У Брусэлі адкрыўся Еўрапейскі фонд у падтрымку дэмакратыі

Па словах міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага, стварэнне фонда было ініцыявана пасля падзей снежня 2010 года ў Беларусі.



Адкрыццё Еўрапейскага фонду ў падтрымку дэмакратыі адбылося 27 траўня ў Бруселі. У цэрымоніі адкрыцця фонду прымаў удзел міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус, кіраўнік камітэта Еўрапарламента па міжнародных справах Эльмар Брок, кіраўнік Камітэта Еўрапарламента па Беларусі Філіп Качмарэк, былы міністр замежных спраў Славакіі, эксперт Нямецкага фонду Маршала Павал Дэмеш, дэпутат Еўрапарламента Марэк Мігальскі, прэзідэнт польскага Фонду міжнароднай салідарнасці Кшыштаф Станоўскі, прадстаўнікі МЗС Бельгіі, амбасад многіх краін свету, эксперты, аналітыкі, грамадскія дзеячы.

Выканаўчым дырэктарам Еўрапейскага фонду ў падтрымку дэмакратыі прызначаны намеснік міністра замежных спраў Польшчы Ежы Памяноўскі.

Спецыяльнымі гасцямі цэрымоніі былі журналісты з Беларусі, Украіны, Туніса, Арменіі і Азербайджана. Ад Беларусі ў якасці спецыяльных гасцей былі запрошаныя галоўны рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна і сябра Рады праваабарончага цэнтра «Вясна» Уладзімір Лабковіч. Таксама прысутнічалі іншыя прадстаўнікі беларускай апазіцыі і праваабаронцы.

Адкрываючы Еўрапейскі фонд у падтрымку дэмакратыі, міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў:

«Праца па адкрыцці Еўрапейскага фонду ў падтрымку дэмакратыі заняла больш за два гады. Упершыню ідэя яго стварэння прагучала ў самым пачатку 2011 года. Гэта быў час, калі трэба было прадпрымаць рашучыя дзеянні. Прайшло крыху больш за месяц пасля падзей снежня 2010 года, калі дэмакратычныя памкненні тысяч беларусаў былі зноў знішчаныя і здушаныя рэжымам Лукашэнкі. А праз некалькі месяцаў на вуліцы сваіх гарадоў выйшлі людзі ў краінах Паўночнай Афрыкі. На жаль, праз два гады пасля ўсіх гэтых падзей дэмакратыі ў суседзяў ЕС не паболела. Гэта значыць, што ў нас будзе шмат працы. У першую чаргу, мы павінны дапамагчы нашым партнёрам у тым, каб іх пачулі.

Адкрываючы гэты фонд, мы аддаем пазыку, якая была прадастаўлена палякам у выглядзе дапамогі ў 80-ыя гады мінулага стагоддзя. Гэта падзея таксама з'яўляецца пацвярджэннем таго, што наша краіна мае дастаткова тэхналогій і магчымасцяў для распаўсюджвання дэмакратыі ў іншых дзяржавах і не толькі тых, якія знаходзяцца ў Еўропе.

Я рады, што ідэя, якая нарадзілася ў Польшчы, стала рэальнасцю. Сёння ў нас ёсць гэты фонд, офісам якога стаў будынак былой польскай амбасады, дырэктар-паляк і 25 мільёнаў еўра на бліжэйшыя тры гады дзейнасці».

Кіраўнік камітэта Еўрапарламента па міжнародных справах Эльмар Брок у сваім выступленні адзначыў, што задача фонду умацаванне дэмакратыі ў краінах-суседзях Еўрапейскага Саюза:

«Галоўная задача фонду умацаванне дэмакратыі і вяршэнства закона ў краінах, якія з'яўляюцца суседзямі Еўрапейскага Саюза на ўсходзе і поўдні. Спадзяюся, што ў выніку нашай працы мы будзем у стане дапамагчы іншым карыстацца тымі ж самымі стандартамі дэмакратыі, якія ўжо ёсць у нас. Я веру ў важнасць гэтага фонду. Дыктатарскія рэжымы не гатовыя да прагрэсу і прыняцця еўрапейскіх каштоўнасцяў, таму я спадзяюся, што наша арганізацыя дапаможа дамагчыся гэтага і стане натхняльнікам пераменаў».

Еўрапейскі фонд падтрымкі дэмакратыі будзе прадастаўляць дапамогу журналістам, блогерам, незарэгістраваным НДА, а таксама палітычным рухам, у тым ліку тым, якія знаходзяцца ў выгнанні. Фонд арыентаваны на падтрымку дэмакратычных рухаў у Беларусі, Алжыры, Арменіі, Азербайджане, Егіпце, Грузіі, Іарданіі, Ліване, Лівіі, Марока, Малдове, Сірыі, Украіне, а таксама ў Палестыне.

«Калі гаварыць пра Беларусь, то відавочна, што Беларусь належыць да бясспрэчных прыярытэтаў нашага фонду. Фонд і праз мяне, і праз Польшчу будзе пазітыўна зараджаны Беларуссю», - заяўляў раней выканаўчы дырэктар Еўрапейскага фонду ў падтрымку дэмакратыі Ежы Памяноўскі.

Паводле charter97.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: