У інтэрнэце з'явілася петыцыя за вяртанне крыжоў у Курапаты

На сёння яе падпісалі ўжо больш за 200 чалавек.

Петыцыя размешачаная на сайце petitions.by і прадстаўляецца як "Адкрыты зварот ад грамадзянаў Беларусі".

"4 красавіка 2019 г стаўся трагічным днём дзеля беларускага грамадства у сувязi з камандай на знішчэнне Курапацкіх крыжоў, крыжоў, якія грамадзяне Рэспублікі Беларусь ўсталявалі ў памяць аб беларусах, закатаваных, забітых сталіністамі ў 30-40-я гады ХХ стагоддзя, тут, ва урочышчы Курапаты", — кажуць стваральнікі петыцыі.

"Беларускі народ больш за 30 гадоў апякуецца мемарыялам Курапаты, людзі прыносяць крыжы ў памяць рэпрэсаваных родзічаў, чысцяць, даглядаюць курапацкі лес, стварылі Народны мемарыял, унікальны, кранальны, заснаваны на духоўных каштоўнасцях народа, культурнай спадчыны і гістарычнай рэчаіснасці. Крыж для беларусаў мае вялікі сакральны сэнс — гэта і сымбал Смерці, і сымбал Вечнага жыцця, сымбал Памяці. Усталёўвываючы крыжы, мы ўшаноўвываем памяць сваіх продкаў . Вырваўшы крыжы з курапацкай зямлі, палітай кроўю тысяч і тысяч невінаватых беларусаў, спаганілі памяць, абразілі вернікаў. Так нельга. Гэта, на нашу думку, дзяржаўны вандалізм", — лічаць аўтары.

Патрабаванне стваральнікаў петыцыі: "Вярнуць крыжы на свае месцы, выправіць страшную памылку, пакаяцца за садзеянае."

Падпісаць петыцыю можна тут.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!