У мінскім аэрапорце затрымалі аднаго з лідараў пратэстаў у Інгушэціі

8 траўня ў мінскім аэрапорце затрымалі аднаго з лідараў пратэстаў у Інгушэціі, блогера і журналіста Ісмаіла Нальгіева. Ён збіраўся вылецець у адну з краін Еўрасаюза.
Цяпер яму пагражае выдача ў Расію. Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў грамадскі актывіст з Інгушэціі Руслан Муцольгаў. Ён сведчыць, што Нальгіеў прайшоў рэгістрацыю і дагляд, аднак на памежным кантролі яго затрымалі. Інгушу сказалі, што ён знаходзіцца ў вышуку. Па словах Муцольгава, Ісмаіла Нальгіева пераследуюць па палітычных матывах. Як вядома, пратэсты ў Інгушэціі супраць перадачы часткі яе тэрыторыі Чачні былі мірнымі. Тым не менш, актывістаў затрымлівалі і кідалі за краты.
З'явілася інфармацыя, што сілавікі з Інгушэціі нібыта прапанавалі беларускай міліцыі прывезці затрыманага ў Смаленск і перадаць ім. Юрыст Алег Агееў супакойвае: дзяжурны па аддзеле ўнутраных спраў у аэрапорце запэўніў яго, што "без працэсуальнага афармлення ў РФ яны яго не выдадуць". Цяпер чакаецца прыезд адваката.
Паводле Еўрарадыё

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: