У сітуацыі хісткай раўнавагі. Час працуе не на сістэму

Апошнім часам у тых, хто даволі ўважліва сочыць за палітычнымі падзеямі ў краіне, узнікае ўражанне, што сітуацыя перайшла ў фазу хісткай раўнавагі. Нібыта ўсе пры справе: людзі гуляюць, АМАП за імі бегае, суддзі судзяць, палітвязні сядзяць.

Нягледзячы на «застотысячныя» нядзельныя мітынгі і новыя крымінальныя справы, у краіне кардынальна нічога не мяняецца. З аднаго боку, ва ўлады няма іншага інструментару, апроч рэпрэсій. З іншага, кветкі ды стужкі на платах вуліц супраць дубінак — таксама не лепшая зброя.

Наколькі гэтая раўнавага хісткая і колькі яна будзе трымацца?

«Пакуль што ўтрымаўся»

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі заўважае, што цяпер сапраўды такая сітуацыя, што палітычны ўздым працягваецца, багата людзей выходзіць на мітынгі і акцыі салідарнасці ў Мінску і ў рэгіёнах. Але, з іншага боку, відавочна, што рэвалюцыя ўперлася ў моцную сцяну рэжыму Лукашэнкі.

«Усё ж, як сцвярджае паліталогія, каб перамагла нейкая рэвалюцыя са зрынаннем аўтарытарнага рэжыму, акрамя такога магутнага палітычнага ўздыму трэба, каб утварыўся раскол у элітах, каб сталі вагацца ці пераходзіць на бок народа сілавікі. Такой з’явы, як раскол эліт, мы ў класічным сэнсе не назіраем», — заўважае ён.

Канешне, кажа палітолаг, ёсць пэўная «эрозія элітаў» — некаторыя прадстаўнікі сілавікоў, дзяржаўныя журналісты, селебрыці, блізкія да ўлады, асудзілі пратэсты, звольніліся са сваіх пасадаў, але гэта — не масавая з’ява. «У цэлым вертыкаль захоўвае лаяльнасць і паслухмянасць Лукашэнку, сілавікі працуюць сваімі метадамі па поўнай праграме таксама паслухмяна, а многія і з імпэтам, выконваюць задачы, якія пастаўленыя ім правадыром рэжыму», — заўважае ён.

Па меркаванні Класкоўскага, пакуль можна сказаць, што Лукашэнка ўтрымаўся, — насуперак занадта аптымістычным і эйфарычным прагнозам, якія гучалі ў жніўні. «Колькі ён пратрымаецца — гэта пытанне адкрытае, і залежыць ад шэрагу чыннікаў. У першую чаргу — ад пратэставага руху, ад яго канкрэтных формаў. Многае будзе залежаць і ад знешніх гульцоў. Захад пакуль асцярожны, Крэмль заклапочаны не развіццём сітуацыі ў Беларусі, а, па-першае, каб тут не перамагла рэвалюцыя, бо гэта кепскі прыклад для расіянаў, і, па-другое, магчыма, каб забяспечыць кантраляваны транзіт улады з прыходам нейкай лаяльнай да Масквы фігуры. Мы бачым, што вельмі складаная канфігурацыя цяпер, вельмі дынамічныя і няпэўныя чыннікі, якія дзейнічаюць у ёй, таму казаць пра нейкія тэрміны і формы вырашэння палітычнага крызісу пакуль вельмі цяжка», — гаворыць Класкоўскі.

Як раскалоць эліты

Для таго, каб аформіўся раскол элітаў, гэтым элітам трэба нешта прапанаваць — бяспеку, недатыкальнасць, пэўны імунітэт ад рэпрэсій і судовага пераследу. Захаванне маёмасці, урэшце. Але гэтага цяпер у пратэставым руху бракуе. Многія аналітыкі захапляліся «дэцэнтралізацыяй» і «самаарганізацыяй» беларускага пратэсту, але тут ёсць і слабы бок. З кім перамаўляцца той самай эліце пра гарантыі?

Усе, хто мог прапанаваць перамовы, цяпер закратаваныя. У СІЗА Бабарыка і Калеснікава — мірныя правадыры пераменаў. Статкевіч і Севярынец, якія б маглі дамовіцца з «вуліцай», таксама ў зняволенні. Высланая з краіны Святлана Ціханоўская, не вяртаецца Павел Латушка. З чальцоў прэзідыуму Каардынацыйнай рады на волі засталася толькі Святлана Алексіевіч, якая, хутчэй, маральны аўтарытэт, чым дзейсны палітык. Атрымліваецца, элітам проста няма да каго звярнуцца?

Было б жаданне — усё можна знайсці, кажа Класкоўскі. «Калі б была палітычная воля ў Лукашэнкі на сапраўдны дыялог, можна было б знайсці тых, з кім гаварыць. Неабавязкова было ставіць пад крымінальны пераслед прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады, ёсць зарэгістраваныя партыі, ёсць шматлікія арганізацыі грамадзянскай супольнасці, і пры жаданні знайсці людзей для дыялогу, — не бутафорскіх персанажаў, а людзей, якія маюць аўтарытэт у грамадстве, якім прыхільнікі перамен маглі б дэлегаваць такія паўнамоцтвы — я думаю, гэта можна было б вырашыць, гэта справа другасная», — лічыць ён.

Але пакуль што Лукашэнка, па меркаванні палітолага, папросту баіцца сапраўднага дыялогу. Бо тыя, хто выйшаў на вуліцы ў жніўні, паставілі перад ім вельмі непрыемныя пытанні: пра яго сыход, пра вызваленне палітвязняў, пра пакаранне тых, хто катаваў людзей, і пра новыя выбары. «Такі пакет патрабаванняў азначае, па-сутнасці, крах Лукашэнкі, крах яго палітычнай кар’еры. А гэты чалавек не мысліць сябе без улады. У гэтым ён нават прызнаўся ў інтэрв’ю Гардону і сказаў, што не ўяўляе, як не быць прэзідэнтам, бо прачынаецца раніцай — і што ж тады рабіць? Каб гэтаму чалавеку было рабіць штораніцы, мусіць пакутаваць 10-мільённы народ», — зазначае палітолаг.

У новай рэальнасці, па словах Класкоўскага, Лукашэнка не бачыць для сябе перспектывы. І не толькі таму, што прызвычаіўся валадарыць, але і проста па сваёй натуры. Лукашэнка — чалавек палахлівы і недаверлівы, а таму са скепсісам будзе ставіцца да любых прапаноў персанальных гарантый бяспекі яму і чальцам яго сям’і. «Бо потым пачнецца дэмакратыя, пачнецца змена кіраўнікоў, і праз нейкі цыкл усё адно яго могуць прыцягнуць да адказнасці, а шкілетаў у шафе ў гэтага чалавека хапае», — зазначае адмыслоўца.

«Ён сапраўды гатовы ўнутрана, псіхалагічна з аўтаматам да апошняга адстрэльвацца, але не здаваць уладу. І вось гэта — драма Беларусі, у гэтым адметнасць і драматычнасць цяперашняга моманту. З аднаго боку — магутны пратэст, мы за апошнія месяцы пабачылі паўставанне палітычнай нацыі ў еўрапейскім сэнсе слова. Грамадства даўно перарасло прэзідэнта заўчорашняга дня, прэзідэнта мінулага тысячагоддзя, але за гэтыя гады ён стварыў сістэму, сілавы кулак, і саступаць не хоча. І мірны пратэст, як хваля аб скалу, разбіваецца аб маналіт створанай сістэмы», — кажа Класкоўскі.

Ці трывалы маналіт?

У той жа час палітолаг пад­крэслівае — у сістэме могуць ісці разбуральныя для яе працэсы — «вада камень точыць», кажа ён. Для Класкоўскага ў гэтым плане быў паказальны выступ Лукашэнкі пры прызначэнні новага генеральнага пракурора.

«Ён казаў, што, маўляў, калі не хочаце мяне падтрымліваць — ціха адыдзіце ўбок, але не трэба посціць, хайпаваць і гэтак далей. Ён тым самым выдаў свае трывогі і фобіі, што можа трэснуць маналіт. Мажліва, і сярод следчых пракуратуры ідуць нейкія працэсы такога браджэння. Сапраўдныя прафесіяналы не хочуць пэцкацца ў сістэме Лукашэнкі і задумваюцца наконт жыццёвага выбару. Таму ўсё гэта не так трывала, і, адпаведна, пратэсты не такія бесперспектыўныя, як некаму пачынае здавацца», — кажа Класкоўскі.

Прычым, відавочна, чаму Лукашэнка заклікаў нязгодных звальняцца цішком. Кожны прыклад гучнага звальнення паказвае тую самую «неманалітнасць сістэмы», выклікае роздум над падобным крокам у іншых людзей.

Гадзіннік ідзе

Вывесці сітуацыю, якая склалася ў цяперашні час, з раўнавагі можа любы чыннік. Напрыклад, улады стануць выпускаць палітвязняў «пад падпіску аб нявыездзе» ці распачнуць над імі суды — што выкліча моцную хвалю салідарнасці. Вернуцца з-за мяжы Ціханоўская і Латушка або здарыцца яшчэ нешта, што ўзрушыць народныя масы зноў. Але, па меркаванні Класкоўскага, такія сістэмы хутка не здаюцца. Палітолаг прыводзіць як прыклад Венесуэлу, у якой нелегітымны Нікалас Мадура трымаецца ва ўладзе (таксама не без расійскай падтрымкі) даволі доўгі час.

«Барацьба за свабоду ў такіх краінах — няпросты працэс», — кажа адмыслоўца. Ён нават дапускае, што сённяшняя хваля пратэстаў сціхне. Але праз некаторы час, па яго меркаванні, непазбежна ўзнікне другая хваля, потым трэцяя… І гэтыя хвалі не спыняцца, «бо ў Лукашэнкі няма адказаў на тыя пытанні, якія рубам паставіла перад ім грамадства», — лічыць палітолаг.

«Лукашэнка не ведае, што рабіць з эканомікай, ён не гатовы па-сапраўднаму рэфармаваць палітычную сістэму, а нацыя яго перарасла. Таму гэты канфлікт будзе тлець, і таму рана ці позна ўсё адно гэты рэжым разваліцца, і можна сказаць, што для сістэмы Лукашэнкі пачаўся зваротны адлік», — кажа ён.

Эканоміка — гэта першае, што грае супраць Лукашэнкі. «Незалежныя эксперты падкрэсліваюць: насоўваецца вельмі сур’ёзны крызіс. Тут нават не трэба быць адмыслоўцам: відавочна, што Лукашэнка запусціў эканоміку, неасавецкая мадэль не працуе, на рэформы ён і раней не хацеў ісці, а цяпер — тым больш. Плюс каронавірус. Плюс спаленыя масты ў дачыненнях з Захадам — гэта таксама балюча ўдарыць па знешнеэканамічных сувязях: і крэдытаў не будуць даваць, і інвестыцыі не прыйдуць. Гэта можа, на пэўным этапе, падліць алею ў агонь, і калі грымне нацыянальная забастоўка, калі пралетарыі скажуць сваё важкае слова, безумоўна, тады прыпячэ рэжыму асабліва», — лічыць Класкоўскі.

Такім чынам, час працуе не на сістэму, створаную Лукашэнкам. А народныя пратэсты, якія не спыняюцца па ўсёй краіне, спрыяюць размыванню таго самага «маналіту ўлады», які пакуль што трымаецца, — але рэзерв гэтага трывання не бясконцы.

І любы амапавец, які сёння зразае бел-чырвона-белыя стужкі з плоту ў «скверы імя Ніны Багінскай», на «плошчы Пераменаў» ці «вуліцы імя Машы Калеснікавай», можа задумацца: а яму гэта трэба? Асабліва, калі ён не зможа за свой немаленькі заробак набыць валюту, а беларускі рубель будзе імкліва абясцэньвацца.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: