У Літве асцерагаюцца больш цеснай інтэграцыі Беларусі і Расіі

Найноўшыя пагадненні Беларусі і Расіі аб цеснай інтэграцыі дзяржаў азначаюць яшчэ большае набліжэнне РФ да мяжы Літвы, заявіў міністр замежных спраў Лінас Лінкявічус.
«Расія дэ-факта і дэ-юрэ набліжаецца (да межаў Літвы — БелаПАН.), з усімі наступствамі гэтага. Наўрад ці мы можам лічыць гэта станоўчым», — заявіў Лінкявічус у інтэрв'ю радыёстанцыі Ziniu radijas.

Пры гэтым кіраўнік МЗС Літвы адзначыў, што пакуль «наўрад ці было б справядліва рабіць высновы» з публікаванай у расійскіх СМІ інфармацыі аб пагадненнях па аб'яднанні з 2021 года мытных, гандлёвых сістэм і фінансавых правілаў, энергетычнага рынку. Лінкявічус спадзяецца на з'яўленне афіцыйнай інфармацыі, якая чакаецца ў канцы года.

«На самай справе, я згодны з некаторымі палітолагамі, якія сцвярджаюць, што ніхто не можа адмаўляць, што ёсць нейкія сакрэтныя пратаколы ў пагадненнях. Змены, калі і адбудуцца, то наўрад ці з ініцыятывы беларускіх уладаў», — сказаў Лінкявічус.

Паводле яго слоў, Літва неаднаразова падкрэслівала, што Беларусь «вельмі моцна інтэграваная з Расіяй», і гэта яскрава ілюструюць агульная сістэма абароны і сумесная праца службаў бяспекі дзвюх краін.

Літва, падкрэсліў міністр, працягне прытрымлівацца «прынцыпу селектыўнага супрацоўніцтва» ў адносінах з Беларуссю, нагадваючы аб праблеме будаўніцтва БелАЭС, але не выключаючы, у выпадку прагрэсу, некаторых саступак — напрыклад, у перамовах аб бязвізавым рэжыме.

Кажучы пра БелАЭС, Лінкявічус заявіў, што Літва не мае намеру адмяняць законы, якія забараняюць куплю электраэнергіі з АЭС у Астраўцы.

«Мы не бачым магчымасцяў для адступлення. Мы дакладна не маем намеру мяняць гэтыя законы аб ненабыцці электраэнергіі, якія прынятыя ў сойме, па прычыне важнасці для нашай нацыянальнай бяспекі», — сказаў ён.

Па словах Лінкявічуса, дамагчыся адзінай пазіцыі балтыйскіх краін па БелАЭС цяжка па розных прычынах.

«І эканамічныя інтарэсы, і нейкія нацыянальныя асаблівасці. На палітыку ўплываюць розныя фактары. Гэта, магчыма, не апраўданне, але больш за тлумачэнне. Гэта не так ужо і проста. Мы вельмі цэнім заявы суседзяў-палякаў аб адмове ад закупкі гэтай электраэнергіі», — адзначыў кіраўнік літоўскага МЗС.

Ён нагадаў, што і латвійскі прэм'ер-міністр Крыш'яніс Карыньш заяўляў пра намер Латвіі не купляць электраэнергію ў Беларусі.

naviny.by

Чытайце таксама:

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!