У кагосьці здалі нервы

Ніхто не мог спрагназаваць, што сёлетняя прэзідэнцкая кампанія будзе настолькі актыўнай. Абвясціўшы выбары, улада яўна разлічвала на чарговую «элегантную перамогу». Але нешта пайшло не так.

Затрыманні. 7 чэрвеня 2020 года. Фота Уладзь Грыдзін Радыё Свабода


Канешне, кадры са збору подпісаў за альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду ўражваюць, як уражваюць і лічбы. Ужо тры ініцыятыўныя групы — Валерыя Цапкалы, Віктара Бабарыкі і Ганны Канапацкай — абвясцілі, што сабралі неабходныя для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты 100 тысяч подпісаў (і нават значна больш).

Відавочна, такога ўлады не чакалі. А таму вырашылі дзейнічаць паводле звыклага сцэнару, запусціўшы (па меркаванні некаторых, заўчасна) машыну рэпрэсій. Па ўсёй краіне прайшлі затрыманні чальцоў ініцыятыўных груп Ціханоўскай. Яе мужу і некаторым яго таварышам навесілі «крыміналку» па частцы 1-й артыкула 342 — арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Гэта той самы артыкул, па якім судзілі большасць фігурантаў «Плошчы–2010».

Звыкла адправілі на 15 сутак Мікалая Статкевіча і Паўла Севярынца. Камітэт дзяржкантролю прыйшоў з вобшукам у «Белгазпромбанк», кіраўніком якога быў Бабарыка, і яго структуры, па традыцыйнай справе аб нясплаце падаткаў.

А Лукашэнка ўжо ў які раз правёў нараду з «сілавым блокам краіны».

Падаецца, у кагосьці папросту здалі нервы. Прычым, улада палохае саму сябе. Ёй паўсюль мрояцца прывіды «майдану», «плошчы» і іншых масавых беспарадкаў. Гэтыя жахі, напэўна, увасобіліся ў чэргах жадаючых аддаць свой подпіс за альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты. «Вось ён, Майдан!» — вырашыў нехта наверсе і звыкла пачаў «закручваць гайкі».

Спробы нас запалохаць апошнім часам — даволі рэгулярныя. Гэта не толькі нягеглая і бяздоказная «крыміналка» Ціханоўскаму. Ці Лукашэнка загадвае сілавікам не дапусціць «ператварэння збору подпісаў у несанкцыянаваныя мітынгі і масавыя мерапрыемствы з парушэннем усіх мажлівых і немажлівых законаў і нормаў маралі». Ці ён жа заявіць, што «спачатку прадстаўнікі шэрагу ініцыятыўных груп злоўжываюць правам на правядзенне пікетаў для разгойдвання сітуацыі і дэстабілізацыі грамадска-палітычнага становішча, потым яны сфарміруюць каманды і групы баевікоў, якія, не выключана, захочуць арганізаваць пабоішча на плошчы». Ці новы міністр інфармацыі, не паспеўшы прыйсці на пасаду, заявіць, што будзе «карэктаваць дзеянні СМІ, каб забяспечыць давядзенне выразнай дзяржаўнай палітыкі і абмежаваць насельніцтва ад інфармацыі, якая наносіць шкоду дзяржаве» (чытай, уводзіць цэнзуру).

Ну і «вішанька на торце», канешне ж, словы Лукашэнкі пра тое, што «забыліся, як былы прэзідэнт Карымаў у Андыжане здушыў путч, расстраляўшы тысячы чалавек... Ну, дык мы нагадаем».

Дзяржаўныя ідэолагі жывуць старымі штампамі, старымі напрацоўкамі і старымі ідэямі. Ім падаецца: тое, што працавала раней, павінна працаваць і цяпер. Таму і ўзнікаюць у іх уяўленні «майдан», «плошча», «баевікі» і іншыя «пацукі ў вадаправодзе».

І ўсе гэтыя «жахі» вышэйшае дзяржаўнае кіраўніцтва імкнецца прадукаваць у грамадства. Нібыта, «без нас» будзе хаос і паніка. І, можа быць, такім чынам яны пераконваюць самі сябе (і імкнуцца пераканаць грамадства), што ўсе рэпрэсіі — дзеля «стабільнасці і мірнага жыцця».

Але рэальнасць, як звычайна, цікавейшая за выдумку. Найперш таму, што прадукаваныя ў грамадства страхі ўлады ўжо не дзейнічаюць.

Беларусы пачалі выстройвацца ў чэргі да альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у прэзідэнты таму, што ім абрыдла «стабільнасць». Яны больш не вядуцца на «жахі майданаў», бо ва ўкраінцаў — бязвіз з Еўропай, а мінімальны заробак — гэта наш «нармальны» заробак у рэгіёне. Людзі цяпер — за любы «дзвіж» (напэўна, акрамя галадоўкі). Ніхто не верыць у «баевікоў», бо іх было зашмат: у 2006-м, у 2010-м, у «Белым легіёне»… І людзям абрыдла, што ім увесь час хлусяць і спрабуюць запалохаць.

Народ перастае баяцца. Рэп­рэсіі цяпер выклікаюць не боязь, а салідарнасць. Раней, можа быць, і можна было б пасадзіць нейкага «лідара», каб уся «дзвіжуха» рассмакталася, але не сёння. Цяпер адна «дзвіжуха» выклікае іншую — грошы на штраф за ўдзел у зборы подпісаў праз краўдфандынг збіраюцца за 10 хвілін, а доктару, звольненаму за тое, што расказаў пра сапраўдны стан з эпідэміяй COVID-19, за вечар назбіралі гадавы заробак.

І вось гэта для ўлады самае небяспечнае — што лю­дзі з «народца» і «электарату» ператвараюцца ў грамадзян. Грамадзян, якія бачаць: такіх, як яны, — шмат. Якія адчуваюць: «у выпадку чаго» яны не застануцца сам-насам і могуць разлічваць на падтрымку не толькі сяброў і родных. Але і таго, што мы агульна называем «грамадствам» і «грама­дзянскай супольнасцю». І гэта — найлепшыя лекі ад страху, які нам плануюць навязаць «зверху» праз «крыміналку Ціханоўскага» і трансляцыю ўладных жахаў.

Спробы «папалохаць бізуном», хутчэй, паказваюць, што акрамя бізуна ўладзе няма на што разлічваць. А таму грамадства і надалей будзе падтрымліваць іншае і іншых: тых, каму ёсць што прапанаваць — апроч штрафаў і дубінак.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: