У каго «савецкая ментальнасць»?

Вельмі цікава, як кіраўніцтва краіны ўспрымае сваіх грамадзян. Тое, што «наверсе» бачыцца клопатам, насамрэч — кантроль пад выглядам клопату.

Я заўсёды злуюся, калі кажуць пра «ментальнасць». І адразу адказваю, што слова «ментальнасць» утворана ад вульгарызму «мент». Гэтую маю думку днямі пацвердзіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

Яго інтэрв’ю тэлеканалу «Еўраньюс» разарвалі на цытаты. І, падобна, найгоршае ў ім — што чыноўнік такога рангу заяўляе: «Доўгі час мы жылі ў Савецкім Саюзе, у савецкую эпоху. Шмат у каго ў нашай краіне ўсё яшчэ захоўваецца савецкая ментальнасць (…) Нашы людзі прывыклі жыць ва ўмовах, калі дзяржава клапоціцца пра іх. Яны заўсёды ведалі, што могуць разлічваць на дзяржаву. Гэтая ментальнасць усё яшчэ ўплывае на сітуацыю ў нашай краіне».

Вось у гэтым і выяўляецца «ментальнасць» ад слова «мент», — калі «людзі прывыклі жыць ва ўмовах, калі дзяржава клапоціцца пра іх». Пры гэтым не канкрэтызуецца, што ж такое гэты «клопат дзяржавы».

Можа, «бясплатная медыцына» з аграмаднымі чэргамі ў паліклініках? Дзіцячыя садкі, дзе бацькі не могуць дамагчыся беларускамоўных групаў? «Бясплатная адукацыя», калі трэба плаціць за карыстанне падручнікамі ў школах? Альбо адпрацаваць два гады па размеркаванні, кампенсуючы «бясплатную вышэйшую адукацыю»?

А можа, у дэкрэце пра дармаедаў — як мінулым, так і абноўленым? У падвышэнні пенсійнага ўзросту?

Тое, што міністр разумее пад «клопатам дзяржавы», — насамрэч не клопат. Гэта кантроль. Дзяржава імкнецца менавіта кантраляваць жыццё грамадства і грамадзян. І яна ўсімі магчымымі сродкамі прадукуе «савецкую ментальнасць», калі кантроль быў хіба не асноўнай часткай сістэмы.

Чаму ўзнікла размеркаванне? Не з-за клопату пра «гарантаванае першае працоўнае месца». Было багата выпадкаў, калі студэнты самастойна знаходзілі працоўныя месцы і прыносілі заяўкі на працаўладкаванне, — а іх размяркоўвалі зусім у іншыя месцы (мы пра гэта шмат пісалі ў рубрыцы «Я працую па размеркаванні»).

З чаго ўзнік дэкрэт пра дармаедаў? З імкнення кантраляваць працоўную сілу. З таго ж шэрагу — кароткатэрміновыя працоўныя кантракты на дзяржпрадпрыемствах: каб чалавека было лёгка шантажаваць звальненнем.


Гэта і ёсць «савецкая ментальнасць» ад слова «мент». Тое, што «наверсе» бачыцца клопатам, насамрэч — кантроль пад выглядам клопату.

З усяго афіцыёзу нам кажуць: гэта Лукашэнка выплачвае пенсіі і заробкі — хай невялічкія, але рэгулярна. Гэта дзяржава клапоціцца пра мацярынства і дзяцінства, гэта дзякуючы ўладзе ў нас ёсць школы і бальніцы. І зразумела, чаму нам навязваецца такі пункт гледжання. Так насельніцтва прасцей кантраляваць. Так дзяржчыноўнікі апраўдваюць сваё існаванне, сваю важнасць і патрэбнасць.

Каб мы не думалі, што можа (і павінна) быць лепш. Каб задаволіліся тым малым, што маем. «Савецкую ментальнасць» нам насаджваюць ці не гвалтоўна ўжо больш за чвэрць стагоддзя пасля скону СССР. Каб усе былі аднолькавыя і паслухмяныя. Каб не «жадалі дзіўнага», не высоўваліся і не патрабавалі лепшага, іншага, не турбавалі ўлады, якім і так утульна.

У прынцыпе, я разумею, чаму Макей кажа пра «савецкую ментальнасць» і «клопат дзяржавы». Ён шчыра верыць у такі малюнак свету, які абумоўлены яго бачаннем — бачаннем з вакна службовага лімузіна. Ён упэўнены, што і яго праца — гэта клопат пра людзей, якія нібыта загразлі ў «савецкай ментальнасці».

Каб змяніць гэты пункт гледжання, яму трэба выйсці са сваёй «зоны камфорту». Трэба апрануць драныя джынсы, швэдар і выправіцца на Камароўскі рынак альбо на рынак у Ждановічах. Стаць з куфлем піва ля чабурэчнай альбо шаўрмы. І паслухаць, што кажуць людзі.

Менавіта там яго чакае сюрпрыз: ён зможа пабачыць, што ніякай «савецкай ментальнасці» ў беларусаў не засталося. Што людзі на дзяржаву ўжо даўно не разлічваюць. Што ўвесь той «клопат дзяржавы» — не тое што бескарысны, а нават шкодны. Што людзі гэткага клопату наеліся па самае не магу і гатовыя яго змяніць на што заўгодна.

Але як потым працаваць з гэтым веданнем? Хіба што сыходзіць у адстаўку.

І яшчэ адна думка, выказаная спадаром Макеем: «На мой погляд, і гэта не толькі маё меркаванне, забяспечыць поўную рэалізацыю правоў чалавека можна толькі ў эканамічна развітым грамадстве, якое дасягнула пэўнага ўзроўню эканамічнага, палітычнага і сацыяльнага развіцця». Так міністр замежных спраў апраўдвае і нашу «стабільнасць», і (ускосна) рэпрэсіі іншадумцаў.

Насамрэч, гэта старая спрэчка пачатку 1990-х гадоў: «Што важней: мова ці кілбаса?» Грамадзянскія свабоды ці эканамічны дабрабыт? Правы чалавека ці заможнае грамадства?

На пытанне адказала сама постсавецкая гісторыя Беларусі. Высветлілася, што эканамічны дабрабыт немагчымы без эканамічных правоў, а эканамічныя правы — складнік правоў грамадзянскіх. Фігуральна — «будзе мова, будзе і кілбаса». Забяспечыць эканамічна развітае грамадства можна толькі пры рэалізацыі правоў чалавека.

А для гэтага трэба найперш адмовіцца ад усялякіх думак пра «савецкую ментальнасць».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-04-20 11:03:16
У Вялікіх Штатах ніколі не знікала паняцце прыватная ўласнасць, а разам з ёй багатыя і бедныя. А ў нас за сто лят за Саветамі такога шчасця не было. Была Вялікая дзяржава СССР, якая дапамагала ўсім роўным. Таму іншая наша ментальнасць. Але нам саўкам хацелася амера ментальнасці, амера шчасця і мы развалілі Вялікі СССР, каб стаць маленькай беднай РБ. Але наша ментальнасць ад гэтага не змянілася. Таму Макей мае рацыю.

Я хутчэй стану грамадзянінам ЗША, чым вярнуся да вас, каб акунуцца па вушы ў вашу бел-чырвона-белую прапаганду.
  • Anatol Starkou
  • 2018-04-20 12:13:04
Ментальнасць не ад слова мент, а ад слова прапаганда.

Гадоў мо 10 таму размаўляю ў NY з калегам-амерам, і кажу, што за Саветамі плаціў за дзіцячы садок 4$ у месяц (мінімум 800$ у ЗША). У амера мову адняло. Кажу ні кап'я не плаціў за сваю адукацыю ў коледжы і ўніверсітэце (некалькі дзясяткаў тыс$ у ЗША за кожную з тых навучальных ўстаноў). Ў амера мову адняло. Кажу за трохпакаёвую кватэру плаціў 80$ у месяц (мінімум 1500$ у ЗША). У амера мову адняло.
"А колькі ты зарабляў?" - "Ад 120$ да 160$ у месяц."

На курсах ангельскай мовы ПРА ЧЭРГІ і ГОЛАД у Амерыцы мне некалі распавядаў настаўнік-канадзец - мой аднагодка, які жыў і працаваў у NY. Ён распавёў аб часах Вялікай Дэпрэсіі ў ЗША. Працы не было, жраць нічога не было, засуха была, але Штаты вытрымалі і не разваліліся на 50 кавалачкаў. А мы разбегліся ў розныя кватэркі. Да таго ж у нас Гарбачоў & Co. вялі нас і СССР да развалу, а ў Штатах такіх дум ні ў кога не было і няма.
  • Anatol Starkou
  • 2018-04-20 12:42:50
Пра дармаедаў. Бомжей, что не хотят работать, в NY хватает. Но не о них речь.

Я ў Штатах застаў крызіс 2008г. Выганялі з працы людзей пачкамі. Ў маёй фірме з 45чэл засталося 18...і цішыня... Ніхто не йшоў на Таймс Сквэр, каб крычаць: "Луку на муку", ці нешта падобнае. Бо тут капіталістычны менталітэт, і за сотні гадоў дзікага капіталізму ці капіталістычнага шчасця людзі не раз праходзілі ўсё - пад'ём-спад-крызіс-пад'ём эканомікі, і таму адносна спакойна ўспрымаюць тое, што сёння цябе прынялі на працу, а заўтра зволілі.
У Штатах беспрацоўны атрымлівае дапамогу па беспрацоўю некаторы тэрмін (89 тыдняў максімум). За гэты час ён павінен знайсці працу, або пайсці на бясплатныя "курсы кройки и шитья", якія ладзіць улада (дзяржава) праз офісы па падтрымцы беспрацоўных, і такім чынам беспрацоўны можа змяніць прафесію і пасля вучобы зноў жа знайсці працу ў той жа тэрмін 89 тыдняў. Часам працу прапаноўваюць тыя ж дзяржаўныя офісы. Калі ўсё гэта прайшоў і нічога не знайшоў - твае праблемы.
  • S.V.Yozh
  • 2018-04-20 13:09:10
Паважаны спадар Старкоў! Толькі адно пытанне: па якім курсе вы "за Саветамі плацілі за дзіцячы садок $4"? Наколькі я памятаю, за Саветамі (года гэтак да 1988) за долар давалі ад 5 да 12 гадоў...
  • Anatol Starkou
  • 2018-04-23 14:12:39
Па курсу 1:1 - адзін даляр роўны аднаму рублю.
Мая дачка хадзіла ў дзіцячы садок у пачатку 80-х.

Каментаваць