Прэзідэнцкія выбары 19 снежня 2010 года, безумоўна, — адна з самых драматычных электаральных кампаній за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Яны пацвердзілі сутнасць рэжыму, які дзеля свайго захавання выкарыстоўвае цэлы арсенал сродкаў.

Дата прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года была прызначана на пасяджэнні нечарговай пятай сесіі Палаты прадстаўнікоў 14 верасня. Паводле заканадаўства, выбары павінны былі прайсці не пазней 6 лютага 2011-га. Аднак амаль ніхто не сумняваўся, што выбары пройдуць датэрмінова.

У такім выпадку Лукашэнка выйграваў двойчы: па-першае, уносіў элемент нестабільнасці ў шэрагі патэнцыйных супернікаў і скарачаў час на іх раскрутку; па-другое, у выпадку перамогі павялічваў сваю легітымнасць у вачах крамлёўскага кіраўніцтва, з якім кожны год даводзілася ўзгадняць цэны і ўмовы на пастаўку энерганосьбітаў.

Тым не менш у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі была распаўсюджана амаль смешная заява, што правядзенне датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў абумоўлена навагоднімі святамі, калі людзям, нібыта, будзе не да галасавання.

Інтрыгі кампаніі

Кампанія несла ў сабе пэўныя інтрыгі. Грамадскасць хвалявалася: ці вылучыцца, нарэшце, адзіны дэмакратычны кандыдат і тым самым кіне выклік Лукашэнку. Ці гатовы гэты кандыдат ісці да канца, альбо абмяжуецца фармальным рытуалам? Лёс Аляксандра Казуліна пасля выбараў 2006 года сведчыў пра сур’ёзныя наступствы ў асабістым жыцці таго, хто прынцыпова пойдзе супраць Лукашэнкі.

Цікавіла і тое, хто ўзначаліць перадвыбарчы штаб Лукашэнкі. Па законах лукашэнкаўскай іерархіі асоба, якая ўзначальвае перадвыбарчы штаб, мае вельмі трывалыя пазіцыі ва ўладзе і ёсць кандыдатам на вышэйшую ўрадавую пасаду.


Незалежныя палітолагі і прэса лічылі, што Лукашэнка можа звярнуцца да паслуг свайго даўнішняга саратніка Віктара Шэймана, які ўзначальваў перадвыбарчы штаб ў 2006 годзе. Аднак з’яўленне Аляксандра Радзькова ў якасці кіраўніка ініцыятыўнай групы гаварыла пра тое, што Шэйман па-ранейшаму знаходзіцца ў палітычнай апале.

Вельмі паказальнай стала адсутнасць Лукашэнкі на рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. Спробы праваабаронцаў зняць з гонкі кіраўніка дзяржавы з-за парушэння Выбарчага кодэксу (па ім спісы сябраў ініцыятыўнай групы падае асабіста прэтэндэнт на кандыдата) засталіся марнымі.

Адзінага не будзе

Тое, што адзіны дэмакратычны кандыдат не будзе вылучаны, было зразумела хіба не ад пачатку кампаніі. Пра прэзідэнцкія амбіцыі ўжо са студзеня 2008-га заявілі шмат асобаў, і да моманту абвяшчэння даты выбараў гэтая колькасць імкліва ўзрастала. Вырашыць лёс гэтых кандыдатаў павінны былі збор подпісаў і рэгістрацыя ў ЦВК.

Збор подпісаў, які прайшоў у кастрычніку, стаў вельмі знакавым у перадвыбарчай кампаніі. Для ўладаў была нечаканай актыўная цікавасць грамадзян да альтэрнатыўных кандыдатаў. Таму на сустрэчы з Радзьковым 7 кастрычніка 2010 года Лукашэнка тлумачыў поспех іншых кандыдатаў тым, што нібыта ён сам заклікаў падпісвацца за канкурэнтаў, бо мае занадта подпісаў.

Дзяржаўная прэса паспяшалася абвясціць вялікую колькасць подпісаў у альтэрнатыўных кандыдатаў выключна лаяльным стаўленнем ведамства Лідзіі Ярмошынай. Так, журналіст «Советской Белоруссии» Дзмітрый Крат сцвярджаў, што і «бережное отношение ЦИК к участникам кампании буквально вытащили на публику тех, кто хотел заявить о себе».

Магчыма, мэта ўладаў і палягала ў тым, каб зарэгістраваць як мага больш кандыдатаў. У такім разе перамога Лукашэнкі, які ў мінулыя гады змагаўся з двума-трыма канкурэнтамі, была б больш пераканаўчай. Да таго ж афіцыйная колькасць галасоў, пададзеных за альтэрнатыўных кандыдатаў, павінна была пераканаць грамадскую думку ў іх нізкіх рэйтынгах. Ва ўсялякім разе вялікая колькасць альтэрнатыўных кандыдатаў была часткова на руку ўладам.

Шэраг прэтэндэнтаў непазбежна адсеяўся як на стадыі рэгістрацыі ініцыятыўных груп (санітарка Наталля Старыкава, актывіст Ілля Дабратвор), так у перыяд збору подпісаў (ліберал-дэмакрат Сяргей Гайдукевіч, прадстаўнік «зялёных» Юрый Глушакоў, Сяргей Рыжоў, Іван Кулікаў, Пётр Барысаў, які падтрымаў Віталя Рымашэўскага, і Сяргей Іваноў, які ўвогуле не здаў подпісы) і ў момант іх праверкі з боку ЦВК (Уладзімір Правальскі, у якога, па звестках ЦВК, са 109 тысяч подпісаў сапраўднымі аказаліся толькі менш 200).

Пры гэтым ледзь не сенсацыяй выглядаў сыход з перадвыбарчай гонкі Сяргея Гайдукевіча. Сам Гайдукевіч не здолеў выразна растлумачыць матывы свайго ўчынку, шматслоўна заявіўшы, што выбары ў Беларусі — гэта спектакль, вынікі якога, маўляў, ўсім вядомыя.

Можна выказаць здагадку, што Гайдукевіч зняў сваю кандыдатуру пад ціскам уладаў: у выніку перамогі Гайдукевіч абяцаў паставіць пытанні пра прызнанне Беларуссю Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, а таксама пра ўвядзенне расійскага рубля. Для кіраўніцтва краіны, адносіны якога з Расіяй псаваліся ў геаметрычнай прагрэсіі, гэта была недапушчальна.

Спачатку подпісы

Разам з кіраўніком краіны, які сабраў звыш 1100 тыс. подпісаў, 18 лістапада 2010 года ЦВК зарэгістравала (на рэгістрацыі Лукашэнка таксама адсутнічаў) рэкордную — дзевяць — колькасць альтэрнатыўных кандыдатаў.

Лідарам па колькасці як здадзеных (193829) у ЦВК подпісаў, так і зацверджаных камісіяй (180073) стаў Уладзімір Някляеў. Дасягнуць такой лічбы дапамагла структура-кампанія «Говори правду!», якая забяспечыла найвялікшую — 3271 чалавек — колькасць ініцыятыўнай групы, а таксама безумоўная крэатыўнасць групы ў працэсе збора подпісаў. Напрыклад, 6 кастрычніка Някляеў і ягоныя прыхільнікі ля сталічнага ГУМа зладзілі са збору подпісаў сапраўднае шоў. Сам Някляеў выступіў разам з выканаўцам і музыкантам Зміцерам Вайцюшкевічам і пісьменнікам Уладзімірам Арловым. Гэтак акцыя не засталася незаўважанай. На прэс-канферэнцыі 20 снежня Лукашэнка, відавочна маючы на ўвазе Някляева, заявіў, што некаторыя альтэрнатыўныя кандыдаты «и пели, и плясали, и ряжеными ходили».

На другім месцы па подпісах (150168 здадзеных і 142023 прызнаных ЦВК) з ініцыятыўнай групай у 2001 чалавек апынуўся Андрэй Саннікаў, які абапіраўся на адзін з папулярных апазіцыйных інтэрнэт-сайтаў «Хартыя-97». Да пачатку выбарчай кампаніі каманда Саннікава панесла цяжкую страту: 3 верасня 2010 года на сваім лецішчы ў Дзяржынскім раёне быў знойдзены павешаным адзін са стваральнікаў «Хартыі-97», фактычны кіраўнік штаба Саннікава, журналіст Алег Бябенін. Улады, а за імі і некаторыя міжнародныя структуры, абвесцілі смерць Бябеніна самагубствам, Каманда Саннікава гэта абвергла. Сцвярджэнні каманды Саннікава наконт немагчымасці самагубства (у журналіста не было праблем у сям’і, ён меў багата планаў і інш.) гучалі больш пераканаўча.

Трэцяе месца па подпісах (128699 здадзеных і 123206 прызнаных ЦВК) з ініцыятыўнай групай у 1461 чалавек заняў Яраслаў Раманчук. У актыве Раманчука былі дзейнасць у Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) у якасці намесніка старшыні, а таксама вялікі цыкл работ эканамічнага характару. Практычна ва ўсіх кнігах і артыкулах Раманчука дамінавалі апакаліптычныя ідэі пра хуткі крах беларускай мадэлі ў выпадку непрыняцця радыкальных мер. Эканамічныя прадказанні Раманчука пра непазбежнасць высокай інфляцыі, дэвальвацыі, падзення жыццёвага ўзроўню і г.д. выклікалі крытыку не толькі афіцыйных эканамістаў, але незалежных экспертаў (Сяргей Чалы).

Але Раманчук пачаў сваю выбарчую кампанію вельмі няўдала, нечакана кінуўшыся разважаць у СМІ не столькі пра палітыку і эканоміку, колькі пра характар інтымнага жыцця, узаемаадносіны палоў. Ён літаральна шакаваў публіку развагамі пра неабходнасць легалізацыі прастытуцыі, сімпатыямі да групавога сэксу з жанчынамі і г.д.

Астатнія кандыдаты сабралі ад 100 да 111 тыс. подпісаў. Прычым найменшая — 107083 здадзеных і 100870 прызнаных ЦВК — колькасць подпісаў была ў Рыгора Кастусёва. Паспяховы збор подпісаў за гэтага, адносна малавядомага палітыка быў галоўным чынам абумоўлены моцнай структурай БНФ.

Праграмы і абяцанні

Перадвыбарчая праграма Лукашэнкі гучала даволі аптымістычна, у ёй адсутнічала ўсялякае памінанне аб стратэгічных альбо тактычных памылках. Пры гэтым мэты і задачы ставіліся даволі абміцыйныя: напрыклад, павышэнне жыццёвага ўзроўню да еўрапейскага на працягу 2010-2015 гадоў. У праграме даваліся шчодрыя абяцанкі падтрымкі прыватнага бізнесу і шматдзетных сем’яў і г.д.

Праграмы альтэрнатыўных кандыдатаў былі падобныя адна на адну тым, што складаліся вобразна з двух частак. У першай частцы звычайна канстатавалася цяжкае і тупіковае становішча краіны, пры гэтым уся віна ўскладалася на ўлады і персанальна на кіраўніка краіны. У другой частцы прапаноўваліся захады, якія, на погляд кандыдатаў, дапамогуць Беларусі не толькі пераадолець крызіс, але і стаць заможнай краінай.

Агульным ва ўсіх без выключэння праграмах альтэрнатыўных кандыдатаў быў прапановы рынкавых рэформ, падтрымкі прыватнага бізнесу, лібералізацыі эканомікі, і самае галоўнае, без чаго эканамічныя рэформы былі немагчымыя, — змены палітычнага рэжыму.

Альтэрнатыўныя кандыдаты абяцалі ліквідаваць тыя элементы беларускай мадэлі, якія, на іх погляд, перашкаджаюць кожнаму грамадзяніну: кантрактную сістэму, абавязковае размеркаванне выпускнікоў ВНУ і інш. Некаторыя кандыдаты агучвалі і радыкальныя ідэі: увядзенне талера, стварэнне камісіі па люстрацыі і роспуск КДБ (Рыгор Катусёў), ліквідацыя абласнога і раённага падзелаў краіны (Алесь Міхалевіч, Віталь Рымашэўскі) і г.д.

Агітацыя і СМІ

Адзін з важных момантаў перадвыбарчай кампаніі тычыўся агітацыі і СМІ. Лукашэнка фармальна адмовіўся ад спецыяльных выступленняў у эфіры і тэледэбатаў. Аднак пальма першынства, канешне, належала яму. На яго працавалі ўсе дзяржаўныя інфармацыйныя рэсурсы. Адпаведную лінію павінны былі «трымаць», па меншай меры, два чалавекі, якія пры рэжыме Лукашэнкі зрабілі бліскучую кар’еру: першы намеснік адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч і старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі. Апагеем інфармацыйна-прапагандысцкай кампаніі ўладаў стаў традыцыйны (чацвёрты) Усебеларускі народны сход, які адбыўся 6-7 снежня 2010 года, і прайшоў па адладжанай схеме.

Магчымасці альтэрнатыўных кандыдатаў былі даволі сціслыя. Такім самым ўплывовым сродкам масавай інфармацыі як тэлебачанне яны маглі карыстацца літаральна па паўгадзіны. З усіх кандыдатаў найбольш запамінальна выступіў Уладзімір Някляеў, выкарыстоўваючы свой літаратурны талент, удала мяняючы рускую і беларускую мову, інтанацыю.

Цалкам правальны выступ апынуўся ў Дзмітрыя Вуса: адчувалася, што кандыдат не мае вялікага вопыту публічных выступленняў. Сярод выступаў кандыдатаў можна правесці пэўную градацыю. Напрыклад, Міхалевіч, Раманчук і Цярэшчанка свядома дыстанцыяваліся ад разважанняў на палітычныя тэмы, а тым больш аб Лукашэнку (у адрозненне ад Мікалая Статкевіча, які звяртаўся да Лукашэнкі на «ты») і рабілі галоўны акцэнт на эканамічныя пытанні).

Безумоўнай перамогай альтэрнатыўных кандыдатаў сталі тэледэбаты 4 снежня 2010 года. Сцэнар уладаў, якія ставіў на мэце дыскрэдытацыю альтэрнатыўных кандыдатаў, быў цалкам паламаны па ініцыятыве Някляева, пакінуўшага тэледбаты і агучыўшага галоўную стратэгічную мэту: збіранне грамадзянаў на Кастрычніцкай плошчы Мінска 19 снежня 2010 года. Было бачна, што дасведчаныя вядучыя-прапагандысты Юрый Пракопаў і Андрэй Крывашэеў апынуліся ў разгубленасці. Вядучым так і не ўдалося ўбіць клін паміж прадстаўніком БНФ Рыгорам Кастусёвым і Някляевым з Саннікавым.

Расійскае пытанне

Напярэдадні выбараў галоўнай задачай Лукашэнкі было вырашэнне расійскага пытання. Прэзідэнцкая кампанія стартавала ва ўмовах абвастрэння адносін з Расіяй, якая выступала галоўным легітымізатарам вынікаў выбараў. Псаванне адносін паміж дзвюма краінамі, гандлёвыя войны ў 2009 годзе і востры газавы канфлікт 2010-га былі выкліканы, перш за ўсё, пазіцыяй Расіі, якая лічыла, што Беларусь за буйную фінансавую дапамагу павінна зрабіць больш рашучыя крокі да інтэграцыі.

Крэмль таксама быў незадаволены тым, што афіцыйны Мінск так і не прызнаў Абхазію і Паўднёвую Асецію ў якасці самастойных суб’ектаў міжнароднага права і прыняў беглага прэзідэнта Бакіева. Пэўную ролю адыгралі і асабістыя адносіны паміж Лукашэнкам і абраным у 2008 годзе Дзмітрыем Мядзведзевым, які яшчэ да свайго прэзідэнцтва крытыкаваў Беларусь нібыта за непаслядоўнасць.

Чытайце таксама: Вяртайся, мы ўсё даруем 

Многія эксперты і палітыкі лічылі, што пасля прэс-канферэнцыі беларускага лідара расійскім рэгіянальным СМІ 1 кастрычніка, якая была вытрымана ў антырасійскім духу і жорсткага адказу ў мікраблогу Дзмітрыя Мядзведзева 3 кастрычніка лёс Лукашэнкі вырашаны. Далейшыя захады Расіі (дэманстрацыя на НТВ чарговай серыі антылукашэнкаўскага фільма «Хросны бацька» 8 кастрычніка і сустрэча кіраўніка крамлёўскай адміністрацыі Сяргея Нарышкіна з беларускімі незалежнымі журналістамі 13 кастрычніка) давалі такую надзею.

Аднак Расія ні ў якім разе не магла дазволіць сабе страціць Беларусь.

Брутальны сцэнар і высновы

Тым не менш беларускія ўлады, нягледзячы на публічныя заявы Лукашэнкі, што выбары пройдуць «без сучка и задоринки», рыхтаваліся і да брутальнага сцэнару. 12 снежня кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Уладзімір Макей заявіў, што апазіцыя быццам бы плануе масавыя беспарадкі на Кастрычніцкай плошчы.

«Паляванне на ведзьмаў» пачалося нават раней за выбары — 18 снежня, калі былі затрыманыя лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч і актывіст Эдуард Лобаў.


Момант ісціны наступіў 19 снежня, калі ў прамым эфіры ток-шоў «Выбар» удзельнікам праграмы былі прадэманстраваны сюжэты шматтысячнага масавага пратэснага шэсця на плошчы Незалежнасці. Найбольш дасведчаныя лукашэнкаўскія паплечнікі зразумелі: адбылася катастрофа. Нездарма Лідзія Ярмошына аператыўна пакінула студыю.

Усю віну за разгон мітынгу і за падзеі ля Дома Урада ўлады ўсклалі на альтэрнатыўных кандыдатаў і апазіцыю. У прыватнасці, такая ідэя прайшла «чырвонай ніткай» у выступленні Лукашэнкі на прэс-канферэнцыі 20 снежня.

Чытайце таксама: Народная падтрымка на крыві 

Падзеі 19 снежня 2010 года прадэманстравалі, прынамсі, некалькі цікавых момантаў. Яны, па-першае, страшэнна напужалі ўлады. І асабіста Лукашэнка, які, па афіцыйных звестках набраў ажно 79% галасоў, і яго атачэнне (дастаткова прыгадаць славуты «боршч» Лідзіі Ярмошынай) вымушаны былі ўсяляк апраўдвацца, тлумачыць свае дзеянні, у тым ліку арышты амаль усіх альтэрнатыўных кандыдатаў і іх паплечнікаў.

Цікавы момант тычыўся Яраслава Раманчука, якога ўлады выкарысталі з мэтай легалізацыі сваіх брутальных захадаў. Раманчук, блытана чытаючы па паперцы нібыта «сваю» заяву, нічога, акрамя справядлівага абурэння, не выклікаў.

Па-другое, на прыкладзе 19 снежня вельмі наглядна спрацавалі палітычныя законы зыходу адных прадстаўнікоў кіраўнічых вярхоў і надыходу іншых. Прычым адышлі тыя, чые пазіцыі здаваліся непахіснымі. Так, з Наталляй Пяткевіч і Аляксандрам Зімоўскім Лукашэнка развітаўся амаль дэманстратыўна.

Тыя, хто прадэманстраваў адданасць рэжыму, былі істотна ўзняты па кар’ернай лесвіцы. Дастаткова прыгадаць кіраўніка мінскай хуткай дапамогі Віктара Сірэнку, які дазволіў спецслужбам вывезці з бальніцы моцна збітага Уладзіміра Някляева, і палкоўніка Ігара Яўсеева, які асабіста браў удзел ў разгоне на плошчы Незалежнасці.

Па-трэцяе, гэтыя падзеі сведчылі, што масавы пратэст і сацыяльны выбух часам можна быць зусім непрадказальным і не заўсёды вымяраецца нейкімі сацыялагічнымі звесткамі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Пятро Касьнерык
  • 2016-12-19 08:32:16
Куряновіч--Дасягнуць такой лічбы дапамагла структура-кампанія «Говори правду!», якая забяспечыла найвялікшую — 3271 чалавек — колькасць ініцыятыўнай групы, а таксама безумоўная крэатыўнасць групы ў працэсе збора подпісаў.
+++++++++++++++++++++++++++++++++++++++
а дзе падзеліся нізічоная колькасьць скрынь подпісаў за вуліцу Васіля Быкава?
  • Пятро Касьнерык
  • 2016-12-19 08:45:59
--Някляева, пакінуўшага тэледбаты і агучыўшага ГАЛОЎНУЮ стратэгічную мэту: збіранне грамадзянаў на Кастрычніцкай плошчы Мінска 19 снежня 2010 года.
+++
па другому кажучы ніхто з т.з. дэмкандыдатаў ні збіраўся стаць прэзыдэнтам!
ГАЛОЎНАЯ мэта не прызнаньне выбараў "цывілізаваным сьветам" гэта значыць страчаныя яшчэ як мінімум 5 гадоў для Беларусі.
уяўляеце якой была б Беларусь каб "змагары" увечары 19 снежня ні паперлі на ражон а павіншавалі б Лукашэнку з перамогай на выбарах?
  • Сват
  • 2016-12-19 17:11:17
Будет ещё площадь. Как говорят: Битва проиграна, но войну мы выиграем. Жыве Беларусь!
  • Игорь
  • 2016-12-19 17:25:02
Диктатору нечего терять- поэтому он и вцепился во власть мёртвой хваткой. Оно и понятно, ведь за Захаренко, Гончара и прочих убиенных отвечать придётся по всей строгости закона. Да по нём уже целый уголовный кодекс плачет. Что бы кто ни говорил о пассивности и памяркоунасци беларусов, но наш час скоро пробьёт и этот режим будет сметён ураганным ветром.

Больш цікавага на «Новым Часе»: