У спёку + 31 на вахту ў Курапатах выйшлі восем чалавек

Сёння – дзень вахты БХД. Яе лідар Павел Севярынец з 6 жніўня адбывае тэрмін 10 сутак. У Курапаты прыехалі чацвёра прыхільнікаў БХД з Віцебска, у тым ліку маці палітыка Таццяна Яўгенаўна.
Актывісты ў Курапатах 8 жніўня. Фота Дзяніса Урбановіча

Актывісты ў Курапатах 8 жніўня. Фота Дзяніса Урбановіча

Як распавяла НЧ спадарыня Таццяна, па дарозе з Віцебска ў Мінск іх машыну спынялі тройчы. Спачатку пад Бешанковічамі (з транспарціроўкай у раённы аддзел ДАІ), потым – каля Лепеля і Лагойска. Лепельскі ДАІ-шнік нават спытаў «Што ж вы такога нарабілі, што прыйшоў загад вас спыніць?» Лагойскі супрацоўнік ДАІ на пытанне, ці ёсць на машыну «наводка», толькі пасміхнуўся. У кіроўцы правяралі дакументы, пад Лагойскам яшчэ зазірнулі ў багажнік. Цяпер актывісты знаходзяцца ля брамы рэстарана «Поедем, поедим».

Таццяна Яўгенаўна плануе выйсці на вахту і ў наступную сераду і вельмі занепакоеная заявай старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва аб тым, што арганізацыя спыняе ўдзел у варце. «Гэта выглядае як здрада – кажа спадарыня Таццяна. – Гэта палітычна некарэктна. Я паважаю спадара Кастусёва, не ведаю, ці гэта яго асабістае рашэнне, ці агульнапартыйнае, але з астатнімі арганізацыямі, што ўдзельнічаюць у вахце, ён не раіўся. У панядзелак на нарадзе не было іх прадстаўніка. БНФ заўсёды ўвасабляла беларускую нацыянальную ідэю. Цяпер яны кажуць, што мэта вахты дасягнутая. Але чаго мы дасягнулі? Што грузы ў рэстаран пераносяць на руках, а наведвальнікаў праважае ахова?»

Дзяніс Урбановіч. Фота Алены Ляшкевіч

Дзяніс Урбановіч. Фота Алены Ляшкевіч

Таксама сёння ранкам адбыўся суд над абаронцам Курапатаў Дзянісам Урбановічам. Актывіст не пайшоў на паседжанне, па тэлефоне вынік яму паведамляць адмаўляюцца, кажуць, што вышлюць рашэнне па пошце. Вядома, што працэс вяла суддзя Лагойскага раённага суда Аксана Сарахман. Дзяніс мяркуе, што атрымаў 10 сутак, і гэта было вядома загадзя. З самага ранку дадому да актывіста ў Лагойску прыходзіла міліцыя, верагодна, з мэтай адвезці яго ў суд і адтуль – адразу на суткі. 30 чэрвеня была рэалізавана такая ж схема. У выніку судовага «паседжання», на якім яму не задалі ніводнага пытання, Дзяніс Урбановіч апынуўся ў Мінскім раённым ізалятары часовага ўтрымання. Некалькі дзён паплечнікам не было вядома яго месцазнаходжанне. За два месяцы курапацкай вахты на хлопца складзена 34 пратаколы. Цяпер ён знаходзіцца ў Курапатах. Агулам абаронцаў у абед было восем чалавек. Тэмпература + 31.

Як мы і прагназавалі, хваля «пасадак» працягваецца. Ужо другі тэрмін за абарону Курапатаў адбывае таксама Максім Вінярскі (з 4 жніўня). Вахта ля рэстарана «Поедем, поедим» тым часам не спыняецца, можна далучацца штодня з 12.00.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Гануля
  • 2018-08-08 15:13:12
Малайцы! Гэтыя нешматлікія людзі, якія знайшлі ў сабе мужнасьць пераступіць праз страх перад затрыманьнем і пагрозай звальненьня, ёсьць нікім іншым, як ГОНАРАМ НАЦЫІ. Яны - ГЕРОІ, бо астатнія баяцца.

Баяцца такіх другасных рэчаў, як уяўны статус ува ўласным атачэньні, як гіпатэтычныя 10 содняў незаконнага арышту, як магчымае звальненьне без законнай падставы з рабскай працы, - сорамна для дарослага чалавека. А вось яны не баяцца! Таму яны - Героі!
  • С. Спариш
  • 2018-08-08 21:34:56
Некоторые не боятся, но считают методы не вполне корректными.

Каментаваць