У Яўгена Афнагеля арыштавалі аўтамабіль за штраф, які яшчэ не быў накладзены

Па словах супрацоўнікаў РУУС, гэта было зроблена для таго, каб "гарантаваць" выплату штрафу, які, магчыма, будзе накладзены на актывіста.
— Учора мяне выклікалі павесткай на допыт у РУУС Мінскага раёну. Допыт праводзіўся ў межах адміністрацыйнай справы аб "крадзяжы", якая была заведзеная яшчэ 5 снежня пасля вядомай правакацыі супрацоўнікаў ДАІ і міліцыі, — кажа актывіст "Еўрапейскай Беларусі".

Падчас допыту я пацвердзіў свае папярэднія паказанні. Супрацоўнікі міліцыі склалі акт аб накладанні арышту на маю ўласную маёмасць — на аўтамабіль, які мне належыць. Пастанову аб арышце аўтамабіля падпісаў маёр міліцыі Чубуко Андрэй Уладзіміравіч, які праводзіў допыт.

Пасля гэтага мяне даставілі ў Калодзішчы і забралі мой аўтамабіль, які эвакуявалі на стаянку каля РУУС Мінскага раёну. Пасля гэтага я паразмаўляў з праваабаронцамі і мне пацвердзілі, што ніякіх законных абгрунтаванняў для канфіскацыі маёй машыны не было. Мне складана растлумачыць логіку міліцыі, якая канфіскавала аўтамабіль для "гарантыі выплаты штрафу", які на мяне яшчэ не быў накладзены. То бок яны, напэўна, загадзя ведалі, што штраф будзе накладзены.

Я лічу, што хутчэй за ўсё, гэта было зроблена для таго, каб супрацоўнікі спецслужбаў маглі ў спакойнай абстаноўцы ўсталяваць праслухоўку альбо жучкі на мой аўтамабіль. Для таго, каб сачыць за маімі перасоўваннямі і перасоўваннямі маёй жонкі і праслухоўваць размовы, якія, па іх меркаванню, вядуцца ў аўтамабілі,
 — распавёў Яўген Афнагель.

Паводле belaruspartisan.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!