У сабачкі баліць, у коціка баліць, а ў выбаршчыка — гаіся-загаіся

Cучасныя выбары — гэта своеасаблівыя палітычныя «чорныя дзіркі», здольныя паскараць гістарычны час. Яны ўжо неаднаразова давалі старт «каляровым рэвалюцыям» на постсавецкай прасторы, дый не толькі на постсавецкай. Таму страх перад выбарамі, нягледзячы на тое, што ўсё схоплена, ніколі не пакідае іх арганізатараў.

«Усё разумнае рэальнае, усё рэальнае разумна», — сцвярджаў нямецкі філосаф Гегель. Разумны быў мужык, словаў на вецер не кідаў.

Сказанае класікам тычыцца і беларускіх выбараў, чыя гісторыя неаддзельная ад гісторыі грамадства, краіны і дзяржавы. Больш за тое, нішто так не паўплывала на фарміраванне беларускай дзяржавы, як выбары. У сваю чаргу, дзяржава ў даўгу не засталася: своеасаблівасць беларускіх выбараў — прамое следства своеасаблівасці дзяржавы.

Такі вось нацыянальны аналаг гісторыі з курыцай і яйкам, у якім назіральніку збоку і без паўлітра не разабрацца, што тут першаснае, а што другаснае. «Дыялектыка, аднак», — як сказаў бы вядомы персанаж з анекдотаў, і абсалютна меў бы рацыю.

Выбары — гэта не даніна сучаснай модзе ці савецкай спадчыне. Нашы продкі шляхам галасавання яшчэ ў IX стагоддзі вырашалі, каго паклікаць на княжанне, а каго выгнаць. На жаль, у XXI стагоддзі такой магчымасці беларусы пазбаўленыя, і адбылося гэта не з прычыны ціску з боку «нашай Расіі». Не, усё значна прасцей — і таму больш сумна. Адмова ад права клікаць і выганяць князёў аформілася ў Беларусі неяк сама сабой, г.зн. іманентным парадкам (ад лацінскага immanens — «той, хто знаходзіцца ўнутры»).

Згодна з Вікіпедыяй, «выбары — адна з найбольш распаўсюджаных формаў удзелу грамадзян у грамадска-палітычным жыцці дзяржавы, важны інстытут функцыянавання палітычнай сістэмы і палітычнага рэжыму, іх легітымнасці».

Справядлівасць такога вызначэння неаднаразова пацвярджалі даследаванні сацыёлагаў НІСЭПД. У прыватнасці, у чэрвені 2016 года ў лідарах пры адказе на пытанне: «Калі вы цікавіцеся палітыкай, то ў чым выяўляецца гэтая цікавасць?» апынуўся варыянт: «Галасую на выбарах» (66%). На другім жа месцы з больш чым двухразовым адставаннем прытуліўся варыянт «абмяркоўваю палітычныя падзеі з сябрамі» (31%).

Цікава, пагадзіцеся. Беларусы галасуюць часцей, чым абмяркоўваюць палітычныя падзеі! Але ў гэтай нацыянальнай асаблівасці ёсць свая логіка. Беларуская палітыка — як і яе савецкая папярэдніца — пабудаваная на выкананні абмежаванай колькасці рытуалаў. Выбары — адзін з іх, і арганізуюцца яны «дзяржавай для народа» як відовішча, таму іншай актыўнасці, акрамя глядацкай, ад народу і не патрабуецца. Абмеркаванне — гэта ўжо вышэйшы пілатаж. Круціць палітычныя «мёртвыя петлі» і «бочкі» здольныя нямногія, ды ў тым і няма патрэбы.


З поля — у загон

IX стагоддзе — гэта глыбокая старажытнасць, але і за паўтары тысячы гадоў да нашых продкаў грэкі збіраліся на гарадскіх плошчах для таго, каб шляхам галасавання вырашаць пытанні — ад паўсядзённых да абвяшчэння вайны і заключэння міру.

У наш час для вырашэння пытанняў нацыянальнага маштабу народ на плошчах не збіраюць. Тое, што працавала ў гарадах-дзяржавах, аказваецца неэфектыўным па прычыне прынцыпова іншага маштабу. Выключэнні з агульнага правіла, зразумела, сустракаюцца. Дастаткова прыгадаць краіну прамой дэмакратыі — Швейцарыю, у якой на рэферэндумы выносяцца законы, прынятыя парламентам. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што звычайна швейцарцам даводзіцца галасаваць як мінімум чатыры разы на год.

Швейцарыя — краіна дэмакратычная. Электаральная актыўнасць яе грамадзян здзіўлення не выклікае, аднак і большасць грамадзян аўтарытарных краін галасуе рэгулярна. У чым іх інтарэс, і ў чым інтарэс арганізатараў галасаванняў?

Даследаванні аўтарытарных рэжымаў адназначна сведчаць, што аўтакрат з выбарамі жыве нашмат даўжэй (а часта і лепей), чым без іх. «Правільна» арганізаванае «народнае волевыяўленне» адыгрывае ролю своеасаблівага аналагу ахоўнага клапана паравога катла.

Вось як яго працу апісвае расійскі палітолаг Глеб Паўлоўскі: «Выбаршчык — гэта “пятая калона”, самая небяспечная. Так, яму выбары не патрэбныя. Але паспрабуйце іх адмяніць — і вы ўбачыце, што ён пачне скардзіцца. Прычым скардзіцца будзе не на адсутнасць выбараў, а на нейкія нязначныя праблемы — цэны ў крамах, тое ды сёе, і яму можа раптам нават падацца, што і Амерыка не такі вораг. Гэта значыць, няма спосабу адмовіцца ад тэлепастаноўкі, якая мае рэйтынг. А выбары маюць рэйтынг, гэта элемент нашай тэлепастаноўкі. Патрэбны вельмі добры серыял, каб замяніць выбары».

