У Мінску распачаўся суд над Дзмітрыем Паліенкам

11 кастрычніка ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска перад пачаткам працэсу сабралася больш за 30 чалавек, сярод якіх сябры Дзмітрыя Паліенкі, грамадскія актывісты, журналісты. 


Праваабаронцы «Вясны» будуць весці маніторынг судовага разбіральніцтва, паведамляе spring96.org. Суд распачаўся а 10-й гадзіне пад старшынствам суддзі Валерыя Есьмана.

Акрамя актывістаў грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў і журналістаў, у суд прыйшлі прадстаўнікі амбасады ЗША і Прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Мінску.  

Перад пачаткам судовага працэсу праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка акрэсліў пазіцыю арганізацыі наконт пераследу Паліенкі [на відэа].

У магчымасць мэтанакіраванага здзяйснення злачынства Дзмітрыем не верыць і яго сябра Максім, які прыйшоў сёння ў суд [на відэа].




Судзяць Дзмітрыя Паліенку ў сувязі з яго ўдзелам у акцыі “Крытычная маса” 29 красавіка ў Мінску, актывіста абвінавачваюць паводле арт. 364 па арт. 364 Крымінальнага кодэкса “Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў”, за які прадугледжана адказнасць у выглядзе арышту, абмежавання волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўлення волі на тэрмін да шасці гадоў. Акрамя гэтага, як пазней стала вядома праваабаронцам, яго абвінавачваюць па ч.2 арт. 343 КК РБ “Выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару”, паводле якога актывісту пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да чатырох гадоў.






Нагадаем, адносна непрапарцыйнасці затрымання Дзмітрыя Паліенкі падчас акцыі “Крытычная маса” і абвінавачання па арт. 364 ПЦ “Вясна” прыняў заяву з патрабаваннем вызваліць затрыманага да канца следства, а таксама спыніць пераслед удзельнікаў мірных сходаў. Пазіцыя праваабаронцаў адносна статусу актывіста, з улікам дадатковага абвінавачання і іх у сукупнасці, будзе сфармуляваная па выніках маніторынгу судовага працэсу. Таксама ПЦ "Вясна" праінфармаваў пра справу Паліенкі Працоўную групу па адвольных затрыманнях ААН.



Паводле spring96.org




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: