У надпісу «Лукашенко должен уйти» выбарчая камісія ўбачыла прыкметы агітацыі

Вылучэнцу ў кандыдаты ў дэпутаты, актывісту БСДП «Народная Грамада» Валянціну Троцкаму, які збіраў подпісы па Старавіленскай выбарчай акрузе №105 у Мінску, вынеслі папярэджанне за парушэнне выбарчага заканадаўства. Адпаведнае рашэнне вынесла 16 верасня Мінская гарадская выбарчая камісія.
Валянцін Троцкі (другі злева). Фота са старонкі ў фэйсбуку Марыны Адамовіч.

Валянцін Троцкі (другі злева). Фота са старонкі ў фэйсбуку Марыны Адамовіч.

Прычынай папярэджання сталі надпісы на стэндзе, якія выкарыстоўваліся на пікетах Троцкага па зборы подпісаў, «Лукашенко должен уйти» і «Моя позиция» з некалькімі пунктамі.

Пікет па зборы подпісаў. Фота: spring96.org

Пра парушэнне заканадаўства ў акруговую выбарчую камісію паведамілі прадстаўнікі Цэнтральнага РАУС. Чальцы камісіі, разглядзеўшы гэтае паведамленне, і наведаўшы пікет, вынеслі папярэджанне. Яны вырашылі, што такі фармат парушае як выбарчае заканадаўства, так і заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Валянцін Троцкі не пагадзіўся з пазіцыяй акруговай выбарчай камісіі і падаў скаргу на яе рашэнне. Але Мінская гарадская камісія падтрымала пазіцыю АВК. Старшыня камісіі Дзмітрый Шаўцоў спаслаўся на пастанову Цэнтральнай камісіі па выбарах і рэферэндумах №24, згодна з якой на стэндах могуць размяшчацца толькі біяграфічныя дадзеныя кандыдатаў. Усё астатняе – агітацыя. Лозунгі, пазіцыя па грамадска важных пытаннях могуць быць толькі пасля рэгістрацыі кандыдата, на этапе агітацыйнай кампаніі.

Але Валянцін Троцкі лічыць, што выбаршчык, каб паставіць подпіс за вылучэнне кандыдата, мусіць ведаць яго пазіцыю па важных для грамадства пытаннях.

У выніку галасавання, у задавальненні скаргі Валянціну Троцкаму было адмоўлена на падставе таго, што на стэндзе размешчаная агітацыйная інфармацыя, і інфармацыя, якая не адносіцца да збору подпісаў за вылучэнне кандыдата у дэпутаты.

Акрамя гэтага, рашэнне Мінскай гарадской камісіі мусіць быць адпраўлена ў ГАУС Мігарвыканкама ў частцы парушэння заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Такія лозунгі ў пікетах па зборы подпісаў выкарыстоўваюць і іншыя актывісты БСДП «Народная Грамада».

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!