У ноч за незалежнасць

Падаецца, апазіцыі ўдалося зрабіць тое, што не ўдавалася зрабіць даўно — а менавіта, зладзіць адносна масавую акцыю пратэсту ў цэнтры горада. І гэта азначае, што незалежнасць для беларусаў — не пусты гук.


Не бяруся ацаніць колькасць тых, хто сабраўся ад пачатку на Кастрычніцкай плошчы. Людзі стаялі даволі шчыльным натоўпам, згуртаваўшыся вакол арганізатараў. Аднак было бачна, што іх даволі багата — прынамсі, не менш, чым было на акцыях супраць інтэграцыі 7 і 8 снежня. Цікава было тое, што яны прыходзілі не толькі з рознымі сцягамі, але і з самаробнымі плакатамі. Прычым, назіралася самая розная сімволіка — не толькі бел-чырвона-белыя сцягі, але і перагорнуты дагары нагамі чырвона-зялёны, сцягі з выявамі гербаў гарадоў. У цэнтры натоўпу раптам залунаў сцяг, падавалася б, даўно забытай і ніколі незарэгістраванай Беларускай партыі свабоды — я яго не бачыў, падаецца, з часоў украінскай «Аранжавай рэвалюцыі» 2004 года…


Калі народу стала дастаткова багата, зразумела, да іх падышлі міліцыянты, са сваім дзяжурным «Ваше собрание не разрешено горисполкомом, вы будете нести отвественность в сответствии с действующим законодательством Республики Беларусь». Міліцыянтам, як заўсёды, давялося выслухаць шмат непрыемнага — у прыватнасці, пра тое, што неабходна арыштаваць вінаватых у знікненнях палітыкаў.

Здзівілі два моманты. Першае, звыклае патрабаванне дэманстрантаў размаўляць з імі на беларускай мове, бо рускую яны кепска разумеюць. У адрозненне ад мінулых разоў, ніводзін з «апавяшчальнікаў у пагонах» на беларускую мову не перайшоў. І другое: гэтыя «апавяшчальнікі» вокамгненна зніклі, калі з натоўпу ім, таксама праз гукаўзмацняльнік, пачалі зачытваць ІХ правы і абавязкі. А менавіта артыкулы з Канстытуцыі пра тое: што крыніцай улады ў Беларусі з’яўляецца народ, што Беларусь з’яўляеца суверэннай, незалежнай і непадзельнай дзяржавай, і што кожны грамадзянін Беларусі абавязаны бараніць яе цэласнасць і суверэнітэт.

Ці так супала выпадкова, альбо міліцыя не захацела чуць пра СВАЕ абавязкі — сказаць складана.

Калі людзі рушылі па праспекце Незалежнасці — гэта было відовішчнае, і ў аздабленні навагодняга ўпрыгожвання гораду, у нечым нават святочнае шэсце. Канешне, яны звыкла скандавалі «Жыве Беларусь» і «Далучайся», пад будынкам КДБ звыкла пакрычалі «Ганьба!», але без перашкодаў дайшлі да плошчы Незалежнасці.


Чаму можна казаць пра масавасць гэтай акцыі? Не ведаю, як можна было падлічыць колькасць яе ўдзельнікаў, але я ішоў наперадзе калоны і на ўваходзе на плошчу адмыслова спыніўся. Апошнія людзі з калоны прайшлі каля мяне толькі хвілін праз дзесяць — калі галава калоны ўжо была на месцы правядзення мітынгу — каля будынку Педагагічнага ўніверсітэту.

І вось там стала зразумела, што апазіцыі ўсё ж трэба нешта мяняць у сваіх падыходах. Таму што прыйшоўшыя, як гэта адбываецца звычайна, пачалі «міграваць» з плошчы, як толькі пачулі заклікі памаліцца ды пра тое, што «перад німі выступяць».

Сапраўды, на парозе — 20-я гады ХХІ стагоддзя, і нельга да іх падыходзіць з рытуалам 1990-х. Моладзь ходзіць у джынсах з падваротамі, стрыжэ бароды ў барбершопах і бегае за вугал не паліць, а вейпіць. Ім нельга казаць, што «зараз слова мае…» Людзі ўжо звыклі да таго, што слова мае любы, у каго ёсць акаўнт у Facebook альбо Telegram-канал.

Выступы ж з трыбуны, асабліва калі назіраеш за імі з іншага боку, нагадвалі нешта кшталту выступу ветэранаў вайны перад школьнікамі. Так, паважаны чалавек, нешта гаворыць, зробім выгляд, што слухаем. А самі тым часам пагуляем у «марскі бой» ці «крыжыкі-нолікі». Альбо пашушукаемся на задніх партах… Але, у адрозненне ад школьнага кабінету, тут кожны быў вольны сысці з пачуццём годна выкананага грамадзянскага абавязку. Што некаторыя з «задніх партаў» і рабілі — тым больш, што належнай гукаўзмацняльнай апаратуры ўсё роўна не было, прамоўцаў было чуваць праз слова, а на «іншым баку» —значна весялейшая музыка.

Дый увогуле, навошта людзей, якія выйшлі ў абарону незалежнасці, гадзіну пераконваць у тым, што незалежнасць — каштоўная і ў небяспецы? Калі яны ўжо прыйшлі яе бараніць ў даволі халодны зімовы вечар — значыць, яны гэта выдатна разумеюць.

Карацей, дэманстрацыя, калі была мэта ПРАДЭМАНСТРАВАЦЬ, што народ супраць інтэграцыі з Расіяй — удалася. Мітынг — не. Дый ён і непатрэбны быў, хіба толькі пацешыць пачуццё ўласнай вагі арганізатараў.

Таму цалкам зразумела, што на Нямігу пайшло значна менш людзей, чым на плошчу Незалежнасці ад Кастрычніцкай. А па дарозе іх стала яшчэ меней. Бо, калі мэта «прадэманстраваць» — гэта трэба дэманстраваць КАМУСЬЦІ, а не цёмным і напаўпустым узімку а палове на дзявятую вечара вуліцам.

Магчыма, калі б не было мала каму патрэбнага мітынгу, завяршэнне акцыі было б больш відовішчным. І канец акцыі не быў бы такім «скамячаным», — калі некаторыя сапраўды сталі «жывым ланцугом» на Кастрычніцкай плошчы, а частка на чале з Севярынцам невядома чаму рушыла да парку Янкі Купалы, дзе і разышлася.

Вынікі ж сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна такія: неўзгодненымі засталіся тры дарожныя карты: у нафтавай, газавай і падатковай сферах. Лукашэнка не выключыў яшчэ адной сустрэчы з Пуціным да новага, 2020 года. А значыць, мы па горадзе яшчэ пагуляем.

Фота Аляксандра Лібертада

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: