У Маскоўскім раёне Мінска прызналі несапраўднымі 30 000 подпісаў за Бабарыку

У маскоўскім раёне Мінска прызналі несапраўднымі ўсе 30 341 подпіс за Віктара Бабарыку. Пра гэта паведамляе Еўрарадыё са спасылкай на прадстаўніка штаба экс-банкіра Эдуарда Шэлега.
Фота Эдуарда Шэлега / facebook

Фота Эдуарда Шэлега / facebook

«Што б не пісалі і не казалі, я ведаю адно — мы сабралі гэтыя подпісы сапраўды і з вялікім энтузіязмам вывяралі кожны запіс, выпраўлялі разам памылкі, былі разам і зразумелі, што можам многае, — піша Шэлег на сваёй старонцы ў фэйсбуку. — Я вамі ганаруся, што пазнаёміўся з кожным, пагутарыў, падзяліўся ўсім, што ведаў. У гэтых тэчках захоўвацца наша сапраўдная нацыя. Дзякуй. Але гэта не канец, паверце! Разам пераможам!».


29 чэревня стала вядома, што подпісы за Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу — найбольш папулярных прэтэндэнтаў у прэзідэнты — масава бракуюцца адміністрацыямі раёнаў і гарадоў.

Напрыклад, у Фрунзенскім раёне Мінска за вылучэнне Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты было сабрана 47190 подпісаў, за Цапкалу — 17853. «У абодвух выпадках па выніках двух тураў праверкі былі прызнаныя несапраўднымі па 16% правераных подпісаў — у выніку былі забаркаваныя ўсе», — адзначыў юрыст і назіральнік на выбарах ад партыі БНФ Юрый Чавусаў, які прысутнічаў на пасяджэнні.

Вядома таксама, што цалкам забракаваныя подпісы за Бабарыку і Цапкалу ў Барысаве, Жлобіне, Светлагорску, у раёнах Віцебска і Гомеля. Абодва вылучэнцы збіраюцца звяртацца ў суд.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: