У Мінску прайшоў турнір па стральбе памяці генерала Фралова

Позна ўвечары палітыкі і журналісты прынялі ўдзел ва ўжо традыцыйным турніры па стральбе памяці генерал-маёра, палітыка, былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў Валерыя Фралова, які пайшоў з жыцця пяць гадоў таму. Пераможцам стрэльбаў на прызы "БелГазеты" стаў Зміцер Дашкевіч.
Зміцер Дашкевіч. Фота прадастаўлена "БелГазетай"

Зміцер Дашкевіч. Фота прадастаўлена "БелГазетай"

Сын Валерыя Фралова Зміцер узгадаў, як у 1997 годзе віншваў бацьку з 50-цігоддзем. "Спачатку я казаў агульныя словы. Затым адзначыў: галоўнае, што можа даць бацька сыну — гэта прыклад, як жыць. Напэўна, з таго часу я і стаў старацца быць падобным на яго", — сказаў ён.

Зміцер Фралоў такксама адзначыў, што ў апошні час у яго ўзнікла новая зацікаўленасць развагамі бацькі, ягоным стылем кіраўніцтва, асабістымі якасцямі — гонарам, смеласцю, змяшанымі са своеасаблівым пачуццём гумару.

Ён паведаміў, што яшчэ застаецца нявыдадзенай другая кніга генерала — "Куды прыйшлі" (назва першай — "Куды ідзем"). "Ад бацькі я зразумеў, што неабходна змагацца і перамагаць. Але — абавякова чэсна, без хітрыкаў, тады ты будзеш сапраўдным пераможцам", — падкрэсліў Зміцер Фралоў.

"У парламенце Валерый Фралоў заўсёды змагаўся за праўду, — адзначыў палітык Сяргей Скрабец. — Яго спрабавалі "выхоўваць". Бывала, прыйдзе пасля такіх "выхаванняў" занепакоены, гаворыць: "А што я магу зрабіць, такі я чалавек". Такіх людзей мала: ён нават прадаў свой дом, сродкі ад якога ўклаў у палітыку. Хаця ў яго была магчымасць спакойна сядзець з вудаю на беразе ракі, атрымоўваць пенсію і сустракаць старасць".

Палітык Мікола Статкевіч адзначыў, што Валерый Фралоў не "быў зашуганым". "Ён быў кантрастам на фоне большасці. Быў яркай, моцнай, гучнай асобай. Ён не хаваўся. Ён даваў прыклад свайму асяродку. Калі яго не стала, прыкладаў такіх паводзін стала, на жаль, меней. Зашуганасць становіцца нормай ва ўсіх сферах — у апазіцыі, прэсе, народзе", — лічыць ён.

Фота прадастаўлены "БелГазетай"

Валерый Фралоў нарадзіўся ў жніўні 1947 года. Быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў другога склікання. Удзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах 2006 года, але не сабраў неабходную колькасць подпісаў за сваё вылучнне і зняўся на карысць Аляксандра Казуліна. Памер ва ўзросце 67-мі гадоў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!