У СК, куды быў выкліканы юрыст Знак і лідар стачкаму МТЗ Дылеўскі, усё перакрыта

У пятніцу раніцай будынак Следчага камітэту ачэплены турнікетамі, а таксама яго ахоўваюць супрацоўнікі міліцыі., паведамляе gazetaby.com.
Юрыст Максім Знак прыйшоў загадзя прызначанага часу, аднак унутр камітэта яго не пусцілі: «Праходзяць вучэнні». Лідара страйкавага камітэта МТЗ Сяргея Дылеўскага выклікалі ў Следчы камітэт на 11.00. Ён таксама ўжо тут.

Максім Знак

Сяргей Дылеўскі

Напярэдадні члена прэзідыума Каардынацыйнай рады выклікалі ў СК: у 10.00 21 жніўня для дачы тлумачэнняў па заведзенай крымінальнай справе.

Максім Знак паведаміў interfax.by: «Мне патэлефанавалі і запрасілі на гутарку. Ніякай позвы няма. Працэсуальны статус — сведка. Гутарка па крымінальнай справе па факце ўтварэння рады».

Ён збіраўся адправіцца ў СК у суправаджэнні адваката: «Спадзяюся, не арыштуюць. Сведкаў не арыштоўваюць. Аднак я сам юрыст і ведаю, што без адваката хадзіць туды нельга».



Нагадаем, генпракурор Беларусі Аляксандр Канюк у чацвер заявіў, што дзейнасць Каардынацыйнай рады апазіцыі з'яўляецца антыканстытуцыйнай і накіравана на захоп улады. Узбуджана крымінальная справа па артыкуле 361 КК «Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы РБ», якая ў якасці пакарання прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да пяці гадоў.

У шэрагу тэлеграм-каналаў сёння з'явіўся заклік прыйсці раніцай да будынку СК, каб падтрымаць чальцоў Каардынацыйнай рады.

Таксама стала вядома, што ў СК выклікаюць яшчэ аднаго сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады, дыпламата і былога дырэктара Купалаўскага тэатра Паўла Латушку.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: