«У Крамлі як дзеці: перакананыя, што ім дастаткова Лукашэнку нешта сказаць — і ён пабяжыць выконваць»

Крэмль пераацэньвае свае магчымасці ў Беларусі, у інфармацыйнай прасторы. У Крамля ёсць наіўная вера ў тое, што калі Пуцін сказаў, «нахмурыўшы бровы», то нехта пабяжыць і будзе адразу выконваць. Пра гэта распавяла «Свабодзе» палітолаг Валерыя Касцюгова.


Рэдактар сайта «Наше мнение», палітолаг Валерыя Касцюгова тлумачыць, чаму Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным сам загаварыў пра «дарожныя мапы», разважае пра стратэгічныя мэты Масквы і заяўляе, што беларускія флагманы прамысловасці ў Расіі нікому не патрэбныя.

— Якая была стратэгічная мэта Лукашэнкі падчас сустрэчы з Пуціным у Сочы? Ці дабіўся ён яе?

— Галоўнай яго мэтай было і ёсць заставацца кіраўніком Беларусі. А для гэтага трэба, каб, акрамя яго самога, яшчэ нехта так лічыў. Вось Расія так лічыць, Пуцін так лічыць і прымае яго як кіраўніка Беларусі.

Каб гэта працягвалася, Лукашэнку трэба прапаноўваць нейкія тэмы для перамоў, нейкія палітычныя працэсы. Таму на сустрэчы ў верасні ён прапаноўваў «канстытуцыйную рэформу». Але цяпер актуальнасць гэтай тэмы для Расіі знікла, бо беларускія пратэсты ўжо перакінуліся на Расію і ўжо позна рабіць нейкія захады, каб гэтых пратэстаў у Расіі не было. А Лукашэнка лічыць, што пратэсты задушыў, і таму ніякая рэальная рэформа ўлады ў краіне цяпер не патрэбная.

Таму Лукашэнка вымушаны ў размове з Пуціным мяняць тэму і прапаноўваць нейкія іншыя працэсы. Напрыклад, «паглыбленне інтэграцыі» — тэма, якую ён цудоўна выкарыстоўваў шмат гадоў.

Менавіта таму Лукашэнка ў размове з Пуціным загаварыў сам пра «дарожныя мапы», чамусьці заявіўшы, што іх ужо 33 (раней было 30). Тым самым ён падыгрывае Пуціну, падымаючы гэтую тэму.

— Так, гэта працэс, якія дазваляе Лукашэнку весці дыялог з прэзідэнтам Расіі, нешта абмяркоўваць, прапаноўваць, гаварыць пра эканоміку, падаткі, іншае. Ён любіць гаварыць пра сумеснае процістаянне Захаду, прапануе мацаваць вайсковы саюз, што я знаходжу вельмі небяспечным.

— Ці няма ў гэтай гульні пэўнай небяспекі для самога Лукашэнкі, у сэнсе інтэграцыі? Маўляў, Крэмль паслухае, што Лукашэнка кажа пра інтэграцыю, і, улічваючы цяперашняе ўразлівае становішча Лукашэнкі, скажа сабе: «Дык давайце нарэшце яго даціснем». Ці зможа што-небудзь Крэмль рэальна зрабіць?

— Не. У Крамлі як дзеці: перакананыя, што ім дастаткова Лукашэнку нешта сказаць — і ён пабяжыць выконваць. Нібыта не было досведу ўсіх 25 гадоў. Гэта так не працуе. Расія не гатовая падмацоўваць свае жаданні і патрабаванні нейкімі рэальнымі інструментамі, акрамя звыклых — то-бок, акрамя дыялогу з самім Лукашэнкам.

— З гэтага гледзішча — у жніўні-верасні Расія відавочна падтрымала Лукашэнку. Але многія аналітыкі кажуць, што гэта было толькі сітуатыўна, а на самой справе Крэмль даўно хоча замяніць Лукашэнку. Якое ж стратэгічнае стаўленне Расіі да гэтай асобы і перспектывы яго замены?

— Стратэгічная задача Расіі відавочная: захоўваць уплыў на Беларусь і каб Беларусь пры любым яе кіраўніцтве трымалася стратэгічных інтарэсаў Расіі. Таму Масква хацела б, каб беларуская палітычная і эканамічная сістэма больш нагадвала расійскую — то-бок, мела б больш «пунктаў уваходу», як сказаў калісьці Арцём Шрайбман. Каб у Беларусі мелі значэнне грошы, каб былі партыі, іншымі словамі — больш шырокае кола суразмоўцаў, а не толькі Лукашэнка. Каб былі нейкія органы і структуры, з якімі б мела сэнс дамаўляцца, — бо цяпер Лукашэнка ў любы момант можа абнуліць любую дамову.

Гэтаксама няма ніякага сэнсу зараз купляць нейкія беларускія прадпрыемствы, бо ў любы момант дзяржава можа іх забраць.

— Але сама ўлада, дый яе апаненты, нярэдка палохаюць людзей тым, што вось Расія хоча забраць, прыватызаваць нашы прадпрыемствы, наша нацыянальнае багацце. Вы лічыце гэта ілюзіяй?

— Не ведаю, заўсёды можа знайсціся нейкі ідыёт. Ідыёт у бізнесе — гэта не такая ўжо і рэдкасць. Чалавек, які чамусьці падумае, што ён акажацца не такім, як іншыя, а больш паспяховым. Як толькі гэтыя прадпрыемствы пачнуць нешта зарабляць, Лукашэнка іх забярэ.

На вераснёўскай сустрэчы з Пуціным Лукашэнка, як было прынята лічыць, даў даволі канкрэтныя абяцанні пра транзіт улады, які адбудзецца ўжо ў 2021 годзе, пра тое, што сам ён адыдзе ад улады. Але далейшыя падзеі паказалі, што ён зусім не збіраецца выконваць гэтыя абяцанні. Як да гэтага можа ставіцца Пуцін, ці павінна яго гэта непакоіць?

— Як я ўжо казала, актуальнасць канстытуцыйнай рэформы цяпер ужо не настолькі важная, тэрміновасць гэтага працэсу ўжо адпала, бо пратэсты ўжо ў Расіі. Таму спяшацца тут Лукашэнку ўжо няма ніякага рэзону. Крэмль, вядома, будзе настойваць на канстытуцыйнай рэформе, але калі ён будзе гэта рабіць тымі ж наіўнымі метадамі, як дагэтуль, то ніякага поспеху тут не будзе.

— Лукашэнка, асабліва апошнія месяцы, любіў гаварыць: «Мы ў адной лодцы», — маючы на ўвазе сябе і Пуціна. Ці згулялі гэтыя словы, ці стаў Пуцін з Лукашэнкам «спіна ў спіну»?

— Расія зараз уся таксама паглыбілася ў антызаходнюю рыторыку, пратэсты з прычыны палітыкі ўлад таксама трактуюцца як замежная агрэсія. Таму збліжэнне на глебе антызаходняга пафасу відавочнае.

— Ці дасць Масква яшчэ грошы?

— Вядома, дасць. Мы ж вінныя Расіі значна больш, чым яна дае апошнім часам. Таму яна будзе даваць — хаця б для таго, каб Беларусь магла рэструктурызаваць свае даўгі перад Расіяй.

Трэба зазначыць, што хаця б у гэтым пытанні — фінансавым — расіяне ўдасканальваюцца і пераймаюць досвед кітайскіх таварышаў. Імкнуцца не аказваць прамой фінансавай падтрымкі, а даваць звязаныя крэдыты. Як з АЭС. Далі крэдыт, Беларусь пабудавала АЭС — і цяпер сама павінна думаць, куды падзець гэтую энергію, якую Расія не збіраецца купляць.

На сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам было сказана, што, нягледзячы на ўвод АЭС, Беларусь будзе купляць па-ранейшаму больш за 20 мільярдаў кубаметраў расійскага газу ў год. Але ж АЭС будавалася нібыта дзеля таго, каб купляць менш расійскага газу. І каб захаваць Беларусь як галоўнага пакупніка, Расія гатовая выдаць крэдыт на будаўніцтва гэтага «Гродна Азот-2», каб беларусы працягвалі купляць расійскі газ і пры гэтым працягвалі плаціць працэнты за крэдыты.

— У палітычнай сферы, як вы адзначылі, Расія застаецца прыхільная да старых схем, дыялогу толькі з самім Лукашэнкам. Чаму яны не разглядаюць магчымасць дыялогу з яго апанентамі, якія на сёння прадстаўляюць большасць беларускага грамадства? Чаму яны гэтага не робяць? Гэта такая закасцянеласць мыслення ці проста не бачаць у гэтым неабходнасці?

— Гэта наіўнасць, вера ў веліч Крамля. Вера ў тое, што Пуцін, які такі важны для саміх расіян, гэтаксама важны і для Лукашэнкі, што калі Пуцін сказаў, «нахмурыўшы бровы», то нехта пабяжыць і будзе адразу выконваць. Крэмль пераацэньвае свае магчымасці ў Беларусі, у інфармацыйнай прасторы.

Калі б Масква працавала і з апанентамі, і з наменклатурай, кіроўным класам Беларусі — то, вядома, гэта было б значна больш эфектыўна.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: