У парламенце не лічаць патрэбным адмяняць аплату паслуг дзяржаўных службаў на масавых мерапрыемствах

У парламенце не лічаць неабходным адмяняць аплату паслуг дзяржаўных службаў на масавых мерапрыемствах. Гэта вынікае з адказу старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Валянціны Ражанец на петыцыю з адпаведным патрабаваннем, апублікаваную на інтэрнэт-платформе па зборы подпісаў Petitions.by., паведамляе БелаПАН.


Петыцыю падтрымалі амаль тысяча чалавек, і 8 чэрвеня электронны дакумент быў накіраваны ў Савет міністраў і Палату прадстаўнікоў.

Аўтары петыцыі патрабавалі адмяніць пастанову Саўміна № 49 ад 24 студзеня 2019 года, згодна з якім заяўнікі вулічных акцый абавязаны аплочваць паслугі па ахове грамадскага парадку, а таксама выдаткі, звязаныя з медабслугоўваннем і уборкай тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства. Напрыклад, за арганізацыю акцыі колькасцю да 10 чалавек толькі міліцыі трэба заплаціць 3 базавыя велічыні (76,5 рубля), ад 11 да 100 — 25 б. ст. (637,5 рубля), ад 101 до 1000 — 150 б. ст. (3825 рублёў), больш за 1000 чалавек — 250 б. ст. (6375 рублёў).

Таксама аўтары прапанавалі ўнесці папраўку ў закон аб масавых мерапрыемствах, якая абавязвала б аплачваць паслугі дзяржаўных службаў толькі арганізатараў вулічных акцый камерцыйнага характару.

У адказе Ражанец, датаваным 25 чэрвеня, падкрэсліваецца, што свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян, гарантуецца дзяржавай у адпаведнасці з канстытуцыяй, аднак парадак іх правядзення вызначаецца законам аб масавых мерапрыемствах.

«Дзеючае заканадаўства ўтрымлівае механізм рэалізацыі названага канстытуцыйнага права, — адзначыла парламентарый. — Разам з тым яго ажыццяўленне закранае правы, свабоды і законныя інтарэсы іншых асоб. З улікам гэтага асаблівую значнасць набывае прававой пастулат пра тое, што правы аднаго заканчваюцца там, дзе пачынаюцца правы іншага. Для забеспячэння неабходнага ўзроўню бяспекі пры правядзенні масавых мерапрыемстваў патрабуецца адцягненне сіл і сродкаў органаў унутраных спраў, медыцынскіх устаноў і камунальных службаў ад выканання планавых задач».

Ражанец сцвярджае, што аплата паслуг міліцыі, медыкаў і камунальных службаў падчас масавага мерапрыемства з'яўляецца «гарантыяй захавання балансу правоў, свабод і законных інтарэсаў». Акрамя таго, «ўнясенне аплаты арганізатарамі таго ці іншага масавага мерапрыемства таксама сведчыць аб клопаце з іх боку аб удзельніках мерапрыемства».

«У сувязі з гэтым лічым, што ўнясенне змяненняў у закон не патрабуецца. Адзначаем таксама, што пытанне змены пастановы Савета міністраў адносіцца да кампетэнцыі ўрада», — падагульніла старшыня профільнай парламенцкай камісіі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!