У бліжэйшы час можа быць падпісана пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж ЕС і Беларуссю

Пра гэта заявіла кіраўнік прадстаўніцтва ЕС Андрэа Віктарын 26 студзеня ў Мінску на канферэнцыі «Грамадзянская супольнасць Беларусі: перспектывы прасоўвання грамадскіх інтарэсаў у адносінах з асобамі, якія прымаюць рашэнні».

Андрэа Віктарын таксама адзначыла, што пытанні правоў чалавека застаюцца галоўнымі ў адносінах Еўрасаюза з Беларуссю. «Наша мэта — каб Беларусь была незалежнай і суверэннай дзяржавай, каб у краіне развівалася дэмакратыя, выконваліся прынцыпы вяршэнства права, — сказала дыпламат. — Мы будзем дамагацца гэтага. І гэта значыць, што пытанні правоў чалавека застануцца галоўнымі ў нашым парадку дня».

Віктарын заўважыла, што за тры гады з моманту яе прызначэння ў Беларусь палітычны дыялог паміж Брусэлем і Мінскам пашырыўся і стаў больш актыўным.

«На жаль, да канца мінулага года мы не змаглі падпісаць пагадненне аб прыярытэтах партнёрства. У гэтым годзе мы працягваем працу над дакументам, — сказала кіраўнік прадстаўніцтва ЕС. — У мяне таксама ёсць аптымізм адносна пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму. Думаю, у бліжэйшы час яно будзе падпісана».

Пасол ЕС таксама сказала, што 10-годдзе ініцыятывы «Усходняе партнёрства», якое адзначаецца ў 2019 годзе, неабходна выкарыстоўваць для таго, каб больш казаць пра мэты і задачы Усходняга партнёрства і яго дасягненнях за гэтыя гады.

«Для нас таксама важна, каб людзі больш даведваліся аб дзейнасці ЕС у Беларусі, — падкрэсліла Віктарын. — І важна вызначаць фэйкавыя навіны пра дзейнасць і намеры ЕС у Беларусі, каб своечасова аспрэчваць іх. Мы хочам, каб было больш інфармацыі аб тым, што ЕС робіць на карысць беларускага народа».

Паводле naviny.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!