
«Чым дапамагчы, Слава, чым дапамагчы?»
Дэпутацкая большасць у Вярхоўным Савеце была таксама арыентавана на Расію і ішла на небяспечныя авантурныя дзеянні. Так, 9 красавіка 1993 года Вярхоўны Савет прыняў пастанову, чацвёрты пункт якой ускладаў на старшыню парламента Станіслава Шушкевіча абавязак пацвердзіць далучэнне Беларусі да Дамовы аб калектыўнай бяспецы ад 15 мая 1992 года, падпісанай у Ташкенце. Праўрадавым дэпутатам у Вярхоўным Савеце ўдалося дабіцца таго, каб пастанова прымалася не двума трацямі галасоў, а простай большасцю, што істотна аблегчыла яе зацвярджэнне.
Пункт № 4, праўда, змяшчаў агаворку пры далучэнні Беларусі да Ташкенцкай дамовы: выкарыстанне Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, размяшчэнне і выкарыстанне войскаў іншых дзяржаў на тэрыторыі Беларусі былі магчымы толькі з дазволу Вярхоўнага Савета Беларусі.
Найбольш паслядоўна супраць ваеннага саюзу з Расіяй выступіла парламенцкая апазіцыя БНФ. Яна абвінаваціла Кебіча і дэпутацкую большасць у парушэнні нейтралітэту краіны, які гарантавала Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце ад 27 ліпеня 1990 года.
Аднак урад Кебіча ішоў далей. 8 верасня 1993 года Кебіч і кіраўнік расійскага ўрада Віктар Чарнамырдзін падпісалі паганенне аб аб’яднанні грашовай сістэмы Рэспублікі Беларусь з грашовай сістэмай Расійскай Федэрацыі. Згодна з пагадненнем, Беларусь і Расія павінны былі стварыць умовы для аб’яднання да 1 студзеня 1994 года, прычым Нацыянальны банк Беларусі і Цэнтральны банк Расіі захоўвалі аднолькавыя правы.
Прадстаўнік апазіцыі БНФ Юрый Беленькі назваў гэты дагавор не інтэграцыяй, а самай звычайнай палітыкай каланіялізму.
Прапанова дэпутата апазіцыі БНФ Валянціна Голубева аб унясенні ў парадак дня пытання аб парушэнні Канстытуцыі пры падпісанні дагавора было адвергнута.
Дэпутат Лукашэнка заклікаў сваіх калегаў без ваганняў ратыфікаваць дагавор. Па словах гэтага дэпутата, акрамя Расіі ў Беларусі толькі адзіны шлях — у космас.
У перадвыбарчай барацьбе за пасаду прэзідэнта (выбары былі прызначаны на 23 чэрвеня 1994 года) расійскі казырны фактар з рук Кебіча ўсяляк імкнуўся выбіць Аляксандр Лукашэнка. Гэты народны дэпутат сцвярджаў, што дагавор ад 12 красавіка 1994 года —- фікцыя, і што з Кебічам у Маскве больш ніхто не жадае размаўляць. Лукашэнка наведаў Дзяржаўную Думу ў маі 1994 года і заклікаў вярнуцца да беларуска-расійскага дагавора ад 8 верасня 1993 года.
Аднак афіцыйная Расія да апошняга моманту падтрымлівала Кебіча. Пра гэта сведчыць закрытая нарада з удзелам беларускага-прэм’ер-міністра 5 чэрвеня 1994 года ў Полацку. У размове з мясцовым палітычным і гаспадарчым актывам Кебіч прызнаваўся, што яму званілі з Масквы і пыталіся: «Чым дапамагчы, Слава, чым дапамагчы?».
Пасля няўдалага выніку выбараў 23 чэрвеня 1994 года Кебіч, тым не менш, працягваў эксплуатаваць расійскае пытанне і меў знешнюю падтрымку. 3 ліпеня 1994 года ў Заслаўі ён разам з Віктарам Чарнамырдзіным падпісаў пратакол аб рэалізацыі дагавора ад 12 красавіка. Паводле пратакола, напрыклад, да канца ліпеня бягучага года павінен быў быць распрацаваны механізм абмену беларускіх разліковых білетаў на расійскія рублі. Тады ж у Заслаўі было падпісана беларуска-расійскае пагадненне аб сумесных дзеяннях па мінімізацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. З гэтай мэтай Расія выдзяляла 2 млрд. руб.
Аднак 10 ліпеня 1994 года ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў перамогу атрымаў Лукашэнка. Цяпер Маскве трэба было мець справы з новым беларускім гаспадаром.

Мітынг на
пл. Незалежнасці ў Мінску падчас ратыфікацыі Вярхоўным Саветам Беларусі 12
га склікання дагавора аб стварэнні СНД, 10 снежня 1991 года. Крыніца:
Свабода, снежань 1991 года
Пачатак экспансіі
У пачатку студзеня 1995 года ў Мінску высадзіўся цэлы расійскі дэсант у асобах прэм’ер-міністра Віктара Чарнамырдзіна, міністра замежных спраў Андрэя Козырава і старшыні Савета Федэрацыі Уладзіміра Шумейкі. Вынікам стала падпісанне 6 студзеня 1995 года пагаднення аб стварэнні Мытнага саюза.
3 лютага 1995 года Беларусь наведаў кіраўнік Дзярждумы Расіі Іван Рыбкін, які выступіў у Вярхоўным Савеце. Дарэчы, парламенцкая апазіцыя БНФ рашуча выказалася супраць выступлення высокага расійскага госця — прадстаўніка той краіны, якая знаходзілася ў стане вайны.
Аднак кансерватыўная парламенцкая большасць усё ж дала слова Рыбкіну, які казаў аб супольных гістарычных каранях беларускага і расійскага народаў, неабходнасці інтэграцыі, збліжэнні заканадаўства дзвюх краін. Закрануў спікер расійскай Дзярждумы і тэму чачэнскай вайны. Добра ведаючы, што Расія сама развязала чачэнскую бойку, Рыбкін па-фарысейску сцвярджаў, што «на юге России поселилось средневековье».
Такія візіты былі своеасаблівай арт-падрыхтоўкай для прыезду Ельцына ў Беларусь. Ён адбыўся 21 лютага 1995 года. У гэты ж дзень у Мінску быў падпісаны беларуска-расійскі дагавор аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве. За агульнымі фразамі хаваліся сапраўдныя памкненні Расіі: напрыклад, захаваць на тэрыторыі Беларусі свае ваенныя базы (21 лютага 1995 года член парламенцкай апазіцыі БНФ Валянцін Голубеў перадаў у Вярхоўны Савет больш за 800 подпісаў жыхароў г. Ганцавічы Брэсцкай вобласці, сабраных пад патрабаваннем зачыніць расійскі ваенны аб’ект «Баранавічы»).
Безумоўным пашырэннем расійскага ўплыву на Беларусі можна лічыць рэферэндум 14 мая 1995 года, які ініцыяваў Лукашэнка. На рэферэндуме быў зацверджаны дзяржаўны статус рускай мовы, а таксама пытанне аб ухваленні палітыкі беларускага кіраўніка, накіраванай на эканамічную інтэграцыю з Расіяй. Увогуле, ухваленне такога пытання было юрыдычным нонсесам, бо гэта — норма прамога дзеяння.
11 красавіка 1995 года пры абмеркаванні гэтых пытанняў рэферэндуму дэпутат Генадзь Маісееў спытаў Лукашэнку, ці не баіцца той застацца ў ролі расійскага губернатара. Адказ Лукашэнкі быў красамоўным: «Республика есть и будет, чтобы там не говорили руцкие-жириновские».
Сам Лукашэнка сцвярджаў, што ўхваленне пытання аб эканамічнах адносінах з Расіяй — жыццёванеабходнае: «Мы на Западе никому не нужны, кому нужен МАЗ, кому нужен БелАз? Ведь сегодня на Беларусь смотрят как на центр славянского мира, откуда может пойти возрождение этого славянства!».
З пачаткам 1996 года і набліжэннем прэзідэнцкай кампаніі ў Расіі адносіны Масквы і Мінска актывізаваліся. 22 сакавіка 1996 года Вярхоўны Савет Беларусі наведала расійская дэлегацыя на чале з кіраўніком Савета Федэрацыі Ягорам Строевым. Апошні ўздаў «честь и хвалу» Лукашэнку, які «выступает как возмутитель спокойствия на просторах СНГ». Строеў заявіў, што нічога на свеце няма лепш за беларускія трактары і шыны і падараваў беларускім дэпутатам карціну «Храм Христа Спасителя».
Справа ў тым, што Ельцын і Лукашэнка рыхтавалі падпісанне дагавора аб утварэнні супольнасці Беларусі і Расіі з мэтай пераходу на больш высокую ступень інтэграцыі (так было заяўлена афіцыйна). У дэпутатаў Вярхоўнага Савета 13-га склікання, якія былі ў апазіцыі да Лукашэнкі, узніклі натуральныя пытанні наконт мэтазгоднасці такой супольнасці. Напрыклад, 27 сакавіка 1996 года Віктар Ганчар казаў: калі супольнасць не пераследуе палітычныя мэты, навошта яна. Іншыя пытанні: мытныя, грашовыя і інш., па словах Ганчара, прапісаны ў папярэдніх дамоўленасцях, у тым ліку і ў Белавежскіх пагадненнях. Анатоль Лябедзька ўвогуле сцвярждаў, што супольнасць нясе пагрозу беларускай незалежнасці і пытаўся: ці не давядзецца Лукашэнку неўзабаве ўзначаліць партызанскі атрад на Шклоўшчыне.
Лукашэнка эмацыянальна даказваў дэпутатам, што супольнасць — «кость в горле радикалов и политических спекулянтов», а яна патрэбна, каб «адаптироваться к бешеным ценам на энергоресурсы».
Паколькі Вярхоўны Савет Беларусі 13-га склікання быў па сутнасці «чырвона-зялёным» (у ім гаспадарылі камуністы і аграрыі), то Лукашэнка быў падтрыманы. 29 сакавіка 1996 года Вярхоўны Савет зацвердзіў пастанову, у якой ухваляліся намаганні Лукашэнкі на інтэграцыю з Расіяй і краінамі СНД.
Фармат гэтай пастановы, праўда, не задаволіў найбольш гарачыя голавы. Так, кіраўнік фракцыі камуністаў Калякін выказваў незадавальненне тым, што нягледзячы на намаганні камуністычнай фракцыі, не ўдалося паставіць пытанне аб палітычнай і маральнай ацэнцы дзеянняў вышэйшых службовых асобаў, якія ў снежні 1991 года падпісалі Белавежскія пагадненні.
2 красавіка 1996 года пагадненне аб супольнасці Беларусі і Расіі было падпісана. З тэкста дагавора можна зрабіць выснову аб чыста тэхнічным характары супольнасці: шматлікія пытанні, агучаныя ў тэксце, можна было вырашыць нават на ўзроўні міністэрстваў і ведамстваў.
Тым не менш, дагавор аб супольнасці адыгрываў сваю ролю. Ельцыну гэта давала магчымасць рэабілітавацца за развал Саюза і загладзіць комплекс віны, а Лукашэнку — пашыраць свой уплыў у расійскіх рэгіёнах, кантактаваць з губернатарамі і інш.
Незалежныя экспеты і СМІ пачалі абмяркоўваць пытанне, што з дапамогай інтэграцыйных гульняў Лукашэнка хоча стаць кіраўніком Расіі. Гэты факт, дарэчы, не абвяргаў і сам Ельцын. У сваёй кнізе «Президентский марафон» Ельцын сцвярждаў, што першапачатковы тэкст дамовы аб стварэнні саюза Беларусі і Расіі (падпісаны 2 красавіка 1997 года) быў складзены такім чынам, што беларускі кіраўнік на пэўны час станавіўся на чале Расіі. Па словах Ельцына, гэта своечасова заўважыў Анатоль Чубайс. Ельцын прызнаўся, што вымушаны быў звольніць некалькі супрацоўнікаў сваёй адміністрацыі.
Сам Ельцын, напэўна, пачаў адчуваць настроі Лукашэнкі і шукаў нагоду, каб публічна асадзіць беларускага калегу, які занадта зарваўся. Такой нагодай у 1997 годзе стала «справа журналістаў» (калі кіраўнік карпункта ОРТ у Мінску Павел Шарамет і аператар Дзмітрый Завадскій былі затрыманыя беларускімі спецслужбамі на беларуска-літоўскай мяжы). Нягледзячы на патрабаванні Ельцына, Лукашэнка не выпускаў журналістаў. І тады расійскі бок у кастрычніку 1997 года забараніў беларускаму кіраўніку палёт у паветраную прастору Расіі (Лукашэнка накіроўваўся на сустрэчу з яраслаўскім губернатарам).
Паступова Расія пачала змяншаць эканамічныя прэферэнцыі Беларусі, што дало Лукашэнку нагоду заявіць у пачатку ліпеня 1999 года на сесіі парламенцкага сходу саюза Беларусі і Расіі аб неабходнасці пераадолення Беларуссю «дикого крена на Восток».
Аднак Ельцыну было ўжо ўсё роўна. Ён канчаткова вырашыў сысці. Аднак пад канец Ельцын аказаў свайму калеге «мядзведжую паслугу»: 8 снежня 1999 года быў падпісаны дагавор аб стварэнні т.зв. саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі — чарговай хімеры палітыкаў, якія жадалі падмануць адзін аднаго.
Аднак праз дваццаць год гэтую хімеру ўзяўся адрадзіць Уладзімр Пуцін. Ці рыхтавацца Беларусі да «Белоруссии»?