйшоў час адказваць на пытанні. Выразна адказваць, хто мы?

Паводле «Салідарнасці»

Пераклад НЧ



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-11-05 14:36:30
Мазепа близится, а Путина всё нет.
  • .частное мнение
  • 2018-11-05 17:04:07
Так это недолго времени займёт в военном высшем руководстве и так не беларууси, узлы связи на
ГШ МО Москвы никто и не отключал,гсм военной технике из Москвы,рабочие частоты ртв,РЭБ московскиее,сигналы Ясс истребители подают думаете от НАТО? Каждый офицер хочет зарплату российской армии,,э....кого будут захватывать,ждут просто политического решения России
..,не более,а декорацию дёшево поставят,что не сильно за рубежом заняли...и все

Каментаваць