Нагадаю чытачам прыказку, якую маладыя матулі прамаўляюць, дзьмухаючы на пабітыя калені сваіх малых: «У сабачкі баліць, у коціка баліць, а ў Васілька гаіся-загаіся».

Сумняваюся, што хоць бы 1% маладых матуль знаёмы са спісам з 10 метадаў маніпулявання чалавечай свядомасцю, складзеным прафесарам лінгвістыкі Масачусецкага тэхналагічнага інстытута Наамам Хомскі. Матулям цалкам хапае інтуіцыі для разумення галоўнага, а галоўным, на думку амерыканскага прафесара, з’яўляецца «адцягненне ўвагі людзей ад важных праблем і рашэнняў, якія прымаюцца кіруючымі коламі, з дапамогай пастаяннага насычэння інфармацыйнай прасторы нязначнымі паведамленнямі».

Адцягненне ўвагі, тут я дазволю сабе яшчэ адну цытату, дапамагае «дасягаць таго, каб грамадзяне пастаянна былі чымсьці занятыя і ў іх не заставалася часу на разважанні; з поля — у загон, як і ўсе іншыя жывёлы».

А нічога больш і не трэба

«Хто валодае інфармацыяй, той валодае светам». Аўтарства гэтага афарызму прыпісваюць англійскаму банкіру Натану Ротшыльду. Афарызм не страціў сваёй актуальнасці і ў наш час, але яго можна ўзмацніць, замяніўшы слова «інфармацыя» на фразеалагізмы «інфармацыйны шум» або «інфармацыйнае смецце».

Выбары спрыяюць стварэнню ідэальных умоваў для генерацыі інфармацыйнага шуму і смецця, прычым на любы густ і ў неабмежаваных колькасцях: ад справаздач з нагоды росту дабрабыту насельніцтва, да маляўнічых апісанняў чарговых падкопаў унутраных і знешніх ворагаў, якія імкнуцца разбурыць «нашу стабільнасць».

У якасці прыкладу прывяду адказ спадара Давыдзькі, далёка не апошняга чалавека ва ўладнай іерархіі, які ён даў на нязручнае пытанне журналіста: «Я са здраднікамі не размаўляю, паколькі вы працуеце на замежную дзяржаву і хочаце дэстабілізацыі нашай краіны. Вы з’яўляецеся ворагам дзяржаўнасці Рэспублікі Беларусь і нашай незалежнасці. Мы бачым Юду з трынаццаццю (?!) сярэбранікамі ў кішэні».

Ведай нашых! Дзяржаўнікі такога ўзроўню на дарозе не валяюцца. Па слова ў кішэню яны не лезуць, што і адзначыў адзіны палітык, размаўляючы 17 кастрычніка з журналістамі на выбарчым участку: «Я думаю: “вось калі б людзі Давыдзьку падтрымалі — ён бы мог узначаліць камісію па сродках масавай інфармацыі”. [Камісія па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ. — Рэд.] Што ў гэтым дрэннага?! Вы хочаце з ім на беларускай мове размаўляць — ён будзе па-беларуску з вамі размаўляць, вельмі выдатна. Даша [журналістка тэлеканала “Мір”. — Рэд.] прыйдзе па-руску з ім пагаварыць — ён і па-руску пагаворыць. Што яшчэ трэба?»

А нічога больш і не трэба. Беларусы — яны ж «рускія са знакам якасці», палітыку дзяржавы разумеюць правільна. Паўтараць ім нешта двойчы — марнаваць час.


Як бы гэта мякчэй сказаць...

Выбары — не проста працэс галасавання, выбары — гэта абмеркаванне грамадствам праблемаў, якія хвалююць грамадзян. На жаль, падобнага вопыту ў беларусаў няма, і запазычыць яго няма адкуль.

Афіцыйным прадстаўнікам інтэлектуальнай эліты, чыім найважнейшым абавязкам з’яўляецца фарміраванне культурных узораў, прапанаваць няма чаго, акрамя ўзораў лаяльных паводзінаў. У мінулым вопыце — суцэльнае адзінства партыі і народа. На яго не абаперціся. Краіна пад кіраўніцтвам камуністаў 73 гады маршыравала верным курсам — і ў выніку апынулася, як бы гэта мякчэй сказаць... (прапаную чытачам самастойна абраць патрэбнае слова).

Аднак не варта ўсё валіць на тых, хто наверсе. «Кожнае грамадства, — тлумачыць расійскі палітолаг Мікалай Пятроў, — заслугоўвае не толькі сваіх кіраўнікоў, але і свае выбары».

Нашы выбары — гэта акламацыі, г.зн. «спрошчаны парадак прыняцця або адхілення якога-небудзь рашэння на аснове рэакцыі ўдзельнікаў, што выказваецца ў выглядзе апладысментаў, воклічаў, рэплік і іншага непасрэднага (нефармальнага) выяўлення свайго меркавання».

Чакаць іншых паводзін выбаршчыкаў у бедных краінах не даводзіцца. Тыя, хто не ўносіць прыкметны падатковы ўклад у бюджэт, заўсёды галасуюць за бясплатныя даброты. А такога кшталту даброты абяцаць могуць толькі палітыкі-папулісты.

Тым не менш, сучасныя выбары — гэта своеасаблівыя палітычныя «чорныя дзіркі», здольныя паскараць гістарычны час. Яны ўжо неаднаразова давалі старт «каляровым рэвалюцыям» на постсавецкай прасторы, дый не толькі на постсавецкай. Таму страх перад выбарамі, нягледзячы на тое, што ўсё схоплена, ніколі не пакідае іх арганізатараў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!