У Мінску з візітам знаходзіцца кіраўнік польскага сената

Дэлегацыя польскага сената на чале са старшынёй верхняй палаты парламента Станіславам Карчэўскім знаходзіцца з візітам у Мінску.



Цяпер праходзяць перамовы Станіслава Карчэўскага і Аляксандра Лукашэнкі, паведамілі БелаПАН у пасольстве Польшчы ў Беларусі. Затым у Нацыянальнай бібліятэцы адбудзецца сустрэча Карчэўскага з кіраўніком Савета Рэспублікі Міхаілам Мясніковічам. Чакаецца падпісанне дагавора аб супрацоўніцтве паміж сенатам Польшчы і Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.

Карчэўскі таксама сустрэнецца са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам.

Паводле інфармацыі польскага пасольства, спікер сената Польшчы абмяркуе з беларускімі палітыкамі парламенцкае, рэгіянальнае супрацоўніцтва, пытанні малога памежнага руху, эканамічнае супрацоўніцтва і развіццё ўзаемадзеяння ў галіне адукацыі. Карчэўскі таксама мае намер закрануць тэму палякаў, якія жывуць у краіне, і абмеркаваць магчымасць завяршэння спрэчак вакол Саюза палякаў на Беларусі.

Дэлегацыя сената Польшчы знаходзіцца ў Беларусі 5—6 снежня па запрашэнні кіраўніка Савета Рэспублікі. У складзе дэлегацыі — сенатары Яніна Сагатоўска, Станіслаў Гогач, Анджэй Місёлек, Лешак Пяхота і дэпутат Адам Андрушкевіч, сустаршыня Польска-беларускай парламенцкай групы.

У польскім дыппрадстаўніцтве звярнулі ўвагу на тое, што візіт дэлегацыі сената па часе супадае з ратыфікацыяй беларускім парламентам дагавора паміж урадамі Беларусі і Польшчы ў галіне адукацыі.

Паводле інфармацыі пасольства, падчас візіту запланавана сустрэча польскіх сенатараў з палякамі, якія жывуць у Беларусі, і з прадстаўнікамі апазіцыі.

Польская дэлегацыя таксама сустрэнецца са студэнтамі і выкладчыкамі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Польскія сенатары наведаюць Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі.

Дэлегацыя ўшануе памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, брацкія магілы якіх знаходзяцца ў Курапатах на ўскраіне Мінска.

Ірына Турчына, БелаПАН


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: