У адносінах з Расіяй для Беларусі падвышаюцца рызыкі

У беларуска-расійскіх адносінах назапасілася шмат праблем, якія падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Маскве вырашыныя не былі.



svaboda.org


Такое меркаванне ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў старэйшы аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Дзяніс Мельянцоў.

Між тым Мельянцоў лічыць, што казаць пра крызіс у беларуска-расійскіх адносінах не выпадае, бо «няпісаны кантракт» паміж Масквой і Мінскам у асноўным выконваецца.

«З аднаго боку Расія так ці інакш падтрымлівае Беларусь эканамічна — і праз танныя энерганосьбіты, і праз розныя гандлёвыя прэферэнцыі і г. д. З іншага боку Беларусь знаходзіцца ў інтэграцыйных праектах Расіі, дэманструе геапалітычную лаяльнасць, дэманструе, што з’яўляецца верным саюзнікам Расійскай Федэрацыі. Такім чынам, фармальна Беларусь гэтага кантракту таксама прытрымліваецца. То бок пра крызіс казаць не выпадае, але ёсць шмат назапашаных праблем у беларуска-расійскіх адносінах», — канстатуе эксперт.

Учорашняя сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Маскве таксама не прынесла вырашэння праблем двухбаковых адносінаў.

«Калі б было дасягнута пагадненне адносна крэдыту, то хутчэй за ўсё беларускія дзяржаўныя СМІ пра гэта б вельмі гучна заявілі. Што тычыцца базы, то я б, напэўна, пакуль што не рабіў ніякіх высноваў, таму што нават калі заключана дамова пра авіябазу, то наўрад ці пра гэта будзе вядома ўжо цяпер па факце, таму што гэта вельмі непапулярная мера і публічна пра яе абвяшчаць беларускі бок пастараецца або праз нейкі час, або ўвогуле пытаньне гэта паспрабуе замаўчаць», — кажа эксперт.

Пры гэтым Мельянцоў лічыць, што само па сабе пытанне авіябазы не галоўнае для Крамля ў двухбаковых стасунках.

«Хутчэй гэта проста адно з канкрэтных пытанняў у шэрагу іншых. Калі казаць больш агульна, то Расія незадаволена тым, што Беларусь не дастаткова дэманструе сваю лаяльнасць як саюзнік. І гэта не толькі праз базу, гэта і праз каардынацыю знешняй палітыкі, пра тое, каб заявы кіраўнікоў дзяржаў гучалі ва ўнісон, каб выбіраць больш прыязную да Расіі рыторыку. Тут і пытанне далучэння да расійскіх антысанкцыяў, чаго б Расія безумоўна хацела б. Ну і шмат чаго яшчэ такога.

Расійскае кіраўніцтва фактычна сёння знаходзіцца ў стане вайны з Захадам і зараз для іх псіхалагічна не тыя часы, якія былі раней. Калі раней расіяне маглі закрываць вочы на нейкія рэчы нават рытарычнага плану, то зараз, адчуваючы сябе ў ваенным стане, яны будуць канечне больш патрабаваць ад свайго заходняга саюзніка. Гэта азначае, што для Беларусі падвышаюцца рызыкі, гэта азначае, што будзе большы ціск на беларускае кіраўніцтва. З іншага боку, Расія таксама не зацікаўлена ў нейкім адкрытым канфлікце, таму што неабходна дэманстраваць, што ў Еўразійскім эканамічным саюзе ўсё добра, там няма канфліктаў, і гэта наагул перспектыўны саюз. Тут ёсць такое досыць значнае поле для манеўру для беларускага кіраўніцтва», — лічыць палітолаг.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: