У Гомелі затрымалі грамадскіх актывістаў (відэа)

3 ліпеня ў Гомелі міліцыя пачала затрымліваць актывістаў. Напярэдадні ў сацыяльных сетках анансавалі правядзенне чарговай «акцыі салідарнасці», перадае Радыё Свабода.
Ілюстрацыйнае фота Радыё Свабода

Ілюстрацыйнае фота Радыё Свабода

Прыкладна ў 11.50 міліцыя затрымала грамадскую актывістку, фельчарку «хуткай дапамогі» Алену Давыдаву. Сведкай затрымання стаў яе сябар Канстанцін, які распавёў Свабодзе акалічнасці.

«Алена ішла адна, яна жыве ў Навабеліцы. За ёй ішлі двое „не па форме“ ад яе дому, трое міліцыянтаў пад’ехалі на службовым аўтамабілі, яшчэ двое не ў форме падышлі і з ужываннем сілы затрымалі Алену», — распавёў Канстанцін.

У інтэрнэце з'явілася відэа затрымання Алены Давыдавай.


Пазней з'явілася інфармацыя, што Алену Давыдаву даставілі ў Навабеліцкі РАУС, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

На гомельскім цэнтральным пляжы затрымалі актывіста Аляксея Раманава.

«Падышлі супрацоўнікі міліцыі, сказалі яму „Пройдзем“ і павялі ў службовы аўтамабіль», — паведаміў Свабодзе Віталь, прыяцель Аляксея. Ён быў сведкам затрымання.

Сёння на пляжы а 12-ай гадзіне меркавалася правесці «акцыю салідарнасці». Яе анансавалі ў сацыяльных сетках.

Актывісты раней паведамлялі, што каля іх дамоў дзяжураць супрацоўнікі ў цывільным. Прынамсі, шэрая «Лада» стаяла каля дому Юрыя Уласава, які за падтрымку Сяргея Ціханоўскага адседзеў 45 сутак запар у ІЧУ.

Алена Давыдава, грамадская актывістка з каманды «кандыдатаў пратэсту» Мікалая Статкевіча, раней падавала дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Беларусі. Яна з прыгодамі дабіралася з Гомеля да Мінска, каб паспець падаць дакументы: у Гомелі яе спрабавалі затрымаць медыкі — на той падставе, нібыта ёй тэрмінова трэба здаць аналіз на каронавірус і сысці ў самаізаляцыю. Давыдава выскачыла з дому праз вакно і з дапамогай сяброў усё-ткі дабралася да Мінска.

Яе ініцыятыўную групу не зарэгістравалі. На паседжанні ЦВК старшыня камісіі Лідзія Ярмошына заявіла ці то жартам, ці то ўсур’ёз, што прыхільнікі Мікалая Статкевіча хацелі заразіць сябраў ЦВК каронавірусам.

Паводле svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: