У Міжнароднай федэрацыі хакею сумняюцца ў беларускай статыстыцы каронавірусу

Зборная Даніі 7 студзеня стала першай нацыянальнай камандай, прадстаўнік якой афіцыйна заявіў, што зборная не прыедзе на чэмпіянат свету, калі яго не перанясуць з Беларусі ў іншую краіну, піша Свабода.
Пакуль палітыкі і спартовыя чыноўнікі абмяркоўваюць магчымасці пераносу з Беларусі сёлетняга чэмпіянату свету па хакеі паводле палітычных прычынаў, у сувязі з масавымі рэпрэсіямі ў краіне, з'явілася галасы і з нагоды іншых прычын.

Сябра праўлення Міжнароднай федэрацыі хакею з Чэхіі Пэтр Бжыза выказаў сумненні ў актуальнасці фактаў, якія Беларусь паведамляе аб каронавірусе.

Вядомы ў мінулым чэшскі брамнік Бжыза, каментуючы інфармацыю аб магчымым пераносе ЧС-2021 з Менска па палітычных прычынах, заявіў, што МФХ атрымлівае скажоныя факты аб каронавірусе ў Беларусі. Яго цытуе чэшскае выданне www.lidovky.cz.

«МФХ таксама сочыць за сітуацыяй з каранавірусам у Беларусі, дзе павінна праходзіць група А з удзелам Чэхіі. У нас ёсць сумненні ў актуальнасці фактаў, якія Беларусь паведамляе аб каранавірусе. Мы запыталі справаздачы, у якіх выяўленыя некаторыя сур’ёзныя агаворкі, у якіх замяшчаецца неадпаведнасць з нагоды актуальнасці фактаў пра covid у Беларусі», – заявіў Бжыза.

Міністр замежных спраў Чэхіі Томаш Петжычак нядаўна выступіў за перанос чэмпіянату з Менска з-за жорсткага падаўлення пратэстаў у краіне.

Пазбавіць Беларусь права правядзення турніру заклікаў Фонд спартовай салідарнасці, які выступіў супраць фальсіфікацыі вынікаў жнівеньскіх прэзідэнцкіх выбараў і рэпрэсій Лукашэнкі да іншадумцаў. Таксама выразна сваю пазіцыю супраць правядзення чэмпіянату свету ў Беларусі выказалі дэпутаты Еўрапарламенту і віцэ-прэзідэнт ІІХФ Калерва Кумала.

Падаецца, улады Беларусі самі ўжо не вераць у рэальнасць пакінуць права на чэмпіянат свету ў сябе, паколькі хакейны чэмпіянат свету не ўключылі ў пералік спартовых мерапрыемстваў на 2021 год. Гэта здзівіла нават прыхільнікаў Лукашэнкі, якія выступалі за правядзенне турніру ў Беларусі.

Зборная Даніі 7 студзеня стала першай нацыянальнай камандай, прадстаўнік якой афіцыйна заявіў, што зборная не прыедзе на чэмпіянат свету, калі яго не перанясуць з Беларусі ў іншую краіну.


Радыё Свабода

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: