У ЗША прапануюць санкцыі супраць энергетыкі і калійнай галіны Беларусі

У камітэце міжнародных адносінаў Сенату ЗША праходзяць слуханні, прысвечаныя палітыцы Злучаных Штатаў адносна Беларусі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр


У слуханнях бяруць удзел Святлана Ціханоўская, якую называлі не толькі лідаркай апазіцыі, але і пераможцай прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр, паведамляе Радыё Свабода.

Старшыня камітэту, сенатар Робэрт Мэнэндэс, у сваёй прамове падкрэсліў, што рэпрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі ўзмацняюцца. Ён расказаў пра спробу самагубства ў судзе Сцяпана Латыпава і пра арышт Рамана Пратасевіча пасля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у Беларусі.

Сенатар Мэнэндэс падкрэсліў, што крокі супраць рэжыму Лукашэнкі павінны паслужыць прыкладам для іншых аўтарытарных рэжымаў. Ён заклікаў ўзмацніць санкцыі як з боку ЗША, гэтак і з боку Еўрапейскага Саюза, у тым ліку пашырыўшы іх на нафтаперапрацоўчую галіну і экспарт калійных угнаенняў з Беларусі.

І сенатар Мэнэндэс, і наступны выступоўца, сенатар Джэймс Рыш, падкрэслілі тую падтрымку, якую аказвае рэжыму ў Беларусі кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр нагадала, што ў беларускіх турмах цяпер знаходзяццца больш за 470 прызнаных палітычных вязняў. «Беларусь пад Лукашэнкам ніколі напоўніцу не рэалізуе свой патэнцыял», — сказала Фішэр. Паводле яе, пакуль Лукашэнка застаецца ва ўладзе, будзе захоўвацца небяспека паглынання Беларусі Расіяй.

Адказваючы на пытанні сенатара Мэнэндэса, Фішэр патлумачыла, што адміністрацыя ЗША цяпер штодня працуе над новымі санкцыямі супраць рэжыму Лукашэнкі, якія хутка маюць быць прынятыя указам прэзідэнта Злучаных Штатаў. Яна таксама сказала, што ў спісе санкцыяў разглядаюцца і крокі супраць нафтаперапрацоўчай галіны і экспарту калійных угнаенняў з Беларусі.

Сенатар Роб Портман спытаўся ў амбасадаркі Фішэр, наколькі эфектыўнымі могуць быць так званыя сектаральныя санкцыі — санкцыі супраць галінаў беларускай эканомікі. Як адзначыла Джулі Фішэр, каля 70 працэнтаў эканомікі Беларусі кантралюецца дзяржавай, і сектаральныя санкцыі могуць пазбавіць рэжым рэсурсаў для гвалту супраць народу.

Амбасадарка Фішэр таксама сказала, што яе мэтай па-ранейшаму застаецца магчымасць працы ў Мінску, хоць яна дагэтуль не атрымала беларускай візы.

Прадстаўляючы Святлану Ціханоўскую, сенатар Мэнэндэс двойчы прадкрэсліў, што яна перамагла на прэзідэнцкіх выбарах мінулага году ў Беларусі.

У сваёй прамове Ціханоўская сказала, што рэжым Лукашэнкі ўжо зрабіўся пагрозай не толькі для Беларусі, але і па-за межамі краіны. Паводле Ціханоўскай, тое, што рэакцыя міжнароднай супольнасці на дзеянні рэжыму ў Беларусі была ў значнай ступені спарадычнай і сімвалічнай, стварала ў рэжыму Лукашэнкі адчуванне беспакаранасці. Гэта прывяло да інцыдэнту з самалётам Ryanair.

«Лукашэнка ператварыў маю краіну ў Паўночную Карэю Еўропы», — сказала яна.

Ціханоўская заклікала да санкцый супраць «Беларуськалію» і Мазырскага НПЗ і супраць замежных крыніцаў фінансавання рэжыму Лукашэнкі. Яна таксама заклікала правесці міжнародную канферэнцыю для развязання крызісу ў Беларусі.

Святлана Ціханоўская патлумачыла, што мінулы досвед паказвае: санкцыі могуць дапамагчы ў вызваленні палітычных вязняў.

Адказваючы на пытанні сенатараў, Ціханоўская падкрэсліла, што беларускія дэмакратычныя сілы хацелі б, каб Беларусь мела добрыя адносіны з усімі краінамі, у тым ліку з Расіяй. Бо мэта беларускага пратэсту — не геапалітычная пераарыентацыя, а свабодныя і справядлівыя выбары.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